Возера замест поля...

ІНФАРМАЦЫЯ аб тым, што навадненнем затапіла большую частку вуліц Верхнядзвінска, паступіла яшчэ ў нядзелю 21 красавіка, адвячоркам. На наступны дзень быў у горадзе і ў першую чаргу пацікавіўся ў райвыканкаме абставінамі. Мяне падвялі да вакна і паказалі на гарадскі стадыён, які знаходзіўся ўсяго ў некалькіх дзясятках метраў ад установы. Яго чаша была поўнасцю запоўнена вадой.

Пад вадой Заходняй Дзвіны апынуліся сам горад Верхнядзвінск і звыш 1000 гектараў азімых. Што прадпрымаюць улады на месцы...

ІНФАРМАЦЫЯ аб тым, што навадненнем затапіла большую частку вуліц Верхнядзвінска, паступіла яшчэ ў нядзелю 21 красавіка, адвячоркам. На наступны дзень быў у горадзе і ў першую чаргу пацікавіўся ў райвыканкаме абставінамі. Мяне падвялі да вакна і паказалі на гарадскі стадыён, які знаходзіўся ўсяго ў некалькіх дзясятках метраў ад установы. Яго чаша была поўнасцю запоўнена вадой.

Вельмі крытычнае становішча

— Такога не было паўвека, — прыгадаў начальнік штаба па пропуску крыгахода і павадкавых вод Сяргей Валковіч. — Тады, у 1962 годзе, да райвыканкама дабіраліся на лодках. Цяпер мала чаго засталося да падобнай сітуацыі. Крытычны ўзровень пад’ёма ракі Заходняя Дзвіна — 8,4 метра. Сёння маем 10 метраў 95 сантыметраў. Плюс — 2,55 метра. Яшчэ сантыметраў 30, самае большае 50 — і воды рэк Дрыса і Дзвіна зліюцца на вуліцах цэнтра горада…

Потым разам з ім мы пабывалі ў зонах падтаплення. У водным палоне аказаліся 24 вуліцы з 40 наяўных. У асноўным прыватны сектар. 224 дамы.

У некаторых, што размясціліся на беразе ракі Дрыса, вада падступіла да самых вокнаў, а з гаспадарчых забудоў віднеліся толькі адны стрэхі.

— У вадзе хата, лазня, хлеў, — разводзіць рукамі жыхар вуліцы Палявой Раман Юлдашаў. — У нас тут сапраўдная Венецыя!

Дабралася вада і да школы, і да дзіцячага сада. Трапіць у памяшканні можна было толькі па драўляных насцілах і жалезабетонных плітах.

— Крытычнае, іначай не назавеш, склалася становішча ў сельскай гаспадарцы. — Поўнасцю пад вадой апынуліся звыш 1000 гектараў азімых, — паведаў начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Быкаў. — А наогул, калі глядзелі з верталёта, то вызначылі, што да 50 працэнтаў пасеваў, а іх у нас 18 тысяч гектараў, закрануў павадак. На палях, у так званых «блюдцах», стаіць вада. І спусціць яе няма куды. З 14 гаспадарак пацярпелі ад воднай стыхіі 10. Асабліва такія, як ААТ «Прудзінкі», «Баліны», «Нурава», «Антонава», «Лявонішына», «Сакалоўшчына», сельгаспрадпрыемствы «Ужыца», «Дрысенскі». Вада падыходзіла пад склады, таму перавозілі ў іншыя месцы насенне, мінеральныя ўгнаенні. Размываюцца абочына дарог, трубаправоды. На некаторыя палі практычна немагчыма дабрацца. І не толькі весці вясенне-палявыя работы, а нават падкарміць азімыя. Між тым ідзе іх вегетацыя і на вачах растае ўраджай, на які так разлічвалі. Летась мы занялі першае месца ў вобласці, атрымалі 35 цэнтнераў на круг. Былі ўдзельнікамі рэспубліканскіх «Дажынак». Усё было зроблена і сёлета, каб замацаваць поспех. І вось падножку падставіла прырода. Праўда, мы не губляем аптымізму, людзі зробяць усё, што ад іх залежыць. Давядзецца шмат пасеваў перасяваць, рамантаваць. На гэта спатрэбяцца сродкі. Пасевы былі застрахаваны, але кампенсацыя складзе, на жаль, толькі 50 працэнтаў. Спадзяёмся, што нас не пакінуць у бядзе.

У гэты ж дзень карэспандэнту   «БН» давялося наведаць удзельніка рэспубліканскіх «Дажынак» — перадавую гаспадарку раёна ААТ «Прудзінкі», дзе летась сабралі на круг больш за 45 цэнтнераў зерня. Амаль тры дзесяцігоддзі гэту гаспадарку нязменна ўзначальвае Васіль Краснік, сапраўдны гаспадар зямлі. Разам з ім мы паехалі на поле, дзе пасеяны трыцікале. Але толькі вузкая зеленаватая палоска ад дарогі сведчыла аб гэтым. Далей па полі разлілося сапраўднае возера ў 300 гектараў, па якім плавалі качкі.

Падобны малюнак быў і ў ААТ «Нурава». Там жыхары вёскі Луначарская і дома-інтэрната для састарэлых, усяго паўтысячы чалавек, і наогул апынуліся на востраве. Адзіная сувязь з зямлёй — лодкі, у тым ліку Наваполацкага АСВОДА. Яго работнікі Міхаіл Лебедзеў і Віктар Магільны з 7.30 раніцы і да 20.00 вечара дастаўляюць на востраў прадукты, перавозяць людзей.

Бар’ер пакуль устаяў

Усяго 30 сантыметраў да поўнага затаплення горада? Невялічкі бар’ерчык, які пераступіць і малое дзіцё. Ці ведалі аб гэтым грамадзяне? Безумоўна. Аднак не было ніякай панікі. Горад жыў ў сваім звычайным рабочым рэжыме: працавалі прадпрыемствы, магазіны, школы, дзіцячыя сады. Хадзілі па цэнтральных вуліцах па раскладу аўтобусы.

За ўсім гэтым адчувалася надзвычай вялікая напружаная і добра, не пабаюся гэтага слова, арганізаваная работа цэлага калектыву па змаганні са стыхіяй. Галоўнакамандуючым тут, калі можна так сказаць, стаў старшыня райвыканкама Ігар Марковіч. Ён накіроўваў і кантраляваў дзейнасць штаба па павадку, аб’язджаў, абыходзіў затопленыя вуліцы, гутарыў з людзьмі, падбадзёрваў, прымаў просьбы, дапамагаў.

У Верхнядзвінску не чакалі, пакуль грымне гром. Да вялікай вады рыхтаваліся загадзя. Лясгас назапасіў неабходныя піламатэрыялы. Прадпрыемствы і арганізацыі па сваіх участках вызначылі транспарт на выпадак эвакуацыі рэчаў, хатняй жывёлы і саміх жыхароў. Асабліва трэба адзначыць інфармацыйныя групы райвыканкама і прадпрыемстваў. Выявілася, што ў наш сучасны век інфармацыі існуе праблема абвесткі насельніцтва, бо ў многіх няма радыёкропак. Дык вось, члены інфармацыйных груп зрабілі падворны абход па ўсіх вуліцах, дзе чакалася затапленне. Запісалі анкетныя дадзеныя: колькі жыхароў у доме, дзяцей да 3 год і да 15-ці, інвалідаў, пенсіянераў, хатнюю жывёлу, месца работы, бліжэйшых родзічаў ці проста знаёмых на выпадак эвакуацыі, дамашнія і мабільныя тэлефоны, а таксама пакінулі свае і нумары службаў дапамогі: ад прыёмнай райвыканкама да спецыялізаваных арганізацый.

Падчас павадку арганізавана кругласутачнае дзяжурства ў райвыканкаме і аператыўных службах. Вытрымалі няпростае выпрабаванне энергетыкі, газавікі, работнікі ЖКГ. І днём, і ноччу можна заўважыць на падтопленых вуліцах горада і вёсак службоўцаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у аранжавай форме.

— Працуем у штатным рэжыме, — гаворыць начальнік гэтай арганізацыі Андрэй Шук. — Цяпер сумесна з райпо выязджаем у вёску Буракова. Там 10 чалавек адрэзаны вадой. Заказаныя жыхарамі прадукты даставім на лодцы.

Важны момант. Ні адзін чалавек не застаецца без увагі. Напрыклад, у вёсцы Новае Сяло, гэта Бігосаўскі сельскі Савет, на самай мяжы з Латвіяй, пражываюць усяго 5 чалавек. У тым ліку — 3 дачнікі. Сярод іх і не грамадзяне рэспублікі. Таксама аўталаўкай і затым на лодцы падвезлі ім ўсё неабходнае. У раёне не дзеляць на сваіх і чужых. Дапамагаюць усім, хто трапіў у бяду.

У Верхнядзвінску давялося эвакуіраваць пакуль што 17 сямей. Што будзе далей?

Начальнік штаба па пропуску крыгахода і павадкавых вод Сяргей Валковіч паказвае штосутачны графік пад’ёму вады ў Заходняй Дзвіне з 13 красавіка: 3,38 метра, 14-га — 1,05, 15-га — 1,27, 16-га — 1,47, 17-га — 1,96. Потым 40 сантыметраў, 24 сантыметры і на раніцу 22-га — 13 сантыметраў.

— Як бачна, — падкрэслівае ён, — кожныя суткі ідзе зніжэнне ў два разы. Але ж і да самай крытычнай кропкі застаецца ўсяго сантыметраў 30. Праўда, дажджоў не абяцаюць, і будзем спадзявацца, што на гэтай адметцы, 10 метраў 95 сантыметраў, пад’ём вады ў Заходняй Дзвіне спыніцца.

Трэба заўважыць, што спраўляліся з моцным навадненнем верхнядзвінцы сваімі сіламі, не лічачы 4 вадалазаў з Віцебска і 2 членаў АСВОДа з Наваполацка. Але ж самая работа пачнецца пасля сыходу вады. І тут раёну спатрэбіцца сур’ёзная падтрымка: жыллёва-камунальнай гаспадарцы і дарожнікам па рамонту вуліц, дарог і мастоў, энергетыкам — па пераабсталяванні трансфарматарных падстанцый. І асабліва сялянам — у перасеве загінуўшых азімых і іншых пытаннях.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter