На «Белагро» дебютировала молочная порода коров, одним из создателей которой является Николай Песоцкий

Вучоны-жывёлавод Мікалай Пясоцкі: у маім жыцці былі ўзлёты да нябёс і падзенні да апраметнай

Вартасць чалавека вызначаецца не яго здольнасцямі, а тым, што ім здзейснена і прыносіць карысць іншым. Адным гэтым апраўдваецца наша прызначэнне. Значную частку жыцця прысвяціў вывядзенню парод малочных кароў выконваючы абавязкі загадчыка лабараторыі развядзення і селекцыі малочнага статка НПЦ па жывёлагадоўлі НАН Беларусі кандыдат сельгаснавук Мікалай ПЯСОЦКІ. У школьныя гады захапіўся біялогіяй, па гэтым прадмеце перамагаў на раённых алімпіядах, удзельнічаў у абласных. Выдатна скончыў Дварэцкую сярэднюю школу Лунінецкага раёна. Пасля няўдалай спробы паступіць у вышэйшую аграрную навучальную ўстанову, каб год не губляць, падаў дакументы ў прафтэхвучылішча механізацыі. З адзнакай скончыў яго і без уступных экзаменаў быў залічаны на зоатэхнічны факультэт Гродзенскага сельгасінстытута. Тэарэтычныя веды, атрыманыя на лекцыях, замацоўваў у час вытворчай практыкі на жывёлагадоўчых фермах перадавых гаспадарак Гродзеншчыны. Атрымаў дыплом з адзнакаю і па размеркаванні адпрацаваў вызначаны заканадаўствам тэрмін у кобрынскім калгасе імя Мічурына. Маладога спецыяліста вабіла навуковая дзейнасць, таму паступіў у аспірантуру пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце жывёлагадоўлі. За час вучобы падрыхтаваў і абараніў кандыдацкую дысертацыю. У перыяд працы ў Беларускім дзяржаўным аб'яднанні па племянной жывёлагадоўлі разам з калегамі займаўся абнаўленнем грамадскага статка гаспадарак айчыннай чорна-пярэстай малочнай пароды белгалштын. Кіраваў упраўленнем жывёлагадоўлі Мінскага абласнога камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання. Выязджаў на расійскі Сахалін, дзе дапамагаў запускаць у вытворчасць пабудаваны беларускімі спецыялістамі малочнатаварны комплекс.

Мікалай Іванавіч разам з калегамі НПЦ па жывёлагадоўлі НАН Беларусі задзейнічаны ў рэалізацыі сумеснай з Мінсельгасхарчам праграмы развядзення чырвонай малочнай пароды кароў. Вучоны адзначаны ганаровымі граматамі і дыпломамі Мінсельгасхарча і Нацыянальнай акадэміі навук.


Мінулае стварае кожнага з нас тым, кім становімся. Шлях да аграрнай навукі ў сялянскага сына Мікалая Пясоцкага пачаўся з дзяцінства. Вясковае асяроддзе паўплывала на яго жыццёвы выбар. З цеплынёю прыгадвае Мікалай Іванавіч, як пад кіраўніцтвам прафесара Гродзенскага сельгасінстытута Людмілы Аляксандраўны Тананы праводзіў у лабараторыі першыя навуковыя доследы. Па яе рэкамендацыі пасля вытворчай дзейнасці ў гаспадарцы паступіў у аспірантуру. Праз гады і сына Яўгена прызвычаіў да аграрнай навукі. Юнак скончыў Беларускую дзяржаўную ветэрынарную акадэмію і вучыцца ў аспірантуры НПЦ па жывёлагадоўлі НАН Беларусі.

Некалькі гадоў таму ў час наведвання гэтага цэнтра Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра стварэнне так званай прамысловай каровы. Справа набыла дзяржаўную значнасць. Гэта парода засноўваецца на скрыжаванні галштынскай і беларускай чырвонай, і ёсць пэўныя поспехі. З выконваючым абавязкі загадчыка лабараторыі развядзення і селекцыі малочнага статка НПЦ па жывёлагадоўлі НАН Беларусі кандыдатам сельгаснавук Мікалаем Пясоцкім накіроўваемся на эксперыментальны МТК «Рассошнае» даччынага прадпрыемства гэтага навуковага цэнтра «Жодзіна­АграПлемЭліта». Тут утрымлі­ваецца амаль тысячны статак кароў галштынскай пароды. У прасторных светлых жывёлагадоўчых памяшканнях чысціня і парадак, з надворка адчуваецца прыемны пах свежага сакавітага корму. Заходзім у памяшканне, дзе на ўстаноўцы «Карусель» адначасова даіліся сорак рагуль. Жывёлаводы сачылі за вытворчым працэсам. Праз лічаныя мінуты каровы пакінулі даільную платформу, і новы гурт жывёлы запоўніў яе.

— Працэс даення звычайна шэсць мінут, — адчуўшы маё здзіўленне, тлумачыць Мікалай Іванавіч. — Існуе паняцце сярэдняй хуткасці малакааддачы. Важна падабраць жывёлу для такой тэхналогіі. Нам, селекцыянерам, трэба выбраць правільны крытэрый, каб яна была хуткадойнай і прадукцыйнай. Аналізуем спадчыннасць з адпаведнай фізіялогіяй. На гэтым комплексе сутачны надой ад каровы перавышае 30 кілаграмаў, а ў рэкардыстак дасягае 60. Скрыжаванне гэтай высокапрадукцыйнай жывёлы з чырвонай пародай захоўвае высокую малочнасць. Наша задача ў пародзе прамысловага тыпу, якую выводзім, спалучыць лепшыя якасці галштынаў і чырвоных кароў. У краіне вытворчасць малака пераводзіцца на прамысловую аснову. Жывёл, якія па фармаце не падыходзяць для ўтрымання на такіх аўтаматызаваных комплексах, рэалізуем за межы рэспублікі племяннымі.

На Міжнароднай выставе «Бел­агра-2023» упершыню прадстаўлена чырвоная малочная парода. З Віцебскага племпрадпрыемства даставілі прыгажуна быка па мянушцы Авім, а са свіслацкага УСП «Новы двор» — маладое матачнае пагалоўе. Спецыяльна для наведвальнікаў выставы выпусцілі прэзентацыйны буклет з характарыстыкай нашай новай пароды кароў. Разводзім іх на базавых фермах даччынага прадпрыемства НПЦ па жывёлагадоўлі «ЖодзінаАграПлемЭліта», аршанскага РВУП «Вусце» НАН Беларусі, свіслацкага УСП «Новы Двор» і РУП «Шыпяны-АСК». Ужо маем амаль 1700 галоў малочнага статка. Прадукцыйнасць кожнай каровы летась дасягнула 6000 кілаграмаў малака. Надой за лактацыю галшынскай пароды, выведзенай у нас, — 10 000 кіла­грамаў пры тлустасці 3,8 і бялку 3,3 працэнта. У чырвонай пароды тлустасць малака дасягае 4,75 і бялку 3,45 працэнта. Гэтыя жывёлы больш устойлівыя да захворванняў. Айчынная чорна-пярэстая парода малочных кароў зацверджана два дзесяцігоддзі таму, тры гады таму — галштынская, а працу па стварэнні чырвонай малочнай пачалі два гады таму.

— Зараз гэта вядучыя ў рэспубліцы пароды малочных кароў?

— Ёсць памкненне стварыць яшчэ адну. У базавых гаспадарках Магілёўшчыны вядзецца праца па скрыжаванні галштынаў з сіментальскай малочна-мясной пародай, выведзенай у Швейцарыі. Амаль паўтысячны статак сіменталаў у якасці нацыянальнага генафонду ўтрымліваецца на мазырскай эксперыментальнай базе «Крынічная».

— Што самае значнае ў вашай селекцыйнай рабоце?

— Пры вывядзенні высокапрадукцыйнай пароды перш трэба дакладна ацаніць радаслоўную і знешні выгляд жывёлы. Для гэтага выкарыстоўваем спецыяльныя прыборы. На ўзроўні ДНК выяўляем асноўныя параметры радаводу. Селекцыйная работа пачынаецца з распрацоўкі навуковай праграмы, якая раней кожныя пяць гадоў у рэспубліцы абнаўлялася. У аснову яе закладваецца прадукцыйнасць жывёлы, якая прагназіруецца, якасць атрыманага прадукту і выхад цялят. Па нашых назіраннях, захаванасць чырвоных малочных кароў лепшая, чым іншых парод, і выхад цялят у іх больш высокі.

— У селекцыі важную ролю адыгрываюць навуковыя кантакты. Як склаліся стасункі беларускіх вучоных-селекцыянераў жывёлы з замежнымі калегамі пасля ўвядзення калектыўным Захадам санкцый супраць нашай краіны?

— Раней многія сродкі для вя­дзення селекцыйнай работы набывалі ў заходніх партнёраў, а зараз пераарыентаваліся на расійскія. Па якасці яны не ўступаюць еўрапейскім. Канешне, нельга працаваць у адрыве ад су­светных тэхналагічных стандартаў. Падтрымліваем дзелавыя сувязі з вучонымі Усерасійскага інстытута жывёлагадоўлі і Расійскага навукова-даследчага інстытута племянной жывёлагадоўлі, абменьваемся навуковымі дэлегацыямі. Супольна працуем па вывядзенні кароў чырвонай малочнай пароды. На жывёлагадоўчай ферме свіслацкага УСП «Новы двор» у кароў узялі вышчыпы і адвезлі на даследаванне расійскім калегам. Ладзім сумесныя навукова-практычныя канферэнцыі. У расійскіх навуковых выданнях выходзяць нашы артыкулы, і ў айчынных друкаваных крыніцах пастаянна змяшчаюцца даследаванні расійскіх вучоных-аграрыяў.

— Якім вам бачыцца ідэальны вучоны?

— Місія навукоўца — быць заўжды наперадзе і выстаўляць вехі, па якіх развівацца пэўнай галіне вытворчасці. Пастаянна працую над сабою, вывучаю ўсё новае ў жывёлагадоўлі. Захапляюся і мастацкай літаратурай. Перачытаў шмат сусветнай класікі. У сорак гадоў праглынуў раман Льва Талстога «Воскресение». У юнацтве не так гэты твор успрымаўся. Захапіў мяне твор Віктара Гюго «Отверженные». Тры тамы адолеў за месяц, а «Собор Парижской Богоматери» за дзень. Імкнуўся яго чытаць і ў 20 гадоў, але на першых старонках спатыкаўся. Пісьменнік па-майстэрску адлюстраваў каталіцкі свет. Літаратурная класіка выхоўвае чытача. Захапляюся і чытаннем пра геніяльных людзей свету. Уразіла навуковая спрэчка генія ў галіне квантавай фізікі Нільса Бора з Эйнштэйнам наконт тэорыі заблытаных часціц, што рухаюцца хутчэй за святло. Па тэорыі Нільса Бора, дзякуючы ім імгненна можа адбыцца рэакцыя ў розных кутках зямлі.

— Быць навукоўцам ганарова, але, напэўна, і адказна?

— Кожную лічбу і вывад грунтоўна правяраю — так мяне вучылі з першых крокаў у навуку. Шмат карыснага пераняў ад кіраўніка кандыдацкай дысертацыі, доктара сельгаснавук, прафесара Міхаіла Паўлавіча Грыня. Вучоны стаяў у вытокаў заснавання беларускай школы селекцыянераў у галіне жывёлагадоўлі, праз яго рукі прайшло больш за два дзясяткі кандыдатаў сельгаснавук.
У тым, што Беларусь уваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў па вытворчасці малака на душу насельніцтва ў год (840 кіла­грамаў), безумоўна, заслуга і вучоных-селекцыянераў. Штогод павялічваецца валавы надой па краіне. Напрыклад, летась дасягнуў 8 мільёнаў тон. У навуковых лабараторыях вядзём даследаванні па павышэнні генетычнага патэнцыялу і жыццяздольнасці кароў з улікам біятэхналагічных метадаў, а таксама па ўдасканальванні тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў, норм кармлення, умоў вытворчасці малака.
— На які перыяд разлічана праграма развядзення чырвонай малочнай пароды кароў?

— Першапачаткова намячалася завяршыць яе да 2030-га. Калі распрацоўвалі план дзейнасці, генерацыённы інтэрвал складаў 67 гадоў. Дзякуючы скарочанаму вучонымі геномнаму механізму ён зменшыўся да двух гадоў. Гэта адпаведна паўплывала на больш хуткую рэалізацыю дзяржпраграмы па вывядзенні чырвонай малочнай пароды. Гэтыя каровы прыдатны як да круглагадовага стойлавага ўтрымання, так і выпасу на лугах. Патрабуюць менш затрат, чым іншыя пароды. Як і галштынаў, іх можна разводзіць, як кажуць, ад Паўднёвага да Паўночнага полюсаў.

— У свеце набывае папулярнасць вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі раслінаводства і садаводства. У гэтым плане якая перспектыва ў жывёлагадоўлі?

— Прадукцыя нашых ферм высока каціруецца на сусветным спажывецкім рынку, пастаўляецца ў многія краіны. Каб вытрымаць канкурэнцыю, якасці прадуктаў жывёлагадоўлі заўжды будзе надавацца першараднае значэнне. Але смак сырадою з майго хутарскога дзяцінства ні з чым не параўнаць.

— Даводзіцца бываць у тых мясцінах, дзе выраслі?

— Часцей у снах завітваю ў родны палескі хутар Бродніца, мілы сэрцу куточак. Там звычайна бавіў лета ў бабулі Еўфрасінні Астапаўны і дзядулі Васіля Лукіча. Трымалі яны дзве каровы. Пасвіў і даіў рагуль, а таксама збіраў клубніцы і прадаваў. За выручаныя грошы купляў усё неабходнае да школы. У маім жыцці былі ўзлёты да нябёс і падзенні да апраметнай.

— Мікалай Іванавіч, што больш асела ў памяці з дзяцінства?

— Самы яркі момант, як з бацькам на лодцы перавозілі сена па рэчцы Цне. Глядзеў, як у чыстай плыні мільгалі печкуры. А якія прыгожыя азёры з белымі лілеямі акружалі наш хутар! Меліярацыя не кранула тыя мясціны. У канавах, рачных затоках лавілі з хлопцамі рукамі карасёў, уюноў, лінёў. Сябры гэта рабілі спрытна, а з маіх рук рыба чамусьці выскоквала. Так і з грыбамі было. Пойдзем з татам у лес, ён здалёку бачыць пад дрэвамі баравікі ці падасінавікі, а я крочу побач і нагамі за іх чапляюся.

Застаўся ў памяці дзядуля Васіль Лукіч. Мне было сем гадоў, як яго не стала. Нядаўна адшукаў у інтэрнэце, што ён змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў складзе 237-га запаснога стралковага палка пятай ударнай арміі 1-га Беларускага фронту. Ваяваць пайшоў пасля вызвалення савецкай арміяй нашай мясцовасці ад акупантаў, быў на фронце да пераможнага мая 1945 года. Узнагароджаны баявы­мі медалямі. Вялікая Айчынная падка­сіла яго здароўе. Калі памерлі дзядуля і бабуля, бацькі прадалі хутар.

— Сваё жыццё прысвячаеце аграрнай навуцы. А ці ёсць у вас асоба, на якую хочацца раўняцца?

— Мой кумір па жыцці — святы Іосіф, сын Якава Ізраілева. У яго вучуся, як трэба жыць, а як не павінна — у Самсона. У Свяшчэнным Пісанні ёсць радкі: «Праведнік на шляхах Гасподніх упадзе шмат разоў, але падымецца і дойдзе да сваёй мэты. А бязбожны не ўстаіць і загіне». Глыбокі сэнс у гэтым выказванні.

— Вы зайздросны чалавек?

— Звяртаюся малітвамі да Усявышняга, каб пазбавіў гэтай заганы. Завіслівасць — гэта дух, як і пажадлівасць, абжорства, лянота. Змагаюся з імі. У школьныя гады не давалася матэматыка. Трэба было здаваць экзамен па геаметрыі, а я ніяк не мог засвоіць тэарэмы. Настаўнік параіў вывучыць асновы прадмета. Стаў вучыць на памяць тэарэмы і толькі тады, калі дайшоў да дзясятай аксіёмы, адчуў сэнс усіх папярэдніх. Усё так проста атрымалася. Так і цяпер з дачкою Ангелінай вучым матэматыку. Раю ёй больш займацца прадметам, і ўсё стане на свае месцы.

— А як можна падняць прэстыж аграрных прафесій?

— Урбанізацыя ахапіла ўвесь свет. Вось мой сын Яўген вучыўся ў БНТУ, але раптам зразумеў, што гэта не яго справа. Адслужыў у арміі і стаў красільшчыкам. А потым сэрцам адчуў сваё прызванне і паступіў на ветфакультэт Белдзяржветакадэміі.
Праца на зямлі — гэта не прафесія, а лад жыцця. Знаёмы нямецкі фермер скардзіўся, што не можа ўгаварыць сына займацца яго справай. Да працы на зямлі прывучаюць з маленства. Згодны са словамі Прэзідэнта, што ў аграрныя навучальныя ўстановы трэба больш прымаць па мэтавым накіраванні. Пасля заканчэння вучобы выпускнікі павінны не два ці тры гады адпрацоўваць — так з'явіцца магчымасць замацоўваць кадры.

— Мікалай Іванавіч, чым напоўнены для вас Год міру і стварэння?

— Задача вучонага пастаянна рухацца наперад. Апошнім часам зацікавіў праект па развядзенні малочных авечак. Памятаю, як паўтара дзесяцігоддзя таму Прэзідэнту раска­залі пра перспектыву гэтай галіны. На першым месцы стаіць вытворчасць авечага малака, а бараніна і воўна — другарадны прадукт. Больш выгадна закупляць воўну ў Аўстраліі. Бараніна ў нас не так папулярна, як ялаві­чына і свініна. Атрыманы з авечага малака прэміум-класа прадукт запатрабаваны будзе на айчынным рынку і за мяжою. Такая авечкаферма дзейнічае ў Барысаўскім раёне. Навуковец нашага цэнтра Юрый Іванавіч Герман для Мінсельгасхарча завяршае распрацоўку праекта па развядзенні малочных авечак. Год міру і стварэння напоўнены карыснымі ідэямі дзеля развіцця краіны. А рэалізаваць іх магчыма толькі пры ўмове, калі над намі будзе мірнае неба.

— Ваша запаветная мара?

— Каб Беларусь дасягнула ўзроўню лепшых краін свету. І для гэтага ёсць усе падставы: на нашай зямлі мірна жывуць прадстаўнікі розных народаў і веравызнанняў. Каб квітнела Радзіма, трэба кожнаму працаваць на яе карысць.

— Калі складаецца рызыкоўная сітуацыя, як паступаеце?

— Перш трэба падумаць: а ці маеш права на такі крок?

— Што для вас значаць словы «патрыёт», «патрыятызм»?

— Патрыёт — чалавек, які любіць зямлю сваіх продкаў. Трэба выхоўваць у грамадстве павагу да іх, вучыць дзяцей, што ёсць рэчы абсалютна недапушчальныя. Нездарма кажуць: сябе ўзяць у рукі значна цяжэй, чым Напалеону перамагчы Еўропу.

— Ваш жыццёвы дэвіз?

— Не рабі іншым таго, чаго сабе не жадаеш.

 subbat50@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter