Вялiкi. Беларускi. Таямнiчы...

На  свята Купалле, калi спяваюць русалкi i ценi становяцца жывымi, калi стыхii сходзяцца ў адным месцы i цвiце недасягальная папараць-кветка, роўна 125 гадоў таму нарадзiўся класiк зямлi беларускай. I назваў сябе Купалам…

Сёння  ўжо  вядома,  за  што Максiм  Горкi  прасiў  прабачэння  ў  Купалы  i  чаму  так  часта  паэт  ездзiў у  Арол

На  свята Купалле, калi спяваюць русалкi i ценi становяцца жывымi, калi стыхii сходзяцца ў адным месцы i цвiце недасягальная папараць-кветка, роўна 125 гадоў таму нарадзiўся класiк зямлi беларускай. I назваў сябе Купалам… 

Усё ў яго жыццi было незвычайным: шляхецкае паходжанне, супярэчлiвыя  пачуццi i адносiны з жанчынамi i ўладамi, трагiчная i не менш таямнiчая гiбель. Але дакладна вядома галоўнае: ён стаў беларускiм Песняром, прывёў беларускую мову i лiтаратуру ад этнаграфiчнага варыянта да класiчнага, ён верыў у свой народ i ў гэтым не памылiўся. 

Вялiкi Купала. Таямнiчы Купала. Беларускi Купала. Пра яго жыццё i сёння вядома далёка не ўсё. Даследчыкi кожны раз знаходзяць нешта новае, i кожная знаходка – асобная старонка ягонага жыцця i беларускай гiсторыi. Вучоны сакратар Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Алена Бурбоўская расказала карэспандэнту “Р” некаторыя малавядомыя факты з бiяграфii  нацыянальнага класiка. 

…1908 год. Пачынаецца супрацоўнiцтва Янкi Купалы з газетай “Наша нiва”. У той жа час Максiм Багдановiч, якому было толькi 16 гадоў, дасылае рэдактару Аляксандру Уласаву сшытак з вершамi. Уласаў, прачытаўшы творы маладога паэта Багдановiча, напiсаў на вокладцы: “У архiў”. Гэтае рашэнне проста абурыла Купалу i яго сябра Сяргея Палуяна. “Дзядзька Улас, чаму ў архiў? Гэта цудоўныя вершы!” – заступiлiся паэты. “Баюся, наш народ iх не зразумее”, – адказаў Уласаў. Але Купале ўдалося пераканаць рэдактара, што беларускi народ здольны зразумець усё. Так дзякуючы паэту малады i тады яшчэ нiкому не вядомы  Максiм Багдановiч стаў аўтарам “Нашай нiвы”...      

Дарэчы, праз год, займаючыся на падрыхтоўчых курсах у Пецярбургскiм унiверсiтэце, менавiта Купала прапануе  прафесару Шахматаву кандыдатуру для распрацоўкi  граматыкi новай беларускай мовы. Планавалася, што гэта будзе Максiм Багдановiч, але зоркi не сышлiся… Багдановiча не адпусцiў бацька. I тады Купала разумее, што зрабiць гэта здолее студэнт трэцяга курса Бранiслаў Тарашкевiч. Так беларуская мова, якая на той час знаходзiлася ў забароне амаль тры стагоддзi, атрымала новае жыццё. А граматыка Тарашкевiча ў далейшым вытрымае 7 перавыданняў. 

… Усе ведаюць купалаўскi верш “А хто там iдзе?”. Ён стаў праграмным, яго вывучаюць не толькi ў нашай краiне. Але мала хто ўяўляе сабе унiкаль­насць гэтага твора. Гэты верш напiсаны лагаэдам, калi выкарыстоўваюцца  дзве сiстэмы вершаскладання – сiлабiчная i сiла­батанiчная. Кожны радок мае свой рытм, а ў сiстэме атрымлiваецца рытм iдучага натоўпу. Да таго ж “А хто там iдзе?” напiсаны па законах старажытнагрэчаскай драмы: у форме дыялога, калi разгорнутыя пытаннi змяняюцца кароткiмi адказамi. Нездарма на гэты твор звярнуў увагу Максiм Горкi. Вядома, што ў расiйскага пiсьменнiка было ўсяго два пераклады. Адзiн з iх – верш нашага Песняра. Адсылаючы сваю работу Купале, Горкi зрабiў прыпiску: “Прашу прабачэння, што Ваша суровая песня ў маiм перакладзе атрымалася горшай”. Можа, Горкi i меў рацыю: у перакладзе заўсёды страчваецца нешта, што здолеў перадаць толькi аўтар на роднай мове. 

Але з лёгкай рукi Горкага Купалу пачалi перакладаць на iншыя мовы. Потым нават выйшла асобным выданнем кнiга, дзе верш “А хто там iдзе?” перекладзены на 82 мовы свету. Сёння гэты верш гучыць ужо  на 85 мовах. 

Самай змрочнай падзеяй пецярбургскага перыяду для Купалы стала гiбель маладога i тале­навiтага Сяргея Палуяна. Даведаўшыся пра яго самагубства, Янка Купала прысвяцiў Палуяну паэму “Курган”. Сёння арыгiнальны рукапiс паэмы знаходзiцца ў Лондане. Супра­цоўнiкi музея вылучаюць наступную версiю. У 1921 го­дзе Янка Купала мог здаць свой архiў у Нацыянальную бiблiятэку. Потым з акупiраванага Мiнска архiў быў вывезены ў Германiю. Але ж частка яго была знойдзена ў Польшчы, частка – ва Украiне i Прыбалтыцы. Многiя рукапiсы ў далейшым сталi экспанатамi музея. А паэма “Курган” знахо­дзiцца зараз у Лондане пры бiблiятэцы Францыска Скарыны. На вялiкi жаль, пакуль няма нiякай маг­чымасцi вярнуць рукапiс у Беларусь, бо ён не значыцца ў музейных каталогах. Тым не менш з Лондана даслалi копiю паэмы. 

…У гады Першай сусветнай вайны пасля закрыцця “Нашай нiвы”, калi на Купалу завялi крымiнальную справу, паэт часта наведваўся ў Арол. Да каго ён ездзiў, стала вядома толькi ў 60-х гадах мiнулага стагоддзя. З архiва Тургенеўскай бiблiятэкi ў Мiнск даслалi лiст: знойдзены фота­здымкi i аўтограф Купалы. Пляменнiца класiка Ядвiга Раманоўская паехала ў Арол, адкуль прывезла гiстарычны здымак: Купала разам з жонкай i вядомым медыкам Сямёнам Жывапiсцавым. Яшчэ напрыканцы 19-га стагоддзя Жывапiсцаў вывеў сываратку ад халеры. Ягоная лабараторыя вырабляла яе столькi, што хапала на ўсю Расiйскую iмперыю. Зразумела, што i прыбытак быў немалы. Грошы доктар укладваў у любiмага аўтара — Тургенева. А пазнаё­мiўшыся з Купалай, стаў дапамагаць i яму. Менавiта пасля Арла Купала паступае ў прыватны Маскоўскi унiверсiтэт, дзе правучыўся толькi паўгода. Пасля мабiлiзацыi на фронт Жывапiсцаў наведаў паэта ў Полацку, дзе, хутчэй за ўсё, таксама дапамог яму матэрыяльна. Дарэчы, дачцэ доктара, 19-гадовай Таццяне Жыва­пiсцавай, Купала прысвяцiў верш. 

Многа яшчэ фактаў з жыцця класiка чакаюць сваiх даследчыкаў. Але ж такi ён, лёс Песняра. Таямнiчы, невядомы, прывабны. Нездарма ж ён нарадзiўся на Купалле. Калi зацвiтае папараць-кветка, калi самым смелым адкрываюцца вялiкiя скарбы. Для нас ён сам стаў галоўным скарбам. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter