У Нацыянальным мастацкім музеі адкрываецца выстава «Час і творчасць Льва Бакста». Гэта — маштабны міжнародны арт-праект, створаны па ініцыятыве і пры фінансавай падтрымцы Белгазпрамбанка, прымеркаваны да 150-годдзя з дня нараджэння майстра.
На выставе будзе паказана звыш 200 экспанатаў. Сярод іх — жывапісныя, графічныя творы, тэатральныя работы Льва Бакста і яго сучаснікаў з прыватных, карпаратыўных і музейных збораў Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі.
Чаму трэба наведаць выставу «Час і творчасць Льва Бакста»? Прычын як мінімум чатыры.
1. Упершыню будуць паказаны карціны Льва Бакста і шэрагу мастакоў, якія ніколі ў нас не дэманстраваліся: напрыклад, Кузьма Пятроў-Водкін, Максіміліян Валошын, Канстанцін Багаеўскі. Гэта найярчэйшыя прадстаўнікі Сярэбранага века і легендарнага аб`яднання «Свет мастацтва». Сярод яго ўдзельнікаў і майстры, якія нарадзіліся на тэрыторыі нашай краіны, — Фердынанд Рушчыц, Рыгор Баброўскі, Дзмітрый Сцялецкі, Савелій Сорын, чые працы таксама можна ўбачыць.
2. Да гэтага часу ў нас выстаўляліся толькі літаграфіі, створаныя на аснове малюнкаў Напалеона Орды. Цяпер будуць прадстаўлены арыгіналы ўнікальных твораў нашага славутага суайчынніка. Гэта — 12 цудоўных акварэляў з відамі Гродна другой паловы XIX стагоддзя — такімі іх заспеў Леў Бакст.
3. Сярод экспанатаў — шэдэўральныя эскізы касцюмаў, выкананыя да балетных пастановак знакамітых «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева. Афармленне менавіта гэтых парыжскіх спектакляў прынесла Баксту сусветную славу і прызнанне.
4. Выстава прадстаўляе творы Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса. Арыгіналы гэтага аўтара экспанаваліся ў Мінску апошні раз больш за 100 гадоў таму — у 1911-м.
Даведка
На 38-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА было прынята рашэнне ўключыць 150-годдзе з дня нараджэння выдатнага мастака, сцэнографа, дэкаратара Льва Бакста ў спіс памятных дат, якія адзначаюцца з удзелам гэтай міжнароднай арганізацыі. Раней у яго ўключаліся мастакі — ураджэнцы Беларусі Напалеон Орда і Іван Хруцкі.
Дарэчы
Адзін з самых каштоўных экспанатаў на выставе — палатно Бакста «Купальшчыкі на Лідо. Венецыя» з прыватнага збору Белгазпрамбанка, набытае ў калекцыянера з Англіі.
svirko@sb.by