Драўляныя конікі, незвычайныя кветнікі, кампазіцыя з крэслаў: карэспандэнт «Р» адкрыла для сябе новы від экскурсій — прагулкі па жылым сектары райцэнтра

Вуліца ў дзіўны свет

Сёлета многія людзі з вялікай ахвотай стараюцца зрабіць свой горад, райцэнтр ці маленькую вёсачку яшчэ больш прыгожымі. Асаблівая атмасфера ў Год малой радзімы пануе і ў Докшыцах: жыхары горада ўдзельнічаюць у конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне двароў, прыватных падворкаў і шматпавярховых дамоў. Карэспандэнт «Рэспублікі» прагулялася па вулачках райцэнтра і атрымала асалоду ад вынікаў народнай творчасці.

У парку навялі парадак: працавалі ўсім горадам.
Калі еду ў рэгіён, заўсёды гадаю: што там можна паглядзець? Славутасці з даведнікаў атрымліваецца абысці за адзін дзень. Мясцовыя краявіды? З гэтым таксама лёгка можна справіцца, калі падарожнічаеш на аўто. Але нядаўна адкрыла для сябе новы від экскурсій — прагулкі па жылым сектары. Была прыемна здзіўленая: там таксама ёсць на што паглядзець!

…Зварочваю з цэнтральнай вуліцы і накіроўваюся ў прыватны сектар Докшыц. Бачна, што гаспадары падворкаў творча падышлі да справы ўпрыгожвання тэрыторыі вакол сваіх уладанняў. Вось старэнькі драўляны дом з сучаснай цаглянай прыбудовай. Здавалася б, усё традыцыйна: вінаграднік, альтанка, лавачка. Але прыгажосці дадае яшчэ адзін штрых: яркая кампазіцыя ля ганка дома. Там размясціліся тры драўляныя конікі, якія нібыта прыйшлі на вадапой. У якасці вадаёма выкарысталі звычайны тазік, які пасля творчага падыходу не пазнаць.

Далей увагу прыкоўвае кампазіцыя з сімпатычнымі дэльфінамі, якія лунаюць над блакітнымі хвалямі. Праходжу ўглыб вуліцы і заўважаю яркі кветнік, галоўны герой якога — звычайны веласіпед. Толькі ён акуратна пафарбаваны, дэкараваны чырвонымі кошыкамі з петуніямі. Прыгажосць, ды і толькі!

Раблю яшчэ некалькі крокаў, і погляд падае на шыкоўных лебедзяў, якія плывуць па сінім возеры. 

Крэатывяць і жыхары шматкватэрных дамоў. Каля белых цагляных будынкаў — прасторныя альтанкі, клумбы з шырокіх трактарных шын і кампазіцыя з... крэслаў. На мэблі самотна ляжыць прыгожы жаночы капялюшык з шалем, што развяваецца на ветры. Побач — раскрыты вялікі чырвоны парасон. Ствараецца ўражанне, што тут была Мэры Попінс: карцінка адразу пераносіць у казачнае дзяцінства.

— Ці падабаецца наш двор? — маю цікавасць заўважае мясцовы жыхар.

З радасцю праводзіць міні-экскурсію. І дадае: стараліся стварыць камфорт усім домам — такі двор не сорамна гасцям паказаць. 

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Юр’еўна Рандарэвіч растлумачыла «Р», чаму за апошні час горад так змяніўся:

Папрыгажэла тэрыторыя вакол мясцовага возера.
— Шмат хто з жыхароў самі разбіваюць кветнікі, упрыгожваюць двары. Раней іх мы заўсёды ставілі ў прыклад тым, хто толькі скардзіўся на недагледжаныя тэрыторыі і нічога не рабіў. Але да навядзення парадку і камфорту ўжо ўвесь горад падключыўся: конкурс падштурхнуў. У папярэднія гады ўдзельнічалі толькі прыватныя падворкі, зараз падключыліся і жыхары шматпавярховак. За перамогу ў намінацыях атрымліваюць нядрэнныя грашовыя прызы: 10, 8, 6 тысяч рублёў. На гэтыя сумы купляюць арэлі, альтанкі, элементы дзіцячых гульнявых пляцовак. Жыхары ўжо прапаноўваюць арганізаваць конкурс на лепшы пад’езд, нам ідэя вельмі падабаецца.

Дарэчы, ідэю добраўпарадкавання падтрымалі і мясцовыя арганізацыі: за свой кошт устанавілі цікавыя скульптуры, малыя архітэктурныя формы, высадзілі кветкі. Акрамя добраўпарадкаваных вуліц, заўважаю ў Докшыцах і іншыя змены. Папрыгажэла тэрыторыя вакол мясцовага возера — вытоку ракі Бярэзіны. Цяпер на тэрыторыі ў два гектары — парк адпачынку «Заазёрны». Алена Паляніна, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Докшыцкага райвыканкама, робіць невялікі экскурс:

— Вадаём прыдатны для купання, таму папулярны ў мясцовых жыхароў. Пашырылі і добраўпарадкавалі пляж, вычысцілі дно возера. У парку навялі парадак. Глядзіце: пабудавалі летняе кафэ, альтанкі, выклалі пліткай дарожкі. Працавалі ўсе разам: свой уклад уносілі і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі раёна. Плюс выкарыстоўвалі грошы з раённага суботніка.

Галоўнае ўкладанне — «вераўчаны гарадок», на які патрацілі больш як 50 тысяч рублёў. Заняцца экстрэмальным адпачынкам там могуць і дзеці, і дарослыя — паветраныя «трасы» ёсць з розным узроўнем складанасці. Дарэчы, праектаваннем і ўстаноўкай аб’екта займаўся мінскі прадпрымальнік Віталь Модаль, для якога Докшыцы — любімы горад і малая радзіма.

Прагульваешся па такім райцэнтры і думаеш: каб горад прыгажэў, не трэба вялікіх грошай: шмат што залежыць ад ініцыятывы яго жыхароў. На шчасце, неабыякавых і творчых людзей у нас хапае.

popko@sb.by

Фото автора.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter