Вялікія падарункі і шчасце

Барыс Батура: У свет цудаў 2013 года — здаровымі і шчаслівымі!

Вось пра што загадваюць дзеці пад Новы год

«У свет цудаў 2013 года — здаровымі і шчаслівымі!» Такое пажаданне адрасаваў дзецям старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура. Яно было занатавана на папяровай далоньцы і стала адной з галінак незвычайнага навагодняга дрэва.

Адбылося гэта ў час абласнога свята для адораных дзяцей, якое прайшло ў Палацы культуры горада Салігорска. Яно стала цэнтральнай падзеяй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» на Міншчыне. Амаль 750 хлопчыкаў і дзяўчынак са ўсяго сталічнага рэгіёна сабраліся там, каб апынуцца ў навагодняй казцы. Новы год — пара жаданняў. І дзеці з усёй сваёй шчырасцю і верай пісалі іх на папяровых далоньках, з якіх потым была складзена адмысловая елка. Яны марылі пра сучасныя камп’ютары, тэлефоны, прыгожыя сукенкі і касметыку, добрыя адзнакі, вялікія падарункі і шчасце...

«Гэта самыя таленавітыя, адораныя дзеці, якія ўжо маюць пэўныя дасягненні ў вучобе, творчасці, працы, спорце. Я думаю, калі яны і надалей будуць развіваць свой талент і адоранасць, то здолеюць дасягнуць сур’ёзных вяршынь», — выказаў упэўненасць Барыс Батура.

У час свята дзеці не толькі гулялі і весяліліся, але і змаглі навучыцца шмат чаму цікаваму. У майстэрні «Навагодні сувенір» яны ўласнаручна, з натхненнем выраблялі ўпрыгажэнні і цацкі. Спецыялісты модных арт-тэхнік «мэндзі» і «аквагрым» вучылі, як правільна зрабіць прафесійныя святочныя малюнкі на руках і тварыках. Літаральна некалькі хвілін — і звычайнае дзіця ператваралася ў чароўнага героя. Выстава-продаж навагодніх цацак, бяспройгрышная латарэя, мультфільмы і караоке... Забавам не было канца. На святочны канцэрт сабралася шмат казачных персанажаў, а таксама Дзяды Марозы і Снягуркі з усёй вобласці. Гэта яны дапамагалі старшыні аблвыканкама і іншым службовым асобам, якія прыехалі на свята, раздаваць падарункі. Іх атрымалі ўсе дзеці.

Штогод акцыя «Нашы дзеці» праводзіцца ў нашай краіне з удзелам міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў. Іх прадстаўнікі наведваюць школы-інтэрнаты, дзіцячыя дамы, іншыя спецыяльныя навучальна-выхаваўчыя ўстановы, нясуць свята маленькім хворым, сіротам, інвалідам, а таксама падтрымліваюць таленавітых і адораных дзяцей. У час гэтых навагодніх сустрэч асабіста дзецям і ва ўстановы адукацыі перадаюцца не толькі цацкі і салодкія падарункі, але і школьныя прылады, мэбля, аргтэхніка і абсталяванне, адзенне.

Усяго ў навагоднюю святочную пару акцыя ахопіць больш за 10 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак Міншчыны.

У гэтыя дні дэлегацыя сталічнай вобласці ўдзельнічае ў галоўнай падзеі акцыі — дабрачынным навагоднім свяце з удзелам Прэзідэнта нашай краіны. У яе складзе — дзеці-сіроты, дзеці, якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, навучэнцы — пераможцы алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, грамадскія актывісты. Навагодняя казка працягваецца!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter