“Вулей” для гасцей

Як пасёлак Ула заявіў пра сябе ў глабальным вымярэнні праз прыватную ініцыятывуВялікія і значныя справы заўсёды пачыналіся з малых ініцыятыў. Энтузіязм сёння, можна сказаць, на вагу золата. Бо менавіта Яе вялікасць ініцыятыва мусіць адкрыць той самы невычэрпны патэнцыял, з якога бярэ пачатак наша будучыня.У мінулым годзе “НГ” (нумар за 1 жніўня) расказала пра тое, як у пасёлку Ула Бешанковіцкага раёна вырашылі стварыць вучэбна-практычны цэнтр па экатурызму. Артыкул называўся “Как превратить Уллу в гостевой “улей”. І вось наш уласны карэспандэнт патрапіў на афіцыйнае адкрыццё гэтага цэнтра, з якім мясцовыя жыхары звязваюць і будучы лёс сваёй глыбінкі. Падзея, можна сказаць, неардынарная — у час, калі на фоне сусветнага фінансавага крызісу многія фірмы і прадпрыемствы ў 2009 годзе адмовіліся ад новабудоўляў, тут, у вельмі небагатым на гэтыя самыя фінансы куточку, адбудавалі сядзібу з усімі камунальна-бытавымі зручнасцямі. Вось яна, сапраўдная ўльская гасціннасць — аграэкатурызм па еўрапейскіх стандартах.

Сучасная Ула — вялікая вёска са сваёй адметнасцю: ёсць тут дзяржаўны прафесійны сельскагаспадарчы ліцэй, дзе вучацца амаль 400 навучэнцаў, у тым ліку 128 падлеткаў з асаблівасцямі развіцця. Дырэктар ліцэя Аляксандр Пашкевіч часам любіць пажартаваць наконт уласных службовых абавязкаў, бо ў адной асобе ён адначасова і старшыня калгаснай вытворчасці (плошчы пад збожжавыя зноў пашырылі), і кіраўнік адукацыйна-выхаваўчай установы, дзе інтэрнаты патрабуюць тэрміновага рамонту.
У даўнейшыя часы Ула была буйным населеным пунктам паміж Полацкам і Віцебскам. На паўвостраве, утвораным рэкамі Дзвіной і Улай, у ХVІ стагоддзі стаяла крэпасць. Зараз на гэтым месцы ўзвышаюцца муры касцёла з дзіўнай акустыкай.
— Пра нашу багатую гісторыю нагадваюць ульскія культавыя будынкі ды летапісныя хронікі, — сведчыць старшыня Ульскага сельсавета Галіна Усцюгова. — Сёння ў пасёлку, акрамя ліцэя, вытворчай базы не існуе, гэтым тлумачыцца і сціпласць мясцовага бюджэту.
А гэта значыць, заасфальтаваць вуліцу — праблема, разабраць стары пустуючы будынак — зноў няма сродкаў. Вось і вырашыла мясцовая настаўніца Таццяна Смаляк паспрабаваць зарабіць капітал праз удзел у конкурсе прапаноў па вывучэнню біялагічнай разнастайнасці басейна ракі Ула па праграме малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонда (ГЭФ). Разам са сваімі вучнямі Таццяна Уладзіміраўна адправілася ў паходы па родным краі, каб дэталёва высветліць асаблівасці мясцовай флоры і фауны. Досвед ульскіх юннатаў быў заўважаны грамадскай арганізацыяй “Фонд Экасусвет”, а перспектыўная ініцыятыва знайшла свой далейшы працяг. Праект па абароне міжнародных вадатокаў (рака Ула як левы прыток Заходняй Дзвіны ўваходзіць у сістэму вадатокаў Балтыйскага мора) падтрымаў Глабальны экалагічны фонд.
— Нас зацікавіла развіццё маладзёжнага руху па захаванню малой ракі, — гаворыць нацыянальны каардынатар праграмы малых грантаў ГЭФ Аляксандр Леўчанка. — Да праекта далучыліся гімназісты суседняга Лепельскага раёна. Мы неаднаразова сустракаліся з кіраўніцтвам Ульскага сельсавета, прадстаўнікамі фонда “Экасусвет” і вырашылі назваць праект “Стварэнне патэнцыяла для развіцця экалагічнага турызму ў басейне ракі Улы”. Зараз магу адзначыць, што мэты і задачы яго выкананы на 100 працэнтаў. Але гэта толькі пачатак. Воды малых рэк значна забруджаны. І пакуль мясцовае насельніцтва самастойна не пачне рабіць нешта канкрэтнае па выратаванні малых рэк, выніку не будзе. Мы чакаем ініцыятыў ад школ, ліцэяў, сельсаветаў.
Сума фінансавай дапамогі, накіраванай на стварэнне Ульскага вучэбна-практычнага цэнтра, склала амаль 100 мільёнаў рублёў. Але такая дапамога была аказана пры ўмове абсалютнай зацікаўленасці мясцовай грамадскасці і ўлады. Сельскі Савет выбраў стары пустуючы будынак, які тэрмінова трэба было рамантаваць, і зараз турысты могуць адпачыць у ім з камфортам.
Тэрыторыю вакол цэнтра яшчэ не паспелі добраўпарадкаваць так, каб яна выглядала густоўна. Але ёсць задумы пасадзіць побач з цэнтрам невялікі сад, пакласці на двары плітку. Старшыня Бешанковіцкага раённага Савета депутатаў Ніна Журко на адкрыцці цэнтра заўважыла, што будынак будзе перададзены на баланс Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. Няхай не толькі школьная моладзь, але і ліцэісты далучаюцца да практычнага вывучэння гісторыі і экалогіі Ульскага басейна.
Вакол Ульскага цэнтра экатурызму цяпер аб’ядноўваюцца ўладальнікі вясковых сядзіб, якія гатовы прымаць турыстаў, народныя майстры. Вадзім Лешчанка з вёскі Хоціна гаворыць, што ўся іх маленькая вёсачка (дарэчы, яна з’яўляецца радзімай Героя Савецкага Саюза генерал-маёра Льва Даватара) можа стаць турыстычнай Мекай. Сюды, на возера Хоцінскае, рэгулярна прыязджаюць аматары рыбнай лоўлі з Мінска і расійскіх гарадоў. Дзмітрый і Сняжана Прыгун з вёскі Дыбалі таксама адбудоўваюць сваю сядзібу згодна з самымі строгімі патрабаваннямі пераборлівых турыстаў. Але, як лічыць былы  штурман ваенна-марскога флоту Анатоль Бычкоў, паміж суб’ектамі аграэкатурызму канкурэнцыі быць не павінна. Усе  разлічваюць на ўзаемадапамогу і супрацоўніцтва. У мінулым годзе Анатоль Бычкоў дапамагаў арганізаваць водны паход ад Бачэйкава да Улы. Сам пабудаваў катамараны і сёння выдае іх на пракат аматарам вандровак па малых рэках.
— Усе мае затраты акупіліся, — гаворыць Анатоль Леанідавіч. — Я распрацаваў цікавыя маршруты працягласцю 12 кіламетраў і болей. За адзін дзень плавання на катамаранах можна наведаць шмат гістарычных мясцін. Напрыклад, там, дзе зліваецца Обаль і Свіна, калісьці стаяла крэпасць Івана Грознага — Каз’ян. А каля вёскі Красамай ёсць венецкія курганы. Пасля таго як я заняўся турызмам, пацягнула вывучаць гісторыю, хаця дагэтуль 20 год адслужыў на Паўночным флоце, на ракетным крэйсеры.
Ціхая Ула выходзіць у глабальнае вымярэнне праз Сусветнае павуцінне. У бліжэйшы час у вучэбна-практычнага цэнтра па экатурызму з’явіцца свой сайт. Зялёны домік у цэнтры пасёлка, а ён сапраўды пафарбаваны ў зялёны колер, пачынае прымаць першых наведвальнікаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter