Поэт Станислав Володько - о целях и их достижении

Вялікая мэта Станіслава Валодзькі

Што ні верш — яркі, з глыбокім сэнсам. Што ні справа — прыгожая і грунтоўная. Латгальскі беларус Станіслаў ВАЛОДЗЬКА сваю Радзіму любіць бязмерна. Дзякуючы такім, як ён, беларуская дыяспара ў Латвіі прызнана мацнейшай у свеце. Спадар Станіслаў стаяў ля вытокаў стварэння беларускага культурна-асветніцкага таварыства «Уздым» у Даўгаўпілсе. Паэт, перакладчык, грамадскі дзеяч, аўтар шэрага ўласных і калектыўных зборнікаў, многія свае творы прысвяціў Беларусі, як на крылах, імчыць сюды пры кожнай магчымасці, з радасцю адгукаючыся на запрашэнні. Асаблівая цеплыня — да роднай Астравеччыны.



— Калі сам чалавек сапраўдны, калі ў ім моцная генетычная памяць і крынічыць любоў да свайго народа, да роднай мовы і культуры, то ніхто гэтага адчування адабраць у яго не можа, дзе б ён ні жыў, — тлумачыць сваю беларускасць Станіслаў Валодзька.

Вось і нядаўна ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя кампакт-дыска песень на яго словы «Хай шчаслівы ўсе будуць на зямлі», аўтарамі музыкі якіх з’яўляюцца кампазітары з Латвіі і Беларусі, у выкананні спевака з літоўскага Вісагінаса Сяргея Шабадалава. Атрымалася прыемная камерная імпрэза з удзелам родных, сяброў, калег па пяры. Кветкі, падарункі, цёплыя словы, нечаканыя прызнанні пра творчыя знаходкі, літаратурныя чытанні. Траецкае прадмесце было ўзрушана такой адкрытасцю.

Ад абставін залежыць, наколькі часта спадар Валодзька прыязджае ў Беларусь. Але дакладна ніводнага шансу не ўпускае, прымае ўдзел у літаратурных святах, прысвечаных нашым класікам: у Вязынцы, Акінчыцах, Ракуцёўшчыне. Часты госць на Днях беларускага пісьменства. Ладзіць творчыя вечарыны ў Мінску, Віцебску, Мядзеле, Браславе, Верхнядзвінску, Міёрах, Астраўцы…

Што да Астравеччыны, то да яе стаўленне асаблівае, бо паэт нарадзіўся ў вёсцы Падольцы гэтага краю, скончыў Жукойнінскую сярэднюю школу. Час яго сталення лёг у аснову апавяданняў «Малюнкі дзяцінства», «Пчаляр», «Школьны канфлікт»…

Хлопчык рана застаўся без бацькі і таму маме быў добрым памагатым. Старанна гаспадарыў у садку ля пчол, мужна пераносячы балючыя джалы крылатых сябровак. У той жа час ён вельмі ўдзячны старэйшым братам Францу, Фрэдэку і Івану, якія яго апякалі.

Запомнілася і вучнёўская пара, і той самы «Школьны канфлікт» у выпускным класе. Фізіку Стась вельмі любіў, нярэдка атрымоўваў па гэтым прадмеце выдатныя адзнакі, відаць, таму і дазволіў сабе аднойчы на ўроку свавольства, рэплікі з месца, з-за чаго і разгарэўся ўвесь сыр-бор. Калі праз нейкі час дырэктарка гаварыла яму балючыя, хоць і слушныя, словы, хлапчына дрыжачым ад камяка ў горле голасам сказаў: «Вы пра мяне яшчэ пачуеце». Ён меў на ўвазе сваю вялікую мэту...

«Тым часам я стаў яшчэ больш налягаць на вёслы паэзіі. Да позняй ночы, а часам і да світанку, натхнёна карпеў над чарнавікамі, раз-пораз выходзячы з хаты і ўдзячна заглядаючы ў вочы нябёсам, якія закінулі ў мяне бясцэнную, святую іскрынку…» — напіша ён пазней у сваім апавяданні.

Перш чым выбраць жаданую мэту, Станіслаў паспеў дакрануцца да яе ў сёмым класе. У перадачы беларускага радыё «Рамантыкі» быў аб’яўлены конкурс на лепшае сачыненне па тэме «Мая любімая прафесія», і Стась напісаў верш пра геолага. У настаўніцкую яго выклікала дырэктарка: «Чулі па радыё: цябе назвалі прызёрам конкурсу сачыненняў...»

— Убачыўшы, як лёгка можна праславіцца, я пачаў рассылаць вершы ў рэдакцыі, аднак адтуль адказы засмуцілі, і я пераканаўся, што слава — дым. Хоць дым гэты і не зусім развеяўся: вершы мае зрэдку з’яўляліся ў школьнай сценгазеце, да мяне сяды-тады прымяралі мянушку Паэт, — успамінае перажытае.

У шкалярстве, а ў дарослым жыцці тым больш — праслыць паэтам, каб цябе ведалі і паважалі, няпроста. Складаным быў шлях да першай кнігі, хоць добрую рэцэнзію на яе напісала Вера Вярба. Каб паскорыць выданне, па прапанове рэдактара Рыгора Барадуліна вершы Станіслава Валодзькі выйшлі ў калектыўным зборніку «Сцяжына» (1983 г.), выпушчаным у серыі «Першая кніга паэта». Пад адной вокладкай з паэтычнымі творамі Навума Гальпяровіча, Галіны Булыкі, Валерыя Маслюка. Прыязна адгукнулася на зборнік Данута Бічэль, надрукаваўшы ў «ЛіМе» рэцэнзію «У вялікі свет».

Але і гэта не стала зялёным святлом на літаратурны Парнас. Толькі праз трынаццаць гадоў, калі часопіс «Маладосць» выпусціў яго зборнік «У вачах Айчыны» (1996), Станіслаў Валодзька быў прыняты ў пісьменніцкую супольнасць. З часам колькасць кніг стала павялічвацца: «Зварот да сэрца», «Памяці гаючая трава»… Пасля нараджэння сыноў у паэта абудзілася жаданне пісаць вершы, казкі і апавяданні для дзетак. Як вынік — зборнікі «Калыханкі і пацешкі для Антошкі і Алежкі», «Бусинки», «Чудесный котик», «Сокровища», «Соцветия рифм», «Светлячок», «Кветкі для мамы». Кніжка «Калі ласка, казка!» загучала на рускай, польскай і латышскай мовах. Сёлета ж па запрашэнні беларускага выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт выступіў у калектыўным выданні для дзяцей «Беларуская вясна».

Асобны напрамак творчасці Станіслава Валодзькі — яго песні. Дакладней, вершы, да якіх кампазітары пішуць музыку. На нотным стане песняра асабліва ўсцешна. Так, песня «Беларускі дом» стала гімнам беларускага таварыства «Уздым» і Саюза беларусаў Літвы. «Браслаўскімі зарніцамі» завяршаецца штогадовы фестываль у Браславе. Песні «Ветэраны», «У Вечного огня», «Победа», «Полевая кухня» гучаць на Дзень Перамогі ў Латвіі. Песня «Ручнік» запісана ў выкананні народнага артыста Беларусі Якава Навуменкі. Прыгожа спявала мама паэта Францішка Іосіфаўна, пра што з цеплынёй ён расказвае ў сваім вершы «Пявуння».

Мая хата з краю або сядзець склаўшы рукі — дакладна не пра Валодзьку. Яго канёк — актыўная грамадская пазіцыя, нераўнадушша, працавітасць, плён. З удзячнасцю да нашых папярэднікаў ён распавядае аб сваёй грамадскай чыннасці:

— Беларуская дыяспара ў Латвіі — адна з мацнейшых, бо нам ёсць чаму павучыцца ў сваіх папярэднікаў 1920-х гадоў мінулага стагоддзя. У той час з’явіліся дзве беларускія  гімназіі — у Лудзе і Даўгаўпілсе, шматлікія беларускія школы, беларускі друк, беларускі народны тэатр, асветнікі, паэты і мастакі. У пачатку 1990-х мы займелі магчымасць стварыць беларускую суполку ў Даўгаўпілсе, назвалі яе шматзначна — «Уздым». З дапамогай першага генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе Анатоля Жалтоўскага набылі памяшканне ў будынку былога дзіцячага садка, стварылі беларускую нядзельную школку, вакальны гурт «Купалінка». З цеплынёй успамінаецца наш удзел у з’ездзе беларусаў бліжняга замежжа, а затым у Першым з’ездзе беларусаў свету. Наступны крок — стварэнне Цэнтра беларускай культуры. Шчыра працуем, каб тут набіраў моц наш беларускі рух.

Наша краіна адзначыла свайго сына медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры, Ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў… У якасці ганаровага госця Станіслаў Валодзька ўдзельнічае ў пісьменніцкіх з’ездах і іншых важных мерапрыемствах. Землякі ўдзячны яму за папулярызацыю беларускай культуры за мяжой.

Дарэчы, як паэт там апынуўся? Са школьных гадоў ён ведаў, што будзе чыгуначнікам, як і старэйшы брат Іван. Пасля службы ў арміі працаваў механікам пуцявой машыны ў Літве, займаўся літаратурай і завочна вучыўся на філфаку БДУ. Перавёўся ў чыгуначную арганізацыю ў Латвіі, дзе і застаўся пасля распаду СССР.

Можа, аддаленасць ад родных пенатаў, настальгія яшчэ больш падштурхоўваюць пісьменніка да руплівай працы, якая квітнее валошкамі ў жыце. Бо нашто каласы, калі няма васількоў — так нас вучыў Максім Багдановіч.

Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ».

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter