Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пенсіянера Віктара Башуру са Случчыны можна лічыць найбагацейшым чалавекам

Вялікае дрэва жыцця

Што ёсць шчасце? Што ёсць багацце? У Велікодную пару на такія пытанні можна знайсці шматзначныя адказы. Згадаць і пра Біблію, старажытныя часы, калі Усявышні даваў шмат дзяцей ды ўнукаў тым людзям, што жылі ў ладзе-згодзе з Ім. Зрэшты, не толькі ў даўніне тое здаралася. Нядаўна я даведалася пра вельмі багатага вяскоўца са Случчыны, у якого, аднак, няма шыкоўнай вілы, дарагіх аўто і нават вялікага рахунка ў банку. Багацце Віктара Башуры — у ягонай сям’і, дзецях ды ўнуках. Калі пішуцца гэтыя нататкі, то ўнукаў у яго ўжо 68, і яшчэ двое, кажа, у дарозе. І галоўнае, што нараджэнне кожнага ўнука ў вялікай і дружнай сям’і сустракаюць з радасцю: як міласць, падарунак Усявышняга.

Родныя людзі з роду Віктара і Галіны Башураў

Ва ўсе часы ў беларусаў лічылася: хто мае вялікую сям’ю, моцны род — той правільным шляхам ідзе па жыцці. Дарэчы, а ці ведаеце вы, што і ў бацькоў Кастуся Міцкевіча, які праславіў свой вялікі род пад творчым псеўданімам Якуб Колас, нарадзілася 13 дзяцей? Цяпер змяніліся жыццёвыя арыенціры, прыярытэты ў грамадстве, і ўжо сям’я, у якой выхоўваецца трое дзяцей, лічыцца шматдзетнай. А для кагосьці трое — зусім няшмат. Вось і ў сям’і Віктара і Галіны Башураў з вёскі Гуляева, што пад Слуцкам, дзяцей васьмёра. А далей — будзем лічыць, бо цікавая арыфметыка: у кожнага з іх ёсць ад 7 да 11 сваіх дзяцей. Калі сабраць грамаду разам, то атрымаецца пад 90 чалавек! Адны лічаць такі разгалінаваны род Башураў з’явай унікальнай і радуюцца яго красаванню-працвітанню. Аднак знаходзяцца й скептыкі — сумняваюцца, што можна ўсіх дзетак у такіх умовах добра выхаваць, паставіць на ногі.

А вы на чыім баку, шаноўныя чытачы? Зрэшты, не будзем адрывацца ад рэальнасці — бо практыка, як кажуць філосафы, ёсць найлепшы крытэрый ісціны. Вось і я мела магчымасць пераканацца, што людзі з роду Башураў — высокамаральныя, працавітыя. Сярод іх ніколі не было п’яніц, гультаёў ды іншых, як кажуць, асацыяльных элементаў. Усе дзеці Віктара і Галіны Башураў атрымалі добрую адукацыю, стварылі моцныя шматдзетныя шчаслівыя сем’і. Да таго ж усе яны вельмі ўдзячныя бацькам за сваё шчаслівае дзяцінства. Эх, такому можна толькі пазайзросціць! Бо часам жа бывае, што й адзіны сынок ці дачушка, вырасшы, выстаўляе “маральны рахунак” бацькам: маўляў, ласкі-пяшчоты, цацак-ласункаў ім у дзяцінстве не дадалі, то й добрага слова ў свой адрас не заслугоўваюць...

Вёска Гуляева, што пад Слуцкам, раней была вялікаю, а сёння там засталося некалькі хатаў, ды й тыя ажываюць хіба ў цёплую пару, бо выкарыстоўваюцца як лецішчы. “Калі да нас прыязджаюць унукі ў госці, то ў хаце нашай народу больш, чым ва ўсёй вёсцы”, — жартуе Віктар Іванавіч. Маё пытанне, а чым жа вы іх корміце, здалося патрыярху вялікай сям’і дзіўным, адказвае з развагай: “Дык мы ж на зямлі жывём! А яна заўсёды людзей карміла, корміць і карміць будзе. Галоўнае — не ленавацца, працаваць”.

Віктар і Галіна Башуры

Вось і працуюць Башуры, нягледзячы на свой салідны ўзрост. Трымаюць на падвор’і кароў, авечак, курэй, гусей. Ёсць у гаспадарцы й конь, а таксама тры гектары зямлі. Дзеці-ўнукі, вядома ж, па такой гаспадарцы дапамагаюць, хоць даўно жывуць у Мінску, Слуцку, Салігорску.

Прыязджаюць да іх кожнае лета, дый так “заглядваюць”, не забываюць бацькоў. “Раней у вёсках мець вялікае сямейства лічылася нормай, — дзеліцца жыцёвым досведам суразмоўца. — У маіх бацькоў, напрыклад, было сямёра дзяцей. У мяне — васьмёра, і ўсе вельмі ўдалыя. Стварылі яны свае сем’і, узялі з нас прыклад, а некаторыя ўжо па колькасці дзяцей нас абагналі”.

Са сваёй будучай жонкай Галінай Віктар Іванавіч пазнаёміўся ў Магілёве. Неяк, расказвае, паехаў туды ў госці, а Галя там вучылася: “Пазнаёміліся. Стварылі сям’ю. Потым Галя дзяцей гадавала, па гаспадарцы завіхалася — і я таксама не ленаваўся, працаваў”. Вядома ж, працаваць трэба было шмат, бо сям’я ж вялікая. Асвоіў ён майстэрства муляра, клаў людзям файныя печы — і праславіўся майстар далёка за межамі Случчыны. Дарэчы, пра Віктара Башуру менавіта як добрага майстра камінаў ды вельмі багатага на ўнукаў дзядулю я ўпершыню й пачула ў Бабруйску, а гэта 150 км ад Слуцка.

Пашанцавала Віктару Іванавічу не толькі з жонкай, дзецьмі, але і з унукамі. Так, за апошнія 18 гадоў іх нарадзілася ў яго 68, і яшчэ чакаюць прыбытку. І ўсе вельмі любімыя. Імёны ў дзетак розныя, праўда, ёсць і паўтарэнні: дзве Веранікі, дзве Сняжаны, столькі ж Максімаў і Ягораў, а яшчэ і Рычард, Мішэль, Заміра... Усіх, запэўнівае дзядуля, ён памятае па імёнах, ведае іх дні нараджэння, а яны ў вялікім родзе — асобная тэма. Уявіце сабе: колькі падарункаў трэба! І дораць іх бабуля з дзядулем — каб нікога не пакрыўдзіць, вылучаюць пэўную суму. Ды і ўнукі таксама іх не забываюць. Гасцююць кожнае лета, але — па чарзе, каб не ўсе адразу. “Хата вялікая, можа даць прытулак усім, ды й накарміць — не складана. А вось прыгледзець нам за ўсімі няпроста: бо ўжо ж надта шустрыя!” — нібы апраўдваецца Віктар Іванавіч. А на ягоны юбілей (у лютым дзядулю споўнілася 75!) амаль усё сямейства з’ехалася ў Гуляева “пагуляць”. Свята было на славу: дзеці, унукі ды музычныя падарункі на розныя густы.

Дарэчы, пра музыку: вельмі музычнымі атрымліваюцца ўсе ўнукі Віктара Іванавіча! Таленты, кажа Ірына, дачка ягоная, перадаюцца ўнукам ад дзеда. Сама ж Ірына — мама-гераіня з Мінска: у яе 10 дзяцей. Расказвае з ахвотай: “Наш дзядуля добра граў на гітары, была ў нас і маленькая мандаліна. Тата не толькі спявае прыгожа, але й добра падбіраў музыку на слых. І мае сямёра старэйшых дзяцей ходзяць у музычную школу, граюць на сямі розных музінструментах. Так што з часам, пэўна, будзе сямейны аркестр. Дзеці маіх братоў і сясцёр таксама навучаюцца музыцы”.

З вялікай удзячнасцю Ірына Стромская гаворыць пра бацькоў: “Вялікі дзякуй ім за нашае вельмі добрае дзяцінства, за тыя цяпло й клопат, якія мы атрымалі ад іх. Усе мы любім прыязджаць у родную вёску, атрымліваем асалоду ад прыроды, цяпла бацькоўскае хаты. Згадваем дзяцінства: як вярталіся са школы, зімой каталіся на санках і каньках, летам бегалі ў лес па грыбы, ягады. І галоўнае: мы ніколі не адчувалі сябе ні ў чым абдзеленымі ці “ўшчэмленымі”. Нам хапала бацькоўскай любові, увагі, да таго ж матэрыяльна мы ніколі ні ў чым не мелі патрэбы. Вядома ж, гэта — заслуга бацькоў, з якіх мы бярэм прыклад”. Гаворыць Ірына ціхім, спакойным голасам. Гледзячы на яе, пераконваюся ў чарговы раз: чым больш нараджае жанчына, тым маладзей выглядае. Вядома ж, гэта калі за добрым мужам. А з ім Ірыне таксама пашанцавала: добры, спагадлівы, працавіты. Дарэчы, прызналася Ірына, ён быў адзіным дзіцем у сям’і, але не пабаяўся з любімай стварыць сваю вялікую сям’ю: “Ён жа бачыць, як шмат у гэтым добрага. Нашы дзеці робяць нас больш шчаслівымі ды багатымі. Гэта ўжо, можна сказаць, навуковы факт!”.

То можа й варта прыслухацца да развагаў-меркаванняў Ірыны, удзячнай дачкі самага багатага дзядулі, шчаслівай мамы дзесяці дзяцей.

Голас Радзімы № 15 (3567), субота, 21 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter