Вялікае неба Аляксандра Раеўскага

Лётчык-выпрабавальнік, ушанаваны высокім званнем Герой Расіі, — наш зямляк з ПаставаўПрацавітасць, ды яшчэ вынаходлівасць, уменне спраўляцца з любымі цяжкасцямі… Пэўна, можна назваць і шэраг іншых якасцяў, якія дапамагаюць нашым землякам, куды б ні закінуў іх лёс, не згубіцца, праявіць сябе найлепшым чынам. З ліку такіх самаадданых працаўнікоў, здольных у патрэбны момант сабраць волю ў кулак і разумна рызыкаваць, быў і наш суайчыннік, лётчык-выпрабавальнік Аляксандр Раеўскі. Ён нарадзіўся ў горадзе Паставы, на Віцебшчыне, 1 студзеня 1957 года. Гарадок, дарэчы, за савецкім часам меў славу “лётчыцкага” — там быў ваенны аэрадром.
Лётчык-выпрабавальнік, ушанаваны высокім званнем Герой Расіі, — наш зямляк з Паставаў
Лётчык-выпрабавальнік Аляксандр РаеўскіПрацавітасць, ды яшчэ вынаходлівасць, уменне спраўляцца з любымі цяжкасцямі… Пэўна, можна назваць і шэраг іншых якасцяў, якія дапамагаюць нашым землякам, куды б ні закінуў іх лёс, не згубіцца, праявіць сябе найлепшым чынам. З ліку такіх самаадданых працаўнікоў, здольных у патрэбны момант сабраць волю ў кулак і разумна рызыкаваць, быў і наш суайчыннік, лётчык-выпрабавальнік Аляксандр Раеўскі.
Ён нарадзіўся ў горадзе Паставы, на Віцебшчыне, 1 студзеня 1957 года. Гарадок, дарэчы, за савецкім часам меў славу “лётчыцкага” — там быў ваенны аэрадром. Вучыўся Аляксандр спачатку ў простай школе, затым стаў курсантам Мінскага сувораўскага вучылішча, якое скончыў у 1974 годзе. Неяк, згадваў ён, пад час вучобы да яго сябра Сашы Камянчука ў вучылішча прыехаў дзядзька, лётчык-знішчальнік. Пасля сустрэчы з ім абодва хлопцы ўжо ні пра што іншае не марылі: толькі неба. Ды камандзіры вучылішча накіравалі выпускніка Раеўскага ў Кіеўскае танкавае інжынернае вучылішча. Але ж сэрцу, як кажуць, не загадаеш, і ў 75-м ён з вялікімі цяжкасцямі дамогся-такі пераводу ў Чарнігаўскае вышэйшае ваеннае авіявучылішча. Вучыўся выдатна, і ўжо напрыканцы першага года вучобы курсант Раеўскі пачаў лятаць — спачатку на вучэбным самалёце, а праз пару гадоў і на МіГ-21.
Пасля вучылішча лейтэнант Раеўскі служыў у марскай авіяцыі, у адзіным тады на ўвесь Савецкі Саюз палку карабельнай авіяцыі на авіяносцах “Минск” і “ Новороссийск”. Давялося ўдзельнічаць і ў паходах, і несці баявыя дзяжурствы. Здаралася, вяртаўся дамоў толькі праз чатыры, а то і дзесяць месяцаў. Затое які вопыт! Зрабіў 234 пасадкі на палубы авіяносцаў, на самалёце Як-38 налётаў 160 гадзін. Прайшоўшы суровыя выпрабаванні, малады афіцэр пайшоў вучыцца далей, у Цэнтр падрыхтоўкі лётчыкаў-выпрабавальнікаў. Закончыўшы курсы ў 1985 годзе, служыў у Лётна-выпрабавальным цэнтры Ваенна-Паветранных Сіл імя В. Чкалава. У той час на Ваенна-Марскім флоце СССР пачаліся выпрабаванні новых палубных знішчальнікаў, якія ўзляталі з авіянясучага крэйсера “Адмирал Кузнецов”. У 1990-м да выпрабаванняў прыступіў і Раеўскі. І менавіта ён у жніўні 90-га першым з лётчыкаў здзейсніў самастойную пасадку на палубу авіяносца на самалёце Су-27К. Увогуле ж у 90–94-х Аляксандр Раеўскі зрабіў 78 пасадак на палубу крэйсера. Варта ўдакладніць: большасць такіх аперацый у сілу розных тэхнічных і кліматычных абставін былі вельмі рызыкоўнымі.
На момант распаду Саюза Аляксандр Раеўскі служыў на лётна-выпрабавальным палігоне ў Крыме, потым перавёўся з украінскай у расійскую армію, дзе атрымаў пасаду старшага лётчыка-выпрабавальніка Цэнтра імя В. Чкалава. З цягам часу стаў там і начальнікам штаба. Наш адважны зямляк праводзіў выпрабаванні рознай ваенна-паветранай тэхнікі, у тым ліку самалётаў вертыкальнага ўзлёту Як-38 і палубнай авіяцыі Су-25УТГ, Су-27К. Агульны налёт Аляксандра Раеўскага склаў больш за 2400 гадзін. Па сутнасці, гэта быў расцягнуты ў часе вялікі подзвіг. Таму за мужнасць і адвагу нашаму выдатнаму суайчынніку было прысвоена званне Героя Расійскай Федэрацыі з уручэннем медаля “Залатая Зорка”. А ў 2002 годзе ён быў удастоены высокага звання “Заслужаны лётчык-выпрабавальнік Расійскай Федэрацыі”.
Аляксандр Міхайлавіч, як расказваюць тыя, хто яго добра ведаў, вельмі любіў жыццё, сваю рызыкоўную прафесію. Захапляўся горнымі лыжамі. А пражыў вельмі мала, крыху больш за 50: 30 жніўня 2008 года ён загінуў разам з жонкай, Людмілай Апанасаўнай, у аўтакатастрофе. Яны пахаваны на Траекураўскіх могілках у Маскве.
І ў небе, і на зямлі часта ўспамінаў родныя Паставы, Сувораўскае вучылішча ў Мінску, сваіх сяброў у Беларусі. Бо менавіта тут пачыналася яго дарога ў неба. Яно, вялікае неба, было літасцівым да гэтага мужнага чалавека, а прыгожы яго палёт трагічна перапыніўся на зямлі.

Лявон Целеш
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter