Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Новая выстава ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры прымеркавана да 125-х угодкаў Максіма Гарэцкага і 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны

Вялікі талент з Малой Багацькаўкі

Выстава “Ахвярую сваім я...” — пра пісьменніка-класіка Максіма Гарэцкага(18.02.1893—18.02. 1938), які быў удзельнікам Першай сусветнай вайны. Сялянскі сын, ураджэнец вёскі Малая Багацькаўка (цяпер Мсціслаўскі раён) вядомы як мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы. Буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст. Ён жа — змагар за нацыянальнае адраджэнне, педагог, арганізатар літаратурнага руху. І лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці. Здавалася б, такая дзейнасць адоранага чалавека — гонар для любой нацыі. Аднак, на жаль, молах сталінскіх рэпрэсій адабраў жыццё ў патрыёта, да таго ж надоўга паставіў на творчую спадчыну Максіма Гарэцкага кляймо нацдэмаўшчыны. Цяпер ягоныя творы вярнуліся ў шырокі ўжытак. У тым немалая заслуга й пляменніка рэпрэсаванага пісьменніка: акадэміка Радзіма Гаўрылавіча Гарэцкага.

На ўрачыстым адкрыцці выставы, дзе сабраліся даследчыкі, прыхільнікі творчасці юбіляра, пісьменнікі, гаварылі: Максім Гарэцкі — гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які зрабіў велізарны ўнёсак у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў. Як вядома, ён — аўтар першай “Гісторыі беларускае літаратуры”, “Хрэстаматыі беларускае літаратуры. ХІ век — 1905 г.”. Напісаў эпапею “Камароўская хроніка”, раман “Віленскія камунары”, аповесці “Дзве душы”, “Ціхая плынь”, ваенныя запіскі “На імпэрыялістычнай вайне” ды іншыя творы. У 1928-м выйшаў зборнік “Народныя песні з мелодыямі”, падрыхтаваны Максімам Гарэцкім у суаўтарстве з кампазітарам Аляксеем Ягоравым: там змешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці.

Голас Радзімы № 11 (3563), чацвер, 22 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter