За 20 працэнтаў пропускаў — адлічэнне
Роўна год. Менавіта столькі Міхаіл Сцяньковіч у пошуках працы. Праўда, зарэгістраваўся ў службе занятасці нядаўна. Яго праблема — няма спецыяльнай адукацыі. Нядаўна ў Міхаіла ўзнікла думка: а чаму б не авалодаць нейкай прафесіяй. Разам з ім тэлефануем у аддзел працаўладкавання, каб даведацца, ці варта аўчынка вырабу. Жаночы голас кансультуе: «Перш за ўсё трэба зарэгістравацца. Потым паспрабуем знайсці вам занятак. Не атрымаецца — разгледзім варыянт з навучаннем. Потым самому трэба будзе працаўладкоўвацца. Але парадуем вас: пасля нашых курсаў да нас ужо амаль не вяртаюцца».

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА
Ужо потым Вольга Тарасюк, начальнік аддзела арганізацыі навучання грамадзян упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, растлумачыла, для каго падыдзе варыянт навучання. Ён ідэальны для выпускнікоў школ з сярэдняй адукацыяй, для тых, чыя спецыяльнасць маральна састарэла, і тых, хто працяглы час не можа знайсці працу.
Каб даведацца, як праходзіць навучанне беспрацоўных, адпраўляемся ў індустрыяльна-педагагічны каледж. Тут можна атрымаць навыкі па многіх прафесіях: электрагазазваршчык, мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, маляр, тынкоўшчык, кіроўца пагрузчыка, пячнік, цясляр-бетоншчык, рабочы па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў…
Заходжу ў аўдыторыю. Выкладчык чытае лекцыю. За партамі выключна мужчыны. Большасць з іх ва ўзросце. Міхаіл Турэцкі аджартоўваецца, што прымусіла сесці за кнігі ў 57 гадоў: «Ну не век жа ў жонкі альфонсам быць. Год стаяў у аддзеле працаўладкавання — не шанцавала. Не мог знайсці занятак. Прапанавалі атрымаць спецыяльнасць — згадзіўся».
Майстар вытворчага навучання Ірына Леванькова не без гонару паказвае майстэрні і аўдыторыі, дзе навучаюцца беспрацоўныя:
— Кожны дзень у нашых слухачоў лекцыі. Ім жа трэба будзе канкурыраваць на рынку працы. Напрыклад, каб атрымаць спецыяльнасць электрагазазваршчыка, спатрэбіцца 5 месяцаў, асвоіць навыкі маляра, тынкоўшчыка, абліцоўшчыка-плітачніка — 6 месяцаў. Прадметаў шмат: эканоміка, асновы права, экалогія, чарчэнне, інфарматыка... Пры гэтым тэорыі ў нас толькі 30 працэнтаў, астатнія 70 — практыка. Спачатку студэнты адточваюць навыкі ў майстэрнях. На базе каледжа дзейнічае рэсурсны цэнтр. Каб быць у трэндзе, адсочваем усе выставы ў сферы будаўніцтва. Таму ў цэнтры сабраны ўсе самыя новыя тэхналогіі. Потым — вытворчая практыка на прадпрыемствах. І наймальнікі многіх заўважаюць на гэтым этапе.
З наведваннем не забалуеш. Прагульвае чалавек — становіцца кандыдатам на вылет. Больш за 20 працэнтаў пропускаў — адлічэнне і неабходнасць аплаціць навучанне. А грошы гэта немаленькія: у сярэднім каля 120 рублёў у месяц. Дарэчы, так усё навучанне для беспрацоўнага бясплатнае — за яго плаціць дзяржава. Больш за тое: студэнтам нават выплачваюць стыпендыю. А тым, хто спасцігае прамудрасці прадпрымальніцкай справы, за жыццяздольныя бізнес-планы і субсідыю яшчэ выдзяляюць. Аляксей Астахаў сярод такіх шчасліўчыкаў. Ён 15 гадоў займаўся бізнесам, а потым трапіў у катэгорыю беспрацоўных. Але не ў яго правілах апускаць рукі, таму прайшоў перанавучанне. Цяпер будзе займацца экскурсійным абслугоўваннем.
Навучанне з гарантыяй
Толькі ў Мінску беспрацоўныя могуць атрымаць адукацыю па 33 прафесіях і спецыяльнасцях. Вольга Тарасюк паказвае спіс прафесій:
— Ён фарміруецца на падставе аналізу рынку працы, пажаданняў беспрацоўных. Таму ў розных населеных пунктах пазіцыі могуць адрознівацца. Нейкія спецыяльнасці знікаюць, нейкія з'яўляюцца. Напрыклад, у гэтым годзе ў Мінску сталі навучаць рэкламнай графіцы, прафесіям кантралёра-касіра, прадаўца, рабочага па комплексным рамонце будынкаў.
У Мінску запатрабавана навучанне беспрацоўных па прафесіях «адміністратар», «кухар», «слесар па рамонце аўтамабіляў», «сакратар», «інспектар аддзела кадраў», «цырульнік». Часам наймальнік сам звяртаецца ў службу занятасці з просьбай падрыхтаваць яму работнікаў з пэўным узроўнем кампетэнцый. Вольга Тарасюк прыводзіць прыклад:
— З пачатку года на навучанне з гарантыяй працаўладкавання ў філіялы ДП «Мінсктранс» залічана 30 беспрацоўных па прафесіі «кіроўца тралейбуса», 4 чалавекі — па прафесіі «кантралёр-касір», аднаго накіравалі на навучанне пад заказ ваенкамата. Цяпер фарміруецца група з 20 чалавек па просьбе «Зелянбуда» — будзем рыхтаваць дзяжурных атракцыёнаў.
Конкурс для курсаў
Аднак не заўсёды служба занятасці можа аператыўна адрэагаваць на сітуацыю на рынку працы. Ужо занадта дынамічна і непрадказальна яна можа развівацца. А як следства, ужо ўзнікае праблема: прафесія, якая сёння запатрабавана, на момант заканчэння курсаў беспрацоўнага можа ўжо такой і не з'яўляцца. Такая непаваротлівасць звязана з механізмам закупкі адукацыйных паслуг. Служба занятасці не сама ж праводзіць навучанне, а супрацоўнічае з установамі адукацыі. Такія ўстановы выбіраюцца праз правядзенне адкрытага конкурсу. Як гэта працуе? Служба занятасці размяшчае свой запыт з указаннем, колькі людзей і па якой прафесіі ім неабходна, каб установа падрыхтавала. Навучальныя ўстановы i iншыя арганізацыі вывучаюць умовы і прапануюць свае паслугі. На гэта па законе адведзены месяц. Потым усе прапановы аналізуюцца. У выніку па факце ад абвяшчэння конкурсу можа прайсці два-тры месяцы. І гэта, увага, да таго моманту, як пачнецца навучанне. А цяпер дадавайце сюды час навучання — ад 3 да 10 месяцаў. Ці гатовы наймальнік чакаць, калі на рынку працы цыркулюе вялікая колькасць людзей, якія прагнуць хоць заўтра выйсці на рабочае месца?
У беспрацоўя твар саракагадовага мужчыны
Ёсць яшчэ момант. За тры месяцы да навучання ў Мінску прыступілі 444 чалавекі. За мінулы год лічбы такія: 1441 чалавек — 5,7 працэнта ад усіх, хто звярнуўся ў службу занятасці. А якая статыстыка па краіне? У Мінпрацы і сацабароны ўдакладнілі, што ў сярэднім на перанавучанне накіроўваюць каля 6 працэнтаў ад усіх беспрацоўных. Хоць аптымальная лічба павінна быць 10. Тут у наяўнасці праблема псіхалагічнага характару: беларусы па сваёй натуры людзі досыць кансерватыўныя. Атрымалі прафесію — і нават думкі не ўзнікае навучыцца чамусьці новаму. А сёння наймальнік шукае работнікаў лёгкіх на пад'ём, гатовых вучыцца.
Але ёсць яшчэ адна прычына. Каб яе выявіць, дастаткова паглядзець на спіс спецыяльнасцей на перанавучанне. Ён у асноўным арыентаваны на мужчын. Такая накіраванасць тлумачыцца тым, што ў цяперашняга беспрацоўя твар саракагадовага мужчыны. Мужчынскія прафесіі, зразумела, патрабуюць фізічнай трываласці. Таму, перш чым накіраваць на навучанне, чалавека запросяць прайсці медагляд. Вольга Тарасюк разводзіць рукамі:
— На жаль, нават пры наяўнасці жадання беспрацоўны часта не можа пайсці вучыцца з-за праблем са здароўем. Потым ён проста не зможа працаўладкавацца па пэўнай спецыяльнасці.
Акрамя таго, шмат каго палохае час, які затрачваецца на навучанне. Вольга Тарасюк не крытыкуе асцярогі беспрацоўных:
— Навучальны курс можа заняць і месяц, і дзесяць месяцаў. І гэта пры поўным саракагадзінным тыдні. Восем гадзін у дзень трэба знаходзіцца ва ўстанове адукацыі, чытаць, запамінаць, здаваць экзамен. Не ўсе гатовыя да такога рытму.
І ўсё ж баяцца перанавучання не варта. Нездарма спецыялісты ў аддзелах працаўладкавання ўспамінаюць пры гэтым прыказку: веды за плячыма не насіць. У наймальніка сёння ёсць права выбару. На адну вакансію, бывае, і кастынг трэба прайсці. У гэтым выпадку новыя веды прыйдуцца вельмі дарэчы.
azanovich@sb.by