Вучымся жыць разам

Рыжская беларуская асноўная школа — паўнавартасны суб’ект латвійскай адукацыйнай сістэмы.

Рыжская беларуская асноўная школа — паўнавартасны суб’ект латвійскай адукацыйнай сістэмы.

Ганна Іванэ, дырэктар Рыжскай беларускай школы імя Янкі Купалы:

— Наша ўстанова адукацыі была адкрыта ў 1994 годзе як пачатковая школа дзякуючы латвійскаму таварыству беларускай культуры “Світанак” і актыўнасці былога дырэктара Вячаслава Целеша. У 1998 годзе школа атрымала статус Рыжскай беларускай асноўнай, а ў 2011-м ёй было нададзена імя славутага беларускага песняра Янкі Купалы.

Нашы вучні — рыжане, дакладней, гэта дзеці тых бацькоў, якія нарадзіліся тут, у сталіцы Латвіі. Яны лічаць сябе беларусамі, і па пашпарце, а магчыма, і проста адчуваюць сябе беларусамі. Для нас як для беларускай установы адукацыі галоўная мэта не толькі захаваць сваю нацыянальную культуру, але і інтэграваць нашых выпускнікоў у латвійскае грамадства.

А пачыналася ўсё дваццаць гадоў таму з дзесяці дзяцей і аднаго кавалка крэйды. Зараз гэта вядомая ў Рызе навучальная ўстанова, са сваім прафесійным педагагічным калектывам, якая месціцца ў прыгожым будынку. Сёння тут навучаюцца 150 дзяцей.

Падчас адкрыцця летась мемарыяльнай дошкі славутага беларускага песняра Янкі Купалы ў школе адбылася і прэзентацыя музейнай экспазіцыі, прысвечанай творчасці класіка беларускай літаратуры.

Галоўнай задачай школы застаецца паралельна з асваеннем вучэбнай праграммы вучыць дзяцей беларускай мове, даваць магчымасць знаёміцца з нацыянальнай культурай, музыкай, гісторыяй і традыцыямі. Навучанне ў школе праходзіць на рускай і беларускай мовах, многія прадметы выкладаюцца білінгвальна на латышскай і рускай ці латышскай і беларускай мовах, згодна з ліцэнзійнымі вучэбнымі планамі.

Школа служыць добрым прыкладам супрацоўніцтва паміж Латвіяй і Беларуссю, а беларускую культуру ў краіне-суседцы паважаюць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter