Вялікі дар

Фота Максіма Вечара
У першыя дні пасля Вялікадня падчас літургіі чытаецца апісанне ўваскрэсення Хрыста. Ён выходзіць са сваёй магілы дзеля таго, каб знайсці кожнага чалавека, бо Хрыстос хоча зрабіць іх сваімі вучнямі. Мы ўсе можам стаць вучнямі Месіі.

Біблія пакінула нам мноства сведчанняў, як ворагі Хрыста не маглі паверыць у тое, што ён уваскрос. І гэта здаецца натуральным, бо фарысеі, кніжнікі і іншыя ворагі Езуса не могуць паверыць у тое, што ён зноў ажыў. Аднак нават вучні Хрыста не могуць паверыць у яго ўваскрэсенне. Менавіта таму Езус вымушаны многа разоў з’яўляцца пасля смерці, каб пераканаць іх у тым, што ён жыве. Шмат людзей памятае апостала Тамаша, Фаму, які не верыць, што Хрыстос уваскрос. Хутчэй за ўсё, вучні да самых апошніх дзён жыцця Езуса мелі ўласны вобраз Месіі. Ён быў для іх толькі зямным каралём, які павінен быў скінуць прыгнёт рымлян.

Пасля смерці Хрыста яго вучні не ведалі, што ім рабіць. Ім здавалася, што ўсё скончана. Нешта падобнае адчувае чалавек у цяжкія хвіліны свайго жыцця. Нам можа здавацца, што надыходзіць момант, калі будзе толькі горш... У такой сітуацыі мы забываемся, што Бог большы за нашыя праблемы. Толькі за Ім апошняе слова.

Калі чалавек усё хоча вырашыць сам, плануе ўсё самастойна зрабіць, то аказваецца, што ён займае месца Бога. Часта мы забываем, што Бог усемагутны. Мы не чакаем, што Бог можа невядомым для нас спосабам вырашыць нашы праблемы. Затое вельмі часта мы расчараваныя ад зносін з людзьмі: нас не зразумелі, пакрыўдзілі, асудзілі... Аказваецца, што ад людзей мы чакаем, каб яны былі для нас нібыта Бог, які не стамляецца, заўсёды першы здагадваецца, што нам трэба. Які ніколі не крыўдзіцца і гэтак далей. Аднак з цягам часу аказваецца, што іншы чалавек з яго праблемамі можа стаць для нас вялікім дарам. Калі я дапамагаю таму, хто не можа сам сабе дапамагчы, то станаўлюся больш чалавечным. Я ўсё больш станаўлюся падобным да Хрыста...

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter