Недастаткова фармальна належаць да Касцёла ці Царквы

Вузкая брама

“Накіроўваючыся ў Ерусалім, Езус праходзіў праз гарады і вёскі і навучаў. І нехта сказаў Яму: Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?” Гэтае пытанне непакоіць кожнага з нас — няўжо мала людзей трапіць на неба, паколькі існуе столькі розных рэлігійных патрабаванняў, якія так цяжка захоўваць?

Адказ Езуса на пытанне аб невялікай колькасці збаўленых прасякнуты атмасферай змагання за першае месца ў раі. Хутчэй за ўсё, гэтае пытанне задаў чалавек, які належаў да яўрэйскага народа. Для яго прыналежнасць да выбранага народа і захаванне рэлігійных прадпісанняў Старога Запавету было дастатковым для збаўлення.

Аднак рэакцыя Месіі адназначная. Ён прыводзіць у прыклад чалавека, які грукае ў дзверы, але гаспадар не адчыняе яму, нягледзячы на тое, што той, хто грукае, ведае гаспадара. Такім чынам, аказваецца, што мала ведаць Святое Пісанне, тэалогію і завучыць малітвы на памяць... Ведаць Хрыста — гэта значыць жыць справядліва. Інакш кажучы, людзі, якія не ўвойдуць на Неба, названыя Месіяй як тыя, хто “чыніць несправядлівасць”.

Недастаткова толькі фармальна належаць да Касцёла/Царквы. Прыняцце хросту яшчэ нікому не гарантуе збаўленне, гэта толькі запрашэнне станавіцца бліжэй да Бога. Пра гэта сведчаць словы апошняга сабора Каталіцкага Касцёла: “Поўнасцю ўключаны ў супольнасць Касцёла тыя, хто, маючы Хрыстовага Духа, цалкам прымае прадпісанні Касцёла і ўсе ўстаноўленыя ў ім сродкі збаўлення і злучаецца ў яго бачнай структуры з Хрыстом, які кіруе Касцёлам праз Найвышэйшага Пантыфіка і біскупаў, сувязямі вызнання веры, сакрамэнтаў, касцёльнага кіраўніцтва і супольнасці. Аднак нават будучы ўключаным у Касцёл не атрымае збаўлення той, хто не трывае ў любові і застаецца ва ўлонні Касцёла “целам”, а не “сэрцам”.

Такім чынам, не будуць збаўленыя тыя, хто спадзяецца толькі на фармальную прыналежнасць да Касцёла (Царквы). “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць” — крочыць дарогай да Неба можа толькі той, хто ставіць патрабаванні самому сабе. Каб збавіцца, неабходна прыкладаць асабістыя намаганні, парваць з грахом, жыць верай і любоўю. Калі я хачу ўвайсці на Неба праз вузкую браму, то я запрошаны адкінуць усё, што мне перашкаджае будаваць адносіны з Богам.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter