О том, за что можно быть благодарным школе и учителям

Вучыцца — для жыцця

Пра тое, за што можна быць удзячным школе і настаўнікам

Напярэдадні Дня настаўніка правяла сярод блізкіх і сяброў невялікае апытанне: за што вы ўдзячныя школе? Нават не думала, што чарговы мой эксперымент выкліча ў таварышаў пэўны ступар. З дзесяці сяброў толькі трое змаглі не раздумваючы адказаць і прывесці пару-тройку займальных павучальных гісторый са школьнай пары. І справа тут не ва ўзроўні адукацыі рэспандэнтаў, а хутчэй у тым, што час, што прыйшоўся на школьную пару, хтосьці ўспамінае то з сумам, то з расчараваннем. Чым больш чуеш эпізодаў, маўляў, настаўнікі былі не тыя, ды і ведаў патрэбных атрымаць не ўдалося, тым больш расце ў душы мая асабістая радасць: «Як жа мне ў жыцці пашанцавала!»


Першая настаўніца Ларыса Аляксееўна Бумай навучыла не толькі чытаць і пісаць, але і прывіла такія якасці, як дружалюбнасць, адказнасць, уменне даводзіць пачатаю справу да канца. Калі ўспамінаю пачатковую школу, чамусьці адразу перад вачыма паўстаюць яе ўрокі працоўнага навучання, дзе мы, вучні 2-га класа, сваімі рукамі заўзята шыем мяккія цацкі, робім велізарныя ліхтарыкі з каляровай паперы, умела прышываем гузікі. Як атрымоўвалася ў маладой настаўніцы, нібы ўзмахам чароўнай палачкі, пераўтварыць нас у сапраўдных майстроў, дзіўлюся і зараз. І сёння не стамляюся казаць ёй дзякуй.

Адпачываючы ўлетку у мамы, выпадкова сустрэла сваю першую настаўніцу. Яна, як і 30 гадоў таму, такая ж бадзёрая, спрытная, прывяла дзяцей з летняга школьнага лагера купацца на гарадское возера. Хоць ужо ад той першакласніцы, якую яна вучыла, я значна адрозніваюся, Ларыса Аляксееўна адразу мяне пазнала. Як быццам і не было гэтага доўгага адрэзка часу сталення і станаўлення.

«Дзеці, якіх вучыш, сыходзяць пасля навучання са школы, але не ад настаўніка, — адзначыла Ларыса Аляксееўна. — Мы заўсёды памятаем вашы вочы, першыя памылкі і поспехі. І якая радасць бачыць, што твае старанні прайшлі нездарма!»

Успамінаю ўрокі беларускай мовы і літаратуры Марыны Антонаўны Горбач, Валянціны Уладзіміраўны Уласевіч. І становіцца зразумела: менавіта дзякую­чы ім вучылася шанаваць роднае слова, месца, дзе нарадзілася і вырасла. Любоў да Радзімы ў нас выхоўвала настаўніца гісторыі Марыя Уладзіміраўна Белянова. Яна не толькі патрабавала веданне фактаў, постацей, храналогіі падзей, але і ўмела сапраўды заахвоціць прадметам.

Як з самым лепшым сябрам, стоячы пасярод вуліцы, заўсёды гутарым з маім настаўнікам геаграфіі Сяргеем Антонавічам Санько. І да гэтай пары памятаю, як стараліся вучыць сталіцы краін светы і карты свету, каб не падвесці, не расчараваць апантанага педагога. За цёплай гутаркай уважліва назіраюць мае дзеці і нават не вераць, што ён мой настаўнік і што можна вось так, даўно развітаўшыся са школай, цёпла вітацца і размаўляць, нібыта самыя блізкія людзі.

За шчырасць, адкрытасць, самаадданасць прафесіі і любоў да нас, дзяцей, — вось за што я і сёння нізка кланяюся дарагім настаўнікам!

А за што школьнай пары ўдзячныя вы?
Дорогие друзья! Подключайтесь к нашему диалогу. Задавайте вопросы, делитесь рассуждениями о наболевшем, высказывайте слова благодарности тому, кто помог вам, подставил плечо в трудную минуту. Присылайте отзывы на наши статьи, звоните на горячий телефон (8-017) 311-02-88, а также пишите в рубрики «Земляки», «Мир увлечений», «Путешествие по родным местам», «Хотим поделиться радостью»…

С нетерпением ждем ваших писем и звонков!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter