Вучыць для яго — як дыхаць

Уладзімір Перлін — мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Канцэртнага аркестра гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі — даўно ўжо ведае, у чым сіла ўздзеяння музыкі на сэрцы людзей
Уладзімір Перлін — мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Канцэртнага аркестра гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі, заслужаны артыст Беларусі, а таксама Рыцар францускага Ордэна “Акадэмічныя пальмы” — даўно ўжо ведае, у чым сіла ўздзеяння музыкі на сэрцы людзей.


Ён не раз перажываў той стан, калі ад судакранання з гукамі музыкі не толькі мурашкі бягуць па целе, але і, падаецца, усё жыццё адухаўляецца. Вось чаму і сваіх вучняў ён імкнецца навучыць чуць сэрца музыкі. Што і робіць ужо больш як 50 гадоў. Яго выхаванцы — вядомыя віяланчэлісты, яны працуюць і жывуць у розных краінах: Расія, Францыя, Тайвань, Ізраіль, Шатландыя, Германія і многія іншыя.

Уладзімір Перлін як выкладчык класа віяланчэлі і сёння вучыць сваіх вучняў такім чынам, як хацеў бы сам, каб яго менавіта так вучылі — пра гэта не раз чытала ў прэсе. Маўляў, на занятках ён і вершы чытае, і так умее пажартаваць, што складаныя прамудрасці музыкі становяцца простымі, а таму для вучняў даходлівымі. Яшчэ чула, ён мае незвычайны талент абуджаць у сваіх падапечных артыстычныя здольнасці, каб пасля на сцэне музыканты, якія прайшлі яго школу, адпавядалі высокаму званню — “артыст аркестра”.

Аднойчы ўбачыла іх выступленне у адным з канцэртаў. Памятаю, мяне тады ўразіла, як маладыя ўсмешлівыя музыканты выходзілі на сцэну: лёгка, імкліва, раскавана. І выглядалі бязмерна шчаслівымі. І з такім жа настроем выконвалі свае партыі. Падавалася, яны жылі ў вобразах, якія дыктавала музыка: целы і твары дзяўчат і юнакоў нібы танцавалі ў яе такт, прычым усё гэта было стыльна і арганічна. Так, небеспадстаўна спецыялісты згадваюць пра асаблівы, ледзь не чароўны метад выкладання Уладзіміра Перліна. Журналісты ж часта паўтараюць любімую яго фразу: “Мала ўзяць смычок у рукі, трэба ўмець здабываць з яго гукі як дотык любві…” Але, як гаворыцца, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Для гэтага я і накіравалася ў гімназію-каледж, каб паназіраць за тым, як маэстра творыць сваё чараўніцтва. Як вядома, з сакрэтамі “кухні” лепш за ўсё знаёміцца на самой кухні.

У той дзень Перлін праводзіў рэпетыцыю. Навучэнцы рыхтаваліся да справаздачнага канцэрта лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі з нагоды надыходзячага дваццацігадовага юбілею фонду. Дарэчы, пра многіх з іх могуць расказаць у Інстытуце культуры Беларусі: ў аддзеле падтрымкі і развіцця культурна-адукацыйных ініцыятыў. Што і зразумела, бо там — банк дадзеных пра ўсіх таленавітых дзяцей у Беларусі! Дарэчы, пра маэстра Перліна і яго вучняў начытаныя супрацоўнікі аддзела гавораць з захапленнем. Параілі нават пачытаць “Комсомолку”, якая ў свой час пісала пра тое, як Перлін у першую паездку за мяжу на пачатку 90-х, у тагачасную Заходнюю Германію, вучыў вучняў раскаванасці: натхніў іх сыграць каля Кёльнскага сабора маленькую сімфонію Вівальдзі. І гэта так спадабалася гаспадару невялікага кафэ, якое было непадалёк, што той пачаставаў усіх не толькі смачным марожаным, але і абедам.

Калі я адчыніла дзверы аўдыторыі, Уладзімір Паўлавіч стаяў, узняўшы рукі ўгару, і… чытаў вершы. Кіўнуў мне: маўляў, праходзьце. Яго вучні зачаравана слухалі, прыадкрыўшы раты. Затым настаўнік узмахнуў дырыжорскай палачкай — і палілася музыка, але тут жа рэзка абарвалася. Маэстра быў незадаволены: “Вы іграеце, а не жывяце! Дзе вашы вочы? Чаму не бачу, як цела хвалюецца?”. А затым ён зноў цытаваў нечыя паэтычныя радкі…. І жартаваў. І ўсе смяяліся. Я таксама — немагчыма было стрымацца: такімі дарэчнымі былі жарты. І распавядаў пра вайну, сведкам якой быў сам. А потым зноў загучалі тыя першыя акорды. Але яны ўжо былі іншымі: музыка, якую выконвалі навучэнцы, стала жывой, нібы здабыла плоць, напоўненая іх пачуццямі. Мне нават падавалася: яшчэ крыху — і музычныя вобразы стануць бачнымі.

У той дзень і мне ўдалося адчуць музыку, як нейкую субстанцыю, якая існуе асобна ў свеце, нябачную, але адчувальную амаль фізічна, здольную закрануць душы. Вось, падумала я, у чым таямніца музыкі, разгаданая Уладзімірам Перліным. І тут мяне натхніла: дык ён жа сам — артыст найвыдатнейшы! Вось яшчэ чаму яму так лёгка ўплываць на вучняў, далучаць іх да свету гукаў так, каб яны навучыліся спасцігаць яго чараўніцтва і неслі яго слухачам. І як тут не ўспомніць прыклад з траюрадным пляменнікам Уладзіміра Караткевіча Уладзімірам Сінькевічам, які стаў адным з лепшых віяланчэлістаў. Цяпер ён час ад часу прыязджае ў Мінск і дае майстар-класы. А быў момант, калі бацькі хацелі забраць дакументы сына з каледжа, каб, на іх думку, той не мучыў ні сябе, ні іх, ні самога настаўніка. Роўна праз два гады вучобы хлапчук ужо іграў у касцёле Святога Роха. І падобныя прыклады ў педагагічнай практыцы Перліна не адзінкавыя.


Арыгінальнасць і артыстызм заўсёды спадарожнічаюць выхаванцам Уладзіміра Перліна

Назіраю, як Уладзімір Паўлавіч быццам нехаця адпускае вучняў на абед і яшчэ з меншай ахвотай садзіцца перада мной для інтэрв’ю. Я разумею прычыну: ён яшчэ там, у свеце гукаў, ва ўладзе музычных вобразаў….

— Уладзімір Паўлавіч, я неаднаразова чытала ў прэсе пра вашу нянавісць да віяланчэлі ў маладыя гады і пра любоў да вялікага спорту. Як жа так сталася, што сёння вы не проста выдатны выканаўца і педагог, але і прызнаны ва ўсім свеце геніяльны — менавіта так і гавораць — музыкант?


— Як дзіця вайны, марыў стаць танкістам, лётчыкам, здзяйсняць подзвігі і стаць Героем Савецкага Саюза. Быў рэкардсменам у Беларусі па плаванні, кандыдатам у майстры спорту сярод юнакоў і з музыкай сваё жыццё звязваць не збіраўся. Але маці, вечна буду ёй удзячны, адвяла мяне ў каледж, тагачасную музычную школу-дзесяцігодку пры кансерваторыі. Гэта быў 1949 год. Толькі потым я даведаўся, што яна гэта зрабіла ў памяць аб сваім бацьку, які быў першым дырэктарам-заснавальнікам гэтай установы да 1935 года і першым настаўнікам па класе віяланчэлі.

Пачатак вучобы ў мяне быў вельмі складаным. Але потым у маім музычным жыцці з’явіўся настаўнік, я такіх называю Настаўнікамі, якія дапамагаюць, які раскрыў мне вочы на музыку і на тую ролю, якую яна адыгрывае ў жыцці. Аляксандр Паўлавіч Стагорскі быў выдатным музыкантам і педагогам па класе віяланчэлі. Калі яму споўнілася сем гадоў, пачалася грамадзянская вайна. Школу скончыць у 1917 годзе, як вы разумееце, яму не давялося. “Як жа ён вучыўся?” — спытаеце вы. Гэта быў шлях самаадукацыі! Таму я, як і раней, прачынаюся ў пяць раніцы, а кладуся ў дванаццаць ночы, каб на ўсё хапіла часу.

— А яшчэ пра вас як пра чалавека, які аб’ездзіў шмат краін са сваімі канцэртамі і майстар-класамі, які неаднаразова выступаў у горадзе Віндзары, дзе знаходзіцца летняя рэзідэнцыя англійскай каралевы, гавораць як пра лепшага з лепшых … Напэўна, прыемна так пра сябе думаць?

— Глупства несусветнае так пра сябе думаць, такім сябе лічыць… Трэба не толькі словам, а з інструментам у руках паказваць, хто ты такі. Асобу захвальваць — значыць яе спакушаць. Я не напрошваюся ўключаць мяне ў канцэрты, запрашаць на гастролі, пісаць пра мяне артыкулы, здымаць фільмы. Вы самі мяне знаходзіце. Я проста імкнуся прыносіць шчасце і радасць людзям, перад якімі выступаю.

— Як лічыце, любоў да мастацтва перадаецца па спадчыне?

— Сёння модна гаварыць пра гены, пра перадачу той або іншай якасці па спадчыне, у тым ліку і пра любоў да мастацтва, пра талент… Вядома, у гэтым нешта ёсць. Да прыкладу, мая маці ў сем гадоў склала оперу, дзед, як я ўжо сказаў, быў заснавальнікам храма музыкі… Але мала мець здольнасць і нават талент, каб, скажам, з віяланчэллю ў руках заваяваць любоў публікі. Віртуознай тэхнічнай ігрой душу публікі не заваюеш. Гэта такая далікатная субстанцыя — душа: памацаць немагчыма… На яе можна ўздзейнічаць сваёй душой, якая трапечацца ў момант выканання той або іншай музыкі. Сваю душу трэба запаліць! Сваю! Тады і музыка, якая табою выконваецца, будзе ўздзейнічаць на душы слухачоў. Яна тады не будзе фармальна выкананай. Я кожны дзень займаюся самаадукацыяй, прывучаючы да гэтага і сваіх вучняў. Бо яны павінны шмат ведаць, акрамя музычнай граматы, каб іх душэўнае багацце знаходзіла адлюстраванне ў выкананні. Калі не ведаюць, а гэта здараецца часта, я з імі дзялюся досведам, вучу іх раскрываць сэрцы. Прыводжу прыклады з жыцця. І іх выклікаю на гутарку. Скажам, прашу каго-небудзь праспяваць народную песню. А яны, на жаль, не могуць: не ведаюць! Тады я чытаю ўслых Лермантава, Пушкіна… Хачу, каб дзеці разумелі, што Лермантаў ці Пушкін маюць дачыненне да раяля і віяланчэлі ніяк не меншае, чым педагог, які правільна ставіць руку вучню. Паўтаруся, можна па-рознаму іграць адзін і той жа твор. Вы толькі што чулі, як мянялася гучанне, калі дзеці нефармальна дакраналіся да інструмента. Я называю такі дотык чароўным! А дзеці заўсёды шчырыя, яны самі знойдуць лепшы спосаб самавыяўлення. Галоўнае, выклікаць у іх эмоцыі…


Рэпетыцыйны клас у гімназіі-каледжы — гэта тое месца, дзе вучаць слухаць сэрца музыкі

— З такім падыходам вы можаце навучыць іграць абсалютна любога чалавека …

— Што вы! Я адзін не спраўлюся. Памятаеце знакамітую трыяду: вучань, настаўнік, бацька? Калі ў ёй нешта не спрацоўвае, нічога не выйдзе. Ёсць у мяне адзін маленькі вучань. Яго на заняткі водзіць бабуля. Усё ішло выдатна. Але аднойчы ў аўдыторыю ўляцела абураная жанчына... А ў мяне ў той момант ішоў запіс, які давялося спыніць. Аказалася, гэта была маці хлопчыка, якой не спадабалася, што яе сын вельмі многа заняты на рэпетыцыях. І ўсё, у адну секунду разбурылася наша карпатлівая праца, рассыпалася як картачны домік. Рыхтаваць прафесіяналаў вышэйшай пробы — гэта ўсё роўна што вырошчваць пладаноснае дрэўца. Спачатку ты яго пасадзі. Хіба яблычак адразу вырастае? Не. Трэба пяць гадоў чакаць. Паліваць, падкормліваць, прышчапляць, парасткі падразаць. Таму калі я набіраю дзяцей, то заўсёды настойваю на знаёмстве і з бацькам, і з маці. Ад бацькоў многае залежыць. Яны павінны быць маімі саюзнікамі.

— Ці існуюць якія-небудзь правілы выкладання, каб талент дзіцяці развіўся?


— Калі музычны талент пасланы Богам, хто ведае, як правільна яго вырошчваць? Няма ніякіх правілаў. Галоўнае — захапіць вучняў. Я адчуваю, што і калі сказаць, як пажартаваць або да месца на іх пасварыцца. Можна мець розны тэмперамент, але важна — любіць сваю справу. Мне ўжо семдзесят чацвёрты год, але я бягу на працу дзеля дзяцей ледзь не з подскакам. Гэта маё паветра — вучыць іх. Бачыць, як гараць вочы дзяцей, хіба не шчасце для педагога? А як дзіўна душа дзіцяці ўздзейнічае! Калі ў вас ёсць дзеці, зразумееце! Гэта лекі ад усіх хвароб! Я люблю сваіх вучняў, а яны — мяне. Гэта ж адразу ўбачыш, прыйшоўшы да мяне на заняткі. Дзіця нельга пакрыўдзіць або падмануць, яго трэба любіць і загартоўваць. Іншымі словамі, да прафесійнага жыцця рыхтаваць. Ды і да жыцця наогул. Калі вы будзеце карміць дзіця аднымі пірожнымі, гэта значыць салодкай ліслівасцю ды лжывай пахвалой, што з яго вырасце?.. Бывае, вядома, што я каго-небудзь выпадкова і пакрыўджу. Але потым пакутую і страшна раскайваюся. Я сам сабе суддзя, прычым вельмі строгі. Калі, можа, маё натхненне скончыцца, каледж адразу ж пакіну.

— Як адбіраеце вучняў у аркестр каледжа?

— Вы бачылі, колькі чалавек сёння прыбегла на рэпетыцыю? А патрэбныя былі толькі пятнаццаць. Мне, вядома, прыемна, што яны з радасцю да мяне ідуць. Але сярод іх я шукаю “ідыётаў”, для якіх музыка — усё! Цэлы вялізны свет, які яны потым захочуць падарыць іншым, каб людзі патаналі ў ім і духоўна ўзбагачаліся, каб жыццё вакол станавілася чысцейшым, лепшым, злачынцаў і міліцыі было менш... Мне патрэбныя энтузіясты, якія стануць працаваць не дзеля грошай. Я перакананы, што такія апантаныя музыкай спецыялісты потым будуць запатрабаваныя ва ўсім свеце. І сваё прызнанне яны атрымаюць. Колькі такіх прыкладаў…

— А як распазнаяце ў дзіцяці талент?

— Напэўна, у такіх выпадках гавораць пра інтуіцыю. Я ад прыроды фізіягнаміст. І нават з тых, каго, здараецца, са школы, здавалася б, выганяць трэба, бачу: будзе толк, будуць іграць класіку.

— Чаму, па-вашаму, “класіка не памірае”?

— Класіка дорыць узрушэнне, катарсіс. Вось як сказаў Валянцін Гафт. Прачытаю вам яго верш:

Смычок касается души,

Едва вы им к виолончели,

Иль к скрипке прикоснетесь еле,

Священный миг — не согреши!..

По чистоте душа тоскует,

В том звуке — эхо наших мук,

Искусство — это кто как дует!

Когда такая есть Струна,

И Руки есть, и Вдохновенье,

Есть музыка, и в ней спасенье,

Там Истина — оголена,

И не испорчена словами,

И хочется любить и жить,

И всё отдать, и всё простить.

Бывает и такое с нами.

— Як зрабіць класіку папулярнай, каб сучасная моладзь з ходу магла назваць аўтара знакамітых, скажам, “Пор года”? Бо не сакрэт, што многія дзеці даведваюцца пра існаванне класікі з тэлевізійнай або радыёрэкламы…

— Трэба часцей гаварыць пра яе існаванне, пісаць, паказваць … Мы, музыканты, можам зрабіць свет лепшым хоць бы ўскосна, пасылаючы тыя гукавыя вобразы, якія неабходныя чалавечай душы. Тады прыйдзе анёл-ахоўнік і выратуе нас — у гэта я веру. І таму іграю з адкрытай душой. І іншых вучу гэтаму мастацтву. У мяне ёсць ідэя пайграць дашкалятам у нашым Тэатры юнага гледача. Ім бы спадабалася! Перакананы! Скажу без ілжывай сціпласці: на мае канцэрты складана трапіць — заўсёды аншлагі. Людзі пакідаюць іх са слязамі на вачах. Вось і давайце часцей гаварыць пра тое, што ў нас ёсць цуд — гатовая высакакласная прадукцыя сусветнага ўзроўню!


— А які крытэрый сусветнага ўзроўню?

— Запатрабаванасць. Вы не трапіце на Венскі філарманічны Штраус-аркестр, калі не забраніруеце білет за два гады! Наш каледж выпусціў цэлую плеяду запатрабаваных па ўсім свеце музыкантаў. Напрыклад, Іван Карызна з’яўляецца лаўрэатам Міжнароднага конкурсу імя Пятра Чайкоўскага, у 2010 годзе ён выйшаў у фінал класічнага “Еўрабачання” (Eurovision Young Musicians). Дарэчы, гэта і была папулярызацыя класічнай музыкі. Андрэй Паначэўны атрымліваў шматлікія перамогі на разнастайных міжнародных музычных конкурсах. Арцём Шышкоў — лаўрэат пятнаццаці міжнародных конкурсаў. Уладзімір Сінькевіч, пра якога я расказваў, выйграў конкурс у Карэі, дзе не перамагаў ніводзін славянскі віяланчэліст. Магу працягваць яшчэ...

— Вы шкадуеце аб чым-небудзь у жыцці?


— Аб тым, што позна сустрэў свайго настаўніка Аляксандра Паўлавіча Стагорскага. Cямнаццаць гадоў майго жыцця не былі такімі плённымі, якімі маглі быць. І яшчэ шкадую аб тым, што паўжыцця быў перакананым атэістам.

— Што стала прычынай змены вашага светапогляду і ці дапамагае вам вера пераадольваць жыццёвыя цяжкасці?

— Калі мне было 54 гады, у мяне былі праблемы з рукой: пагражала нават ампутацыя. І вось аднойчы я пачуў пра адну бабулю, якая лечыць малітвай. Вырашыў: горш не стане — і паехаў. Заходжу, а ў яе ўсюды свечкі, і так трашчаць! Бабуля мяне пытае: “Мілы мой, а вы веруючы? Я толькі вернікам дапамагаю. Паглядзіце на полымя!”. Я думаў, мяне разыгрываюць, але ўсё-такі паслухаўся парады бабкі: пайшоў у бліжэйшую царкву і пахрысціўся. Памятаю, смяяўся пра сябе, пакуль мяне хрысцілі. На наступны дзень прыходжу да бабкі, і што вы думаеце? Свечкі не трашчаць! А потым шмат цудаў пачало адбывацца ў маім жыцці… Руку выратаваць удалося. Праз гады, калі я вырашыў усвядомлена пахрысціцца, у царкве мне сказалі: нельга, такі ваш шлях. Дзякуючы веры ў Бога я зразумеў, што быць сапраўдным веруючым і любіць бліжняга не на словах, а ва ўчынках — гэта самы вялікі подзвіг, які чалавек можа здзейсніць у сваім жыцці.


Дарэчы

У 2003 годзе па рашэнні ўрада Францыі Уладзімір Перлін стаў кавалерам Ордэна “Акадэмічныя пальмы”. Знакі адрознення Ордэна “Акадэмічныя Пальмы” заснаваў Напалеон I у 1808 годзе, у цяперашні час Ордэн прысуджаецца французам, якія пражываюць за мяжой, і замежным грамадзянам, якія ўносяць значны ўклад у распаўсюджванне французскай культуры ва ўсім свеце. Кавалеры, рыцары і камандоры “Акадэмічных Пальмаў” становяцца членамі Асацыяцыі кавалераў Ордэна Акадэмічных Пальмаў, якая знаходзіцца пад эгідай міністра адукацыі Францыі. Уладзімір Перлін удастоены ўзнагароды як “найдасканалейшы эталон не толькі з прычыны валодання ім тэхнікай і мастацтвам ігры на віяланчэлі, але таксама дзякуючы яго педагагічным талентам”. На працягу многіх гадоў, па ініцыятыве Уладзіміра Перліна і вядомых у Беларусі французскіх музыкантаў віяланчэліста Жэрома Перно і піяніста Жэрома Дзюкро, развіваецца творчая садружнасць мінскага каледжа з кансерваторыяй 18-й акругі Парыжа і Парыжскай вышэйшай нацыянальнай кансерваторыяй музыкі і танца.

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter