Вялікі шанец маленькага райцэнтра

Паўднёвы гарадок дагэтуль заставаўся, бадай, адзіным на Брэстчыне райцэнтрам, які за апошнія дзесяцігоддзі не закранулі маштабныя перамены. Але падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства, якая тут зараз у самым разгары, дадасць населенаму пункту шыку, лічаць удзельнікі выязнога пасяджэння рэспубліканскага штаба па падрыхтоўцы да нацыянальнага свята, якое адбудзецца ў Ганцавічах у верасні.

Ганцавічы рыхтуюцца да Дня беларускага пісьменства і прыгажэюць на вачах.

Паўднёвы гарадок дагэтуль заставаўся, бадай, адзіным на Брэстчыне райцэнтрам, які за апошнія дзесяцігоддзі не закранулі маштабныя перамены. Але падрыхтоўка да Дня беларускага пісьменства, якая тут зараз у самым разгары, дадасць населенаму пункту шыку, лічаць удзельнікі выязнога пасяджэння рэспубліканскага штаба па падрыхтоўцы да нацыянальнага свята, якое адбудзецца ў Ганцавічах у верасні.

— Калі паўтара месяца таму я наведваў Ганцавічы, аб’ём нявыкананых работ тут быў такі вялікі, што па некаторых аб’ектах узнікалі сумненні, — гаворыць намеснік старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Анатоль Тозік. — Цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. Ганцавічы нагадваюць вялікую будаўнічую пляцоўку, дзе праца кіпіць паўсюдна. Варта заўважыць, што гэта адбываецца ў няпросты для краіны час.

Пакрысе набывае новыя абрысы гарадскі сквер. Пасля рэканструкцыі ён стане сапраўднай візітоўкай райцэнтра, гісторыя якога звязана з імёнамі многіх славутых людзей нашай Айчыны. Дастаткова сказаць, што ў вёсцы Люсіна на Ганцаўшчыне пачынаў настаўнічаць класік беларускай літаратуры Якуб Колас. На вуліцы Кастрычніцкай у райцэнтры зараз ствараецца алея пісьменнікаў, якая падчас верасеньскага свята стане адной з галоўных яго пляцовак. У гарадскім скверы з’явіцца ратонда, дзе будуць збірацца прыхільнікі айчыннай літаратуры. Другое нараджэнне перажывае і раённы краязнаўчы музей, пабудаваны ў 1933 годзе і захаваны да нашага часу не ў лепшым выглядзе. Ён павінен стаць своеасаблівай скарбніцай гісторыі, звычаяў і традыцый гэтых унікальных мясцін.

Фактычна нанава будуецца гарадскі ўнівермаг, аднаўляюцца іншыя гандлёвыя кропкі. Ганцавіцкае райспажыўтаварыства, якому належыць большасць з гэтых аб’ектаў, Анатоль Тозік паставіў у прыклад многім іншым арганізацыям, як трэба працаваць у сённяшніх рэаліях.

Для таго каб усе намечаныя аб’екты якасна і своечасова падрыхтаваліся да Дня беларускага пісьменства, у райцэнтры плануецца правесці некалькі суботнікаў.

— Падчас іх максімальна задзейнічаем мясцовае насельніцтва, работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў у добраўпарадкаванні, азеляненні вуліц, — расказаў старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Уладзімір Столяр. — Усе заробленыя сродкі накіруем дадаткова на падрыхтоўку горада да свята.

А каб тут заўсёды было ўтульна гасцям, поўным ходам вядзецца мадэрнізацыя гасцініцы. Яна разлічана на 40 месцаў і адпавядае сучасным патрабаванням.

Іншымі словамі, арганізатары свята абяцалі зрабіць усё, каб яно атрымалася цікавым і непаўторным.

Аляксандр КУРЭЦ, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter