Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Усталяванню кантактаў паміж навучальнымі ўстановамі Цюмені і Мінска дапамагаюць сібірскія беларусы

Вучацца сябраваць

Не сакрэт: каб маглі сябраваць школьнікі розных краін, павінны пастарацца дарослыя. Праект “Дружба цюменьскіх і беларускіх школьнікаў” якраз на тое й скіраваны. Увасабляць яго ў жыццё пачалі Камісія па развіцці грамадскай дыпламатыі ды працы з суайчыннікамі Грамадскай палаты Цюменьскай вобласці разам з рэгіянальным аддзяленнем Расійскага руху школьнікаў. Кіраўніца ж апошняга, Наталля Ахлюсціна, патлумачыла: праект дае магчымасць дзецям знаёміцца з культурай, гісторыяй абедзвюх краін, звычаямі ды традыцыямі народаў. Надалей плануецца ладзіць і сустрэчныя візіты школьнікаў.

Вучні цюменскай школы маюць сяброў у Беларусі

А першым “дружалюбным крокам” праекта было ўсталяванне сяброўскіх кантактаў паміж гімназіяй № 19 Мінска і школай №69 Цюмені. Навучальныя ўстановы ўжо абменьваюцца досведам. Дзеці маюць зносіны й знаёмяцца з культурай краіны-суседкі. Удзельнікі праекта ладзяць кожны ў сваёй школе ці гімназіі святы, прымеркаваныя да дзён грамадскіх арганізацый і рухаў, у якія ўваходзяць. Вось і 21 лістапада ў 69-й школе быў дзень Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Сяброўская сустрэча прайшла ў актавай зале школы. Да вучняў прыйшлі госці з абласной грамадскай арганізацыі, што аб’ядноўвае беларусаў: гэта Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь”.

Спачатку на сцэне быў танцавальны нумар, затым вядучыя разам з вучнямі 11-А цікава расказвалі пра Беларусь. Прыводзілі займальныя факты, напрыклад, пра бульбу, з якой гатуецца больш за 300 страў. Дэманстраваўся відэаролік, зняты вучнямі 8-А класа 19-й мінскай гімназіі: беларусы паказалі сваю школу і яе дасягненні ў экалагічнай сферы. Гімназісты арганізавалі раздзельны збор адходаў у гімназіі, там ёсць спецкантэйнеры для паперы, пластыка, шкла. На ўроках тэхналогіі там майструюць вырабы з экалагічна чыстых матэрыялаў.

Госць сустрэчы, член Грамадскай палаты вобласці Павел Смірноў расказаў пра дзейнасць Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, у якіх шмат розных праектаў і конкурсаў. Перадаў школе падзяку за ўвагу да Беларусі, кнігі й часопісы ад Ганаровага Генеральнага консула Беларусі ў Цюмені Уладзіміра Шуглі. Госці з беларускага ансамбля “Лянок” Клаўдзія Зуева і Аляксандр Вахнічаў спявалі народныя беларускія песні, потым усе разам — вядомую “Как здорово, что все мы здесь, сегодня собрались” ды сфатаграфаваліся на памяць.

А ў снежні запланавана правядзенне дня Расійскага руху школьнікаў у 8-А класе 19-й мінскай гімназіі. Зноў будзе наладжаны кантакт паміж Мінскам і Цюменню, дзеці абмяняюцца пісьмамі, фота, відэаролікамі з мерапрыемстваў, раскажуць пра свае ўражанні, сацыяльныя праекты.

Кола беларуска-цюменьскіх сяброў будзе пашырацца. Робяцца захады, каб усталяваць сяброўскія стасункі паміж 16-й гімназіяй Цюмені ды 5-й гімназіяй Брэста, паміж 62-й цюменьскай школай і 1-й брэсцкай гімназіяй. Дарэчы, выбар брэсцкіх гімназій — не выпадковы: паміж гарадамі з 1999 года ўсталяваны пабрацімскія сувязі. Асноўныя кірункі супрацоўніцтва Брэста й Цюмені: развіццё выставачнай дзейнасці, экспартна-імпартных адносін на ўзаемавыгаднай аснове, сацыяльнае супрацоўніцтва. Наладжаны абмен досведам грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў, у сферы добраўпарадкавання і развіцця гарадской інфраструктуры.

Наталля Габрусь, г. Цюмень

Голас Радзімы № 47 (3551), чацвер, 14 снежня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter