“Вялікі камень” — гучная назва!

За 25 кіламетраў ад сталіцы Беларусі Мінска будуецца горад, у якога пакуль няма назвы
 У апошні раз новыя гарады, як гаворыцца з нуля, у чыстым полі, у краіне ўзнікалі шмат дзесяцігоддзяў назад, у часы СССР. Так, з розніцай у два месяцы, у 1958 годзе з’явіліся адразу два. 7 чэрвеня разбілі першыя палаткі будаўнікі буйнога нафтаперапрацоўчага завода, каля якога быў пабудаваны Наваполацк. А 10 жніў­ня быў урачыста закладзены першы сімвалічны камень Салігорска, пабудаванага пасля адкрыцця буйнейшых пакладаў калійных соляў. Тыя будоўлі называлі ўсенароднымі: на іх з’язджаліся спецыялісты з усяго Саюза.


Макет будучага тэхнапарка. Фота: Віталій Піваварчык

Амаль праз 60 гадоў прадпрыемствы паспяхова працуюць на эканоміку незалежнай Беларусі. “Нафтан” вырабляе і экспартуе ў многія краіны нафтапрадукты, “Беларуськалій” — угнаенні. Дарэчы, адзін з буйнейшых за ўсю яго гісторыю кантракт заключаны... з Кітаем, куды сёлета кампанія паставіць 1,6 мільёна тон угнаенняў. Працвітаюць і развіваюцца Наваполацк і Салігорск, застаючыся аднымі з найбольш камфортных у краіне месцаў для жыцця гараджан.

Горад, пра які мы раскажам, вылучаецца тым, што будуюць яго галоўным чынам прадстаўнікі двух народаў, беларускага і кітайскага. Пра гэта напэўна здагадваюцца вадзіцелі машын, якія едуць па міжнароднай магістралі М-1, што вядзе са сталіцы Расіі Масквы праз Беларусь у Еўропу. Дарожныя паказальнікі “Індустрыяльны парк “Вялікі камень”, выпісаныя — у цэнтры Еўропы! — іерогліфамі і на рускай мове, непазбежна прыцягваюць увагу. Іх бачаць і авіяпасажыры: магістраль М-2, якая вядзе са сталіцы да Нацыянальнага аэрапорта, таксама мае шмат такіх паказальнікаў.


Аляксандр Лукашэнка: Пры стварэнні гэтага прамысловага кластара важна не дапусціць стварэння нейкіх раздзяляльных бар’ераў. Мы гэта ўлічвалі першапачаткова. Наш праект адкрыты для ўсіх і не накіраваны супраць каго б там ні было... Веліч гэтага праекта — у вялікай ідэі аб’яднання (эканамічнага, гандлёвага), а следам за гэтым абавязкова прыйдзе аб’яднанне культур і людзей



А на цэнтральным праспекце будучага горада кідаецца ў вочы вялікая колькасць сцягоў дзвюх дзяржаў на асвятляльных мачтах. Пад імі — найменні вядомых кітайскіх брэндаў, якія ўжо “пасяліліся” ў горадзе — у якасці рэзідэнтаў індустрыяльнага парка: Chaina Marchants Grup, Huawei,  ZTE, Zoomlion, CAMC,  Sinomach... Развяваючыся на ветры нават у звычайныя працоўныя дні, гэтыя сцягі ствараюць на дзіва прыўзняты, амаль святочны настрой. Здаецца, што людзі працуюць тут не толькі дзеля хлеба надзённага, дзеля  рубля ці юаня, што імі кіруюць і больш высокія матывы. Гэта выклікае надзею, што горад чакае гэтакі ж шчаслівы лёс, як у Наваполацка і Салігорска.

У гэтым пераконвае і кароткая, але дынамічная храналогія...

Сакавік 2010 года. Падчас візіту ў Беларусь намесніка старшыні КНР, цяпер Кіраўніка дзяржавы Сі Цзыньпіна, упершыню заяўлена аб праекце кітайска-беларускага тэхнапарка.

Кастрычнік 2010 года. Падчас візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў КНР паміж Міністэрствам эканомікі Беларусі і Кітайскай карпарацыяй інжынірынгу САМС падпісана пагадненне аб стварэнні парка.

Студзень 2012 года. Беларусь і Кітай ратыфікавалі міжурадавае пагадненне аб сумесным праекце.

Чэрвень 2012 года. Указ Прэзідэнта Беларусі “Аб Кітайска-беларускім індустрыяльным парку” вызначыў спецыяльны прававы рэжым эканамічнай тэрыторыі.

Жнівень 2012 года. Заснавана сумесная кампанія па развіцці парка, у якой кітайскім партнёрам належыць 60 працэнтаў акцый, беларускім — 40 працэнтаў.

19 чэрвеня 2014 года. Ва ўрачыстай цырымоніі закладкі першага каменя індустрыяльнага парку прынялі ўдзел больш за 50 топ-менеджараў вядучых сусветных кампаній з Кітая, сярод якіх Sinomach, CAMC, Lenоvо Group Limited, GreatWall, Huawei, ZTE...

12 мая 2015 года. Падчас дзяржаўнага візіту ў Беларусь Старшыня КНР Сі Цзыньпін наведаў пляцоўку парка разам з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Лідары краін паставілі подпісы на генеральным плане “Вялікага каменя” і ацанілі інвестпраекты першых рэзідэнтаў, якім былі ўручаны пасведчанні аб уваходжанні ў парк.

Інакш кажучы, калі весці адлік з моманту закладкі першага сімвалічнага каменя, парку і гораду крыху больш за два гады. Перш чым мы праедзем па яго вуліцах і праспектах, спытаем сябе: чаму была выбрана Беларусь? Пераканаўча адказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Цуй Цымін, выступаючы ў чэрвені 2016 года на круглым стале “Перавагі і перспектывы Беларусі ў будаўніцтве эканамічнага пояса Шаўковага шляху”. Словы дыпламата цытавала дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА: “Беларусь, з’яўляючыся важным звяном эканамічнага пояса Шаўковага шляху, на мой погляд, мае цэлы шэраг пераваг... Перш за ўсё гэта вызначаецца перавагамі палітычнага ўзаемадавер’я. За 24 гады з моманту ўсталявання дыпадносіны паміж Кітаем і Беларуссю добра і дынамічна развіваюцца. У 2013 годзе падчас візіту ў Кітай беларускага лідара Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзыньпін сумесна аб’явілі аб узняцці адносінаў на ўзровень усебаковага стратэгічнага партнёрства, што азначае выхад на новы этап развіцця...”

Пасол звярнуў увагу і на перавагі геаграфічнага становішча Беларусі: “Знаходзячыся ў геаграфічна вузлавым пункце эканамічнага пояса Шаўковага шляху ў Еўропе, Беларусь займае важнейшае стратэгічнае становішча. Тут зліваюцца выхады да вялікага рынку ЕАЭС і ЕС, да Балтыйскага і Чорнага мораў”.

Яшчэ пытанне: чаму для індустрыяльнага парка “Вялікі камень” выбраны менавіта гэты ўчастак беларускай зямлі? З аднаго боку парк прымыкае да тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта, з процілеглага — да міжнароднай аўтастрады М-1. Паралельна ёй, за некалькі кіламетраў на поўнач, пралягае і чыгуначная аўтамагістраль, што вядзе  з Масквы і еўрапейскай часткі Расіі ў Еўропу.

Кітайская будаўнічая тэхніка спачатку прыбывала сюды з літоўскага порта Клайпеда: яе дастаўлялі аўтамабільныя трэйлеры. А ў маі 2016 года 800 тон металаканструкцый для патрэбаў парку цягнік даставіў ужо непасрэдна з Кітая. Выйшаўшы з правінцыі Хэбэй, прайшоўшы праз Казахстан і Расію, ён дайшоў да пункта назначэння за 16 сутак: дастаўка па морах заняла б утрая больш часу. Цікава, што ў адваротны бок раней ужо адпраўляліся беларускія грузы, тканіна і вырабы з хрусталю — гэта падкрэсліў на цырымоніі сустрэчы цягніка прадстаўнік “Чайна Мерчантс Груп” спадар Ху Чжэн. Лёгка зразумець, што выйгрыш часу пры дастаўцы грузаў азначае скарачэнне выдаткаў і павышэнне канкурэнтаздольнасці.    

Інакш кажучы, тут, паблізу беларускай сталіцы, знаходзіцца лагістычны вузел на шляху з Кітая ў Еўропу, які ўжо сфарміраваўся, вельмі зручны, калі не аптымальны, ідэальнае месца для так званага “сухога порта”. Які ў любым выпадку прадаставіць бізнесу шырокі выбар магчымасцяў для перавозкі вырабленай тут прадукцыі ці транзітных грузаў.

Ёсць яшчэ адзін важны фактар, які звычайна не дэкларуецца: ён маецца на ўвазе. Непадалёк ад тэхнапарка знаходзіцца горад Жодзіна, дзе вырабляюць буйнейшыя ў свеце кар’ерныя самазвалы. Размешчанае тут ААТ “БелАЗ” утрымлівае трэць усяго глабальнага рынку, а грузавік мадэлі БелАЗ-75710 грузападымальнасцю 450 занесены ў кнігу рэкордаў Гінеса як “Самы вялікі кар’ерны самазвал формулы 4х4”. Нездарма непадалёк ад Жодзіна будуецца і завод СЗАТ “БелДжы” першапачатковай магутнасцю 60 тысяч машын у год, які ў канцы 2016-га павінен выпусціць першы аўтамабіль. 19 ліпеня пляцоўку наведаў прэзідэнт карпарацыі “CITIC Construction” спадар Ван Цзюн, які, як паведамлялася, застаўся задаволены ходам работ.

Але вернемся да “Вялікага каменя”. Вырашальным фактарам поспеху гэтага індустрыяльнага праекта будзе не толькі аптымальная лагістыка, але наяўнасць кадраў вышэйшай кваліфікацыі. У ранейшыя часы нашу рэспубліку называлі “зборачным цэхам” Савецкага Саюза. Таксама добра вядома, што Беларусь, стаўшы незалежнай дзяржавай, захавала, у адрозненне ад некаторых былых саюзных рэспублік, свой вытворчы ды інтэлектуальны патэнцыял: заводы і канструктарскія бюро, тэхнічныя ўніверсітэты і каледжы. Немалая частка гэтага патэнцыялу засяроджана тут, у сталіцы і бліжэйшых да яе гарадах. Таму нават вытворчасці найвышэйшага, 5-6 тэхналагічнага ўкладу, якія плануецца развіваць у індустрыяльным парку, не застануцца без інжынерных і рабочых кадраў патрэбнай кваліфікацыі.

Падсумоўваем фактары: эканамічны і палітычны, геаграфічны і лагістычны, тэхнічны і дэмаграфічны... У выніку атрымліваем праект, які ўнікальны не толькі для кітайска-беларускіх адносінаў. Так, індустрыяльныя паркі рознага маштабу і тэхнічнага профілю ўжо працуюць ці ствараюцца і ў іншых краінах: з імі давядзецца канкурыраваць. Але, як прызнаюць некаторыя эксперты, такога ж грандыёзнага па задуме і сувымернага па плошчы — 90 кв. кіламетраў дэталёва распланаванай тэрыторыі побач з аэра­портам і транс’еўрапейскімі аўта- і чыгуначнымі магістралямі — няма ні ў Расіі, ні ў Еўропе.

Ільготы ды прэферэнцыі дзеючым і будучым рэзідэнтам парка адзначым коратка: іх можна знайсці на афіцыйным сайце яго адміністрацыі. Яны вызначаюцца формулай “10+10”: вызваленне ад карпаратыўных падаткаў на 10 гадоў і паніжэнне падатковых ставак на 50 працэнтаў у наступныя 10. Ільготы распаўсюджваюцца на ўмовы найму замежных работнікаў, на кошт зямельнага ўчастку, які інвестар можа купіць ці арандаваць на 99 гадоў...


Бізнес-цэнтр з гасцініцай стане складовай часткай лагістычнага комплексу кампаніі “Чайна Мерчантс Груп”

Калі ў кагосьці ёсць сумненні ў поспеху праекта, то пакінем іх скептыкам. Дзеля справядлівасці трэба нагадаць, што ў красавіку 2016 года, звяртаючыся з традыцыйным пасланнем да беларускага народа і парламента,  Прэзідэнт Аляксандр  Лукашэнка выказаў незадаволенасць тэмпамі работ па стварэнні парка, а ў хуткім часе і звольніў кіраўніка яго адміністрацыі, тым самым павысіўшы ўзровень адказнасці за рэалізацыю праекта. Але гэта толькі падкрэслівае яго значнасць, прыярытэтнасць для краіны і ўвагу, якую надае яму вышэйшае кіраўніцтва Беларусі.

Што цяпер адбываецца на шматлікіх будпляцоўках “Вялікага каменя”? Трэба без лішняй сціпласці прызнаць, што аўтар гэтых радкоў быў першым з журналістаў, хто выявіў будучае месца закладкі сімвалічнага каменя. Тады, улетку 2014-га, гэта была невялікая забетанаваная пляцоўка на высечанай у хваёвым лесе прасецы. Яна чымсьці нагадвала ў мініяцюры стартавы комплекс ракеты, таму і назва артыкула была адпаведная — “Ключ на старт!” Сёння, працягваючы касмічную аналогію, можна сказаць: палёт нармальны. За два мінулыя гады даводзілася бываць тут не аднойчы і ўсякі раз здзіўляцца пераменам.

Трэба сказаць, што і будаўнікі рэгулярна давалі падставу для прыезду: закладка аднаго аб’екта, завяршэнне другога... Усякі раз здзіўляла ўменне кітайскіх будаўнікоў ладзіць святы — яркія, феерычныя дзействы з феерверкамі і ўрачыстымі маршамі. Але петарды і цырымоніі не заўсёды дазваляюць адчуць паўсядзённы рытм вялікай будоўлі, на якой шмат чаго адбываецца. У гэты раз прыехаў без падставы, наўгад.

Сімвалічны камень цяпер размешчаны ў цэнтры адміністрацыйнага гарадка. У ім некалькі офісаў, на дзвярах якіх названы “гаспадар” гарадка — Кітайская карпарацыя інжынірынгу “САМС”. Ззаду, за офісным будынкам — пляцоўкі для будаўнічай і аўтамабільнай тэхнікі, яшчэ далей — жылы гарадок для кітайскіх будаўнікоў: бытавыя памяшканні, сталовая і ўсё, што трэба для нармальнага побыту. Цяпер раніца, памяшканні пустыя: усе на аб’ектах.

Паспяваю ўзяць бліц-інтэрв’ю ў дзяўчыны, якая ходзіць па гарадку то з блакнотам, то з камп’ютарам.

Прадстаўляецца: Ван Сяалін, пе­ракладчык і адначасова архіварыус. Адказвае за вялікі абарот дакументаў, працуе ў офісе, дзе займаюцца яшчэ і праектаваннем. Разам з 12-ю калегамі жыве не тут, а непадалёк, у пасёлку Сокал, дзе здымае камфортнае гарадское жыллё. Ужо 6 гадоў у Беларусі, дзе ў сталічным лінгвістычным універсітэце вывучыла і мову. Пытаю: “Што падабаецца ў нас і што, можа быць, не вельмі?” Яўна спяшаючыся, Ван Сяалін аджартоўваецца: “Падабаецца лета, зіма не вельмі”...

Сёння — традыцыйнае паседжанне штаба будоўлі, якое праходзіць двойчы на тыдзень. Перыя­дычна яго праводзіць, калі таго патрабуе сітуацыя, віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін, але сёння — “радавое” паседжанне. Беларускі бок прадстаўляе генеральны дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Мінскага аблвыканкама Валянцін Ільюшонак, кітайскі — камерцыйны менеджар карпарацыі “САМС” Тань Хаа, якога тут клічуць Максім. Ён добра гаворыць па-руску: зносіны абходзяцца без перакладчыкаў.

“САМС” з’яўляецца генпадрадчыкам аб’ектаў стартавага комплексу і адказвае за пастаўку абсталявання, УКС вядзе інжынернае суправаджэнне і тэхнічны нагляд, таму Ільюшанак і Тань Хаа — галоўныя дзеючыя асобы на паседжанні штаба. Акрамя іх, прысутнічаюць прадстаўнікі шматлікіх беларускіх субпадрадных кампаній: знакамітага ў Беларусі салігорскага будтрэста N 3, “Мінсктрансбуда”, “Мінскпрамбуда”, “Белгазбуда”...

Ледзь пачаўшыся, паседжанне ненадоўга перарываецца: нечакана прыязджаюць высокапастаўленыя госці. Памочнік Прэзідэнта — галоўны інспектар па Мінску Аляксандр Якабсон і старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац просяць паказаць макет будучага горада. Тлумачэнні дае Кірыл Карацееў, першы намеснік генеральнага дырэктара СЗАТ “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка”. Цяпер у першую чаргу асвойваецца прамысловая тэрыторыя плошчай 8,5 квадратнага кіламетра. Але прыйдзе час, калі побач будзе будавацца жыллё і аб’екты сацыяльнай інфраструктуры. Высокіх гасцей цікавіць: хто, калі  і на якіх умовах будзе будаваць жылыя дамы;  на чыім балансе будуць дзіцячыя сады і паліклініка; хто будзе адказваць за ўборку вуліц?.. Пытанні датычацца бліжэйшай і аддаленай будучыні, але не пакідаюць сумненняў: улада ўжо цяпер рыхтуецца вырашаць непазбежныя жыццёвыя праблемы.

...Паседжанне працягваецца. Акрамя канкрэтна будаўнічых праблем (пастаўкі, каштарысы, тэрміны, аплата, узаемадзеянне падрадчыкаў...), абмяркоўваюць, напрыклад, абкос травы, уборку трох паваленых бяроз, утылізацыю вялікай колькасці сасновай дранкі. Гэта не дробязі. “Вялікі камень” ствараецца ў найпрыгажэйшым месцы, сярод некранутага лесу, побач — вёска, рака, вадасховішча, заказнік... Ахова прыроды — прыярытэт!


Рабочы момант на будаўніцтве станцыі ачысткі, якая будуецца значна хутчэй за нарматывы

Пасля штаба мне прапаноўваюць ацаніць стан важнейшых для прыроды і функцыянавання парка аб’ектаў.

Водазаборная станцыя 2-га пад’ёму цалкам гатовая. Шэсць артэзіянскіх свідравін і рэзервуары аб’ёмам 2,8 тысячы “кубоў” хоць заўтра забяспечаць парк чыстай вадой. Абсталяванне неаднаразова пратэставана, выпрабавана, прымаецца ў эксплуатацыю. Затое пляцоўка станцыі ачысткі сцёкавых вод здзіўляе размахам работ, вялікай колькасцю тэхнікі і будаўнікоў. Сёння з 380, хутка будзе 520. Начальнік будаўнічага ўпраўлення салігорскага будтрэста N 3 Віталь Вераскоўскі прызнае: “Ад графіка жніўня адстаём на 10 дзён. Але ў верасні нагонім!”

Важна, што будаўнікі ­ледзь-ледзь адстаюць ад свайго ж, адкарэкціраванага графіка, але істотна апярэджваюць планавы. Станцыю меркавалася здаць у сакавіку 2017 года, нарматыўны тэрмін будаўніцтва — 21 месяц. Але беларускія будаўнікі маюць намер скараціць яго ўтрая і здаць аб’ект у кастрычніку.

Такая першапачатковая задума. У парку будуць стварацца высокатэхналагічныя вытворчасці па пяці асноўных напрамках: электроніка, тонкая хімія, біяфармацэўтыка, вытворчасць новых матэрыялаў, камерцыйная лагістыка. Беларускі бок адказвае за інфраструктуру: дарогі і пад’езды, водазабеспячэнне і водаадвядзенне, газа-, тэле-, электра- і іншыя камунікацыі. Інвестару-рэзідэнту застанецца толькі ў кароткія тэрміны зарэгістравацца і прыступіць да  работы. Беларускі бок свае абавязацельствы выконвае. Горада яшчэ няма, але ўжо заасфальтаваны і асветлены шырокія вуліцы і праспекты, уздоўж якіх абазначаны аўтобусныя прыпынкі; на скрыжаваннях стаяць святлафоры і дарожныя знакі; пракладваюцца тратуары і веладарожкі; уздоўж бардзюраў стаіць мноства машын. Пакуль гэта машыны не жыхароў, а будаўнікоў.


Сі Цзыньпін:У працэсе пашырэння ініцыятывы эканамічнага пояса Шаўковага шляху будзем з беларускім бокам абменьвацца досведам развіцця і дабівацца таго, каб наша ўласнае развіццё працавала і на карысць беларускага народа. Мы вітаем удзел Беларусі, якая мае ўнікальныя геаграфічныя перавагі, у праекце эканамічнага пояса Шаўковага шляху, заахвочваем інвеставанне і адкрыццё бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь магутных кітайскіх прадпрыемстваў, як і раней па меры магчымасці будзем аказваць эканамічную падтрымку і дапамогу беларускаму боку



Кітайскія, дарэчы, нічуць не саступаюць беларускім у хуткасці і якасці работ. У доказ дастаткова прывесці кампанію “Чайна Мерчантс Груп”. Агульны плануемы аб’ём яе інвестыцый намеснік генеральнага дырэктара кітайска-беларускага СП “Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка” спадар Чжэн Мінхуэй ацаніў у 500 мільёнаў долараў. Першапачаткова кампанія ўзводзіць буйны лагістычны цэнтр, так званы “сухі порт”. Асноўная яго функцыя — пастаўка сыравіны для працуючых тут прадпрыемстваў і вываз гатовай прадукцыі. Для гэтага будуць выкарыстоўвацца ўсе віды транспарту: авія-, аўта-, чыгуначны, марскі.

Урачыстая закладка “порта” адбылася 11 снежня мінулага года, але фактычна работы пачаліся толькі ў сакавіку. Перашкодзіла экстрэмальная зіма (нездарма перакладчык і архіварыус Ван Сяалін яе не вельмі любіць!). Але нават такая пра­цяглая затрымка была кампенсавана “гіганцкім аб’ёмам работ”. Гэта пазней падкрэсліў спадар Ху Чжэн, генеральны дырэктар парка “Вялікі камень”, галоўны прадстаўнік карпарацыі “Чайна Мерчантс” у раёнах Цэнтральнай Азіі і Балтыі, старшыня камерцыйнай палаты кітайскіх прадпрыемстваў у Беларусі. Сёння вялікі аб’ект, які складаецца з бізнес-цэнтра з гасцініцай, выставачных і складскіх комплексаў ужо знаходзіць бачныя абрысы і не пакідае сумненняў: будзе гатовы ў тэрмін. А насупраць, дзе яшчэ пару месяцаў назад была пустка, ужо ўзвышаецца шматпавярховы корпус яшчэ аднаго рэзідэнта парка.

У гэты дзень на яго пляцоўках працавалі 170 кітайскіх будаўнікоў (колькасць змяняецца ў залежнасці ад гатоўнасці аб’ектаў) і каля 2 тысяч беларускіх.

…Графік кітайска-беларускіх кантактаў у розных сферах вельмі напружаны. Вось толькі некаторыя з падзей апошняга часу.

Красавік. Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра пабываў з візітам у КНР, дзе правёў перагаворы і дамовіўся аб садзейнічанні кітайскіх партнёраў у прыцягненні інвестараў у парк “Вялікі камень”.

Май. На тэрыторыі індустрыяльнага парка адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі каменя будучага навукова-даследчага цэнтра і вытворчай базы па вырабе суперкандэнсатараў для электробусаў. Праект рэалізуе ТАА “Чэнду Сіньджу Шаўковы Шлях Развіццё”.

Жнівень. Рэгіёны дзвюх краін умацоўваюць супрацоўніцтва — лейтматыў сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з дэлегацыяй Народнага ўрада правінцыі Хунань на чале з Ху Хэнхуа. Ініцыятарам супрацоўніцтва выступіла кампанія Zoomlion, якая ужо больш за год рэалізуе ў Беларусі сумесныя праекты, у прыватнасці, з МТЗ і “Гомсельмашам”.

Часопіс саступае ў аператыўнасці сеткавым СМІ і штодзённым газетам. Сёння вы, чытач, не выключана, ведаеце пра парк нават больш, чым сказана ў гэтым артыкуле. Хутка вам будуць вядомыя вынікі маючага адбыцца візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай, які, несумненна, дасць новы імпульс амбіцыйнаму праекту. З часам вы даведаецеся і пра назву будучага горада, пра якую мы спрабавалі расказаць. А можа быць, і прыдумляць нічога не трэба? Вялікі камень — гэта добра гучыць на любой мове!

Віктар Панамароў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter