Каля адной з хат у Гальшанах пасля навальніцы паказаліся чалавечыя косці

Вякоў мінулых рэха

Навальніца, што месяц таму грымела над Гальшанамі, прыбавіла Дзмітрыю Маль­дзісу нямала клапот. Дождж размыў гару ля яго хаты, і з зямлі паказаліся чалавечыя косці.

Схема гета на карце Гальшан.

Мы ідзём па вуліцы Горнай, дзе і жыве Дзмітрый. За дзесяць крокаў ад двароў уздоўж прасёлачнай дарогі цягнецца пясчаны насып. Падыходзім, углядаемся: паўсюль асколкі, так падалося, малой і вялікай бярцовых касцей. Побач з імі — пярэдняя частка чэрапа і некалькі рэбраў. Мне ніякавата, а Дзмітрый спакойны, кажа, прывык ужо: «Шэсць гадоў таму, калі нам далі тут домік, мужыкі на ферме казалі, што і раней непадалёк адсюль знаходзілі чалавечыя астанкі. А потым і сусед адкапаў на агаро­дзе чатыры чарапы». Мы падымаемся вышэй і бачым фрагменты лапаткі і пазваночніка. А калісьці, працягвае пужаць мяне Дзмітрый, як сышоў снег, казалі, тут знайшлі цэлы шкілет дарослага чалавека. Як быць з ім, мужыкі не ведалі, таму выкапалі глыбокую яму і перазахавалі сваю знаходку. 

Яніна КОРЗУН: «Існуе дзве версіі таго,
што гэта могуць быць за астанкі».

Дзмітрый пазірае на Галь­шанскі замак, што ўзвышаецца ўдалечыні, разважае: «Старыя кажуць, у вайну на гары былі акопы. І косці гэтыя, магчыма, астанкі савецкіх ці нямецкіх салдат. Адно ведаю дакладна: зямля тут неспакойная. Колькі жывём, а гаспадарка не вядзецца: то трусы дохнуць, то свінні не паросяцца. Добра хоць, што карова ды два парсю­кі трымаюцца».

Яшчэ адзін чалавек, які шмат гадоў звязаны з Горнай вуліцай, — Рыгор Касцюкевіч. «Даўней арэш поле, раз — у зямлі царская манета, два — французская ці яшчэ якая еўрапейская. Праз нашы мясціны некалі аж сам Напалеон ішоў», — дзед голасам падкрэслівае ўнікальнасць асобы імператара і запрашае ў хату. Сам адчыняе шафу, хоча паказаць нам што-небудзь з тых знойдзеных манет, ды марны лёс — унукі, мабыць, пацягалі. А пра чалавечыя астанкі Рыгор Рыгоравіч думае, што належаць яны ахвярам Вялікай Айчыннай: да вайны працэнтаў дзевяноста насельніцтва Гальшан складалі яўрэі, немцы ўсіх іх і расстралялі».

У мясцовай краязнаўцы, загадчыцы школьнага музея Яніны Корзан на гэты конт свае расклады. «Вось на карце схематычна паказана, дзе ў Гальшанах размяшчалася гета. Акурат паміж Ашмянскай і Барунскай вуліцамі, — даводзіць мне Яніна Іванаўна. — Горная ж знаходзіцца крыху вышэй. Акрамя таго, дакладна вядома, што некалькі соцень тутэйшых яўрэяў разам з жыхарамі Крэва, Смаргоні і Ашмян вывезлі да вёскі Талмінава, дзе і расстралялі». 

Не пацвярджае краязнаўца і версію з акопамі часоў Вялікай Айчыннай: не было тут моцных баёў. А вось Першая сусветная пакінула нямала слядоў. У 1915 годзе каля мясцовай царквы знаходзіўся нямецкі лагер. У савецкія часы, калі ў вёсцы пракладвалі водаправод, з паўднёвага боку будынка знайшлі шмат чалавечых астанкаў. Пахавалі іх на мясцовых могілках і нават таблічку ўсталявалі: «Тут ляжаць салдаты Першай сусветнай». 

«Чула, калі рамантавалі кляш­тар, таксама знайшлі чалавечыя астанкі, — працягвае экскурсію Яніна Іванаўна. — Ксёндз папрасіў двух мужчын пахаваць іх. Праўда ці не, але казалі, што пасля гэтага хлопцы хутка памерлі».

— Дык, каму ўсё ж належаць астанкі з вуліцы Горнай? — пытаю.

— У васьмідзясятыя гады мой муж падрабязна вывучаў гісторыю нашага краю. У час працы ў архівах Вільнюса знайшоў дзве цікавыя гісторыі, — адказвае субяседніца. Бярэ са стэнда кнігу і чытае: «Недалёка ад Гальшан ёсць гара, што завецца татарскай. Калісьці тут, паведамляе легенда, было пахавана шмат воінаў татарскага полчышча, якія загінулі. Пра тыя часы нават выслоўе захавалася: «Пагляджу я з гары, як б’юцца з Літвой татары». Чуў ад старажылаў, з гэтага насыпу некалі бралі гравій і знаходзілі шмат чалавечых астанкаў».

Адгрымела навальніца, і на вуліцы Горнай 
з`явіліся чалавечыя косці.

Ёсць і іншая версія. Згодна з ёй, у 1863 годзе на гэтым месцы былі пакараны смерцю паўстанцы Кастуся Каліноўскага. Калі іх пахавалі, казакі Мураўёва коньмі затапталі могілкі. Спецыяльна, каб людзі не даведалі­ся, дзе месца пахавання патрыётаў.

Другая версія, упэўнена края­знаўца, больш рэалістычная: «Усё ж такі татары прыходзілі на нашы землі вельмі даўно. З тых часоў наўрад ці штосьці магло захавацца. А ў 1863 годзе ў Ашмянскім уездзе актыўна дзейнічалі атрады паўстанцаў. Таму, хутчэй за ўсё, астанкі, знойдзеныя на гары, належаць ім».

Каб канчаткова паставіць кропку ў гэтым пытанні, мы звярнуліся ў Гальшанскі сельскі Савет. Інфармацыя пра знаходку старшыню Войцеха Коўзана не здзівіла: «Сам я прыезджы, але чуў, што ў пачатку дзевяностых астанкі на гэтым месцы ўжо трапляліся. Што да чаго, зараз дакладна сказаць не магу, будзем разбірацца». 

Тэлефаную ў сельсавет на наступны дзень. «З раніцы на гары працуе ўчастковы, судмедэксперты, прадстаўнікі ваенкамата і Следчага камітэта, — кажа Войцех Іванавіч. — Астанкі забралі для вывучэння. На гэтым месцы мы хутка паставім знак аб забароне зямельных работ.

КАМЕНТАРЫЙ СПЕЦЫЯЛІСТА

Сяргей ПІВАВАРЧЫК, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, доктар гістарычных навук, дацэнт:

— Гальшаны — месца ўнікальнае, і невядомых пахаванняў тут нямала. З адным з іх давялося сутыкнуцца нават мне. У 1999 годзе мы са студэнтамі прыехалі сюды на практыку. У гэты час тут ішлі будаўнічыя работы. Дык вось, рабочыя расказалі, што ў траншэі сярод цэнтральнай вуліцы знайшлі чалавечыя косці. Мы, як гісторыкі, распыталі ў мясцовых, хто б тут мог быць пахаваны. Высветлілася, што ў XVIII—ХIX стагоддзях на гэтам месцы стаяла драўляная царква, якая потым згарэла. А побач з ёй знаходзіліся могілкі.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katua@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter