Тэлеканал “Беларусь 3” прапануе гледачам правесці 15 гадзін у свеце тэатра оперы і балета

Вялікі сезон Вялікага

Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета 25 мая спаўняецца 85 гадоў. У гэты дзень з 8 раніцы і да позняга вечара ў беспрэцэдэнтным 15-гадзінным тэматычным эфіры «Беларусь 3» — гісторыя і сучаснасць нашых оперы і балета, лепшыя фондавыя запісы Белтэлерадыёкампаніі, знакавыя пастаноўкі, гучныя прэм’еры і яркія імёны.

Раніцай у 08.30 адбудзецца святочная прэм’ера дакументальнага фільма «85-ы сезон», прысвечанага Вялікаму тэатру. Для зручнасці гледачоў яго паўтораць вечарам у 19.20.

Вялікі тэатр запрашае 25 мая на дзень адчыненых дзвярэй

Адразу пасля фільма ў 09.20 пакажуць оперу Мікалая Рымскага-Корсакава «Царская нявеста». Менавіта з ёй у 1933 годзе, разам з «Кармэн» Жоржа Бізэ, «Яўгенам Анегіным» і «Пікавай дамай» Пятра Чайкоўскага, Вялікі тэатр адправіўся ў вялікае плаванне. Прэм’ера пастаноўкі, якую ўбачаць тэлегледачы, адбылася ў 2015 годзе, яна стала лаўрэатам IV Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Дарэчы, сёння ў рэпертуары Вялікага больш як 70 спектакляў, адзначаных дзяржаўнымі і міжнароднымі ўзнагародамі.

Яшчэ адну знакавую паста­ноўку — нацыянальны балет паводле п’есы Аляксея Дуда­ра­ва «Вітаўт» — пакажуць у 17.25. Тэлегледачы акунуцца ў чароўную атмасферу стара­жыт­ных славянскіх летапісаў, персанажы якіх — стрыечныя браты князі Вітаўт і Ягайла — пазмагаюцца за ўладу на бела­рускіх землях і каханне прыгажуні Ганны.

Шэраг цікавых пер­сон прад­ставіць у святоч­ны дзень пра­грама «Ка­мер­тон». Тэле­гле­да­чоў чакаюць сустрэчы з вяд­учай салісткай опернай трупы Вялі­кага Аксанай Волкавай, вы­дат­ным харэографам і балет­май­страм Валянцінам Елі­зар’е­вым, пакажуць і адну з яго работ — балет Арама Хачатурана «Спартак» (1999 год). Гасцямі праграмы стануць таксама галоўны хормайстар Вяліка­га тэатра Ніна Ламановіч, са­лістка оперы народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна, знакамітыя балетныя танцоўшчыкі Віктар Саркісян і Вольга Лапо.

Сцэна з балета «Вітаўт»

Дзённы эфір упрыгожыць «Радзівілаўскі баль», яго пакажуць у 15.05. А вячэрні — урачысты канцэрт, які Вялікі дасць на сваёй сцэне напярэдадні святочнай даты. Спецыяльна да юбілею тэатра здымачная група канала падрыхтуе яго тэлеверсію. Паказ пачнецца ў 21.05.

Дарэчы

25 мая Вялікі тэатр расчыніць свае дзверы для ўсіх, хто пакуль яшчэ нічога не ведае пра яго закуліссе. Распрацавана некалькі цікавых маршрутаў. Супрацоўнікі правядуць экскурсіі па фае і глядзельнай зале, майстры бутафорыі і грымёры прадэманструюць сваё майстэрства і падзеляцца тонкасцямі стварэння рэквізіту і сцэнічнага грыму.

Традыцыя святкаваць дзень нараджэння тэатра разам з гледачамі пачалася ў 2015-м. Штогод 25 мая галоўную акадэмічную сцэну краіны «ў адкрытым фармаце» наведваюць некалькі тысяч гасцей.

Ірына ЮР’ЕВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter