Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вясёлыя беларускія песні гучалі на “Бульбяных вячорках” у латышскім горадзе Екабпілсе

Вячоркі з бульбаю

Сапраўднае свята бульбы прайшло ў Екабпілсе напрыканцы верасня. Ладзіла яго мясцовае Беларускае таварыства “Спатканне”, па запрашэнні якога на свяце выступіў і ансамбль беларускай народнай песні “Купалінка” Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры.

Стравы з бульбы, прыгатаваныя гаспадынямі з Екабпілса

Ехалі мы ў Екабпілс на “Бульбяныя вячоркі” з добрым настроем, і яркі сонечны суботні дзянёк таму спрыяў. Дарэчы, Свята бульбы ў нашых сяброў — традыцыйнае, і штораз усё цікавейшым становіцца. Па сутнасці, гэта свята беларускай традыцыйнай культуры. На ім ёсць прыпеўкі, народныя песні з падтанцоўкамі, невялікія сцэнічныя пастаноўкі, гульні ды конкурсы, дэгустацыя страў. Гарэзлівы, жартоўны настрой на вячорках — увесь вечар. Нават шкоднік Каларадскі Жук са сваёй сяброўкай Паршой, артыстычна сыграныя Тамарай Бухціяравай і Зінаідай Грынько, не змаглі сапсаваць яго.

Яркія музычныя нумары на суд гледачоў прапанавалі як гаспадары свята (екабпілскі беларускі ансамбль “Завіруха”), так і наша “Купалінка”, прадстаўнікі Ліванскага славянскага таварыства “Узоры”. А паэт Станіслаў Валодзька прачытаў свой верш “Ода бульбе”. Смачным “пунктам праграмы” сталі беларускія стравы з бульбы, па-майстэрску згатаваныя ўмелымі рукамі екабпілскіх гаспадынь. Дэгустацыя прайшла на ўра! А напрыканцы вячорак метадыст Даўгаўпілскага ЦБК Марыя Памецька і член праўлення Даўгаўпілскага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” Галіна Сантоцкая са словамі ўдзячнасці за цёплы і гасцінны прыём уручылі памятныя падарункі Валянціне Дарашчонак, кіраўніцы Беларускага таварыства Екабпілса “Спатканне”.

Беларусы Даўгаўпілса везлі дадому не толькі ганаровыя граматы й падарункі, але й пачуццё вялікай радасці ад цёплай і сардэчнай сустрэчы з сябрамі. Пэўна, таму ўсю дарогу з Екабпілса гучалі песні на розных мовах — у плыні выдатнага настрою.

Марыяна Дзвінская, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 39 (3543), чацвер, 12 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter