Герой Сацыялістычнай Працы фельчар-акушэр Сяргей Іванавіч Шклярэўскі

Воз дроў

Герой Сацыялістычнай Працы фельчар-акушэр Сяргей Іванавіч Шклярэўскі шэсцьдзясят пяць гадоў узначальвае Покрашаўскі ФАП Слуцкага раёна
Герой Сацыялістычнай Працы фельчар-акушэр Сяргей Іванавіч Шклярэўскі шэсцьдзясят пяць гадоў узначальвае Покрашаўскі ФАП Слуцкага раёна



ПРАЦОЎНАЯ дзейнасць выпускніка Бабруйскай фельчарска-акушэрскай школы Сяргея Іванавіча ШКЛЯРЭЎСКАГА высока ацэнена дзяржавай. Ён удастоены ганаровага звання Героя Сацыялістычнай Працы, а таксама ўзнагароджаны двума ордэнамі Леніна, медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, прызнаны выдатнікам аховы здароўя Беларусі, выбіраўся дэпутатам сельскага і раённага Саветаў, членам Цэнтральнага камітэта Таварыства Чырвонага Крыжа Беларусі, членам Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза працаўнікоў аховы здароўя. Сяргей Іванавіч Ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна і Мінскай вобласці.

ПАСЛЯ заканчэння Серагоўскай сямігодкі круглы сірата Сяргей Шклярэўскі выдатна здаў уступныя экзамены ў Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу, але на вучобу яго не залічылі. Дзяржаўны закон абавязваў забяспечваць сірот інтэрнатам, якога ў першыя пасляваенныя гады яшчэ не было. Пасля напісанай заявы, што згодзен вучыцца і без прадастаўлення жылля, юнака залічылі ў навучэнцы. 

За кватэру аддаваў палавіну стыпендыі. У вольны час пілаваў гараджанам дровы, зарабляў на аднаўленні разбураных вайной будынкаў. Самыя блізкія родныя — дзед Васіль, бабуля Юстына і сястра Маруся — самі ледзьве выжывалі. 

Вайна асіраціла сям’ю Шклярэўскіх, а летні пасляваенны пажар праглынуў хату, як і семдзесят іншых вясковых падворкаў у Серагах. Сваякі далі прытулак пагарэльцам. 

— Сястра праз знаёмых паведаміла мне пра стыхію, — вяртаецца думкамі ў мінулае Сяргей Іванавіч. — Найбольшае гора прынесла вайна. Як толькі па радыё аб’явілі аб нападзенні на нашу краіну фашысцкай Германіі, бацьку прызвалі ў армію. Выдалі ваенную форму, вінтоўку і разам з іншымі прызыўнікамі пешшу адправілі на захад, дзе ўжо кіпелі баі. Каля слуцкай вёскі Піліпавічы да калоны навабранцаў пад’ехала ваенная аўтамашына, з якой выйшаў савецкі афіцэр і закамандаваў спыніцца і заняць абарону. Некалькі дзён трымаліся ў лесе, пакуль не наляцелі варожыя самалёты і адкрылі страляніну. У мітусні паразбягаліся хто куды. Бацька ноччу вярнуўся дамоў. 

З першых дзён восені пачалі арыштоўваць савецкіх актывістаў. Забралі і бацьку. Маці пайшла ў Слуцк даведацца пра лёс яго і таксама трапіла ў турму, дзе яе жорстка катавалі, а як выпусцілі, не магла ісці. Запрог каня і забраў яе з-пад турэмнай сцяны. Доўга пасля гэтага маці не пражыла. Бацьку карнікі расстралялі за сувязь з партызанамі. Замяніў я яго на хатняй гаспадарцы ў няпоўныя 14 гадоў. Хадзіў за плугам, сеяў збажыну, нарыхтоўваў дровы, сена для каня і каровы. 

У першы год акупацыі ў нашай вёсцы працавала беларускамоўная школа. Са мною разам вучыліся і трое дзяцей сакратара Пінскага абкама партыі Сяргея Вайцяховіча, які праз балоты і лясы з сям’ёю прыйшоў да родных. Аднойчы ў школу ўварваліся паліцаі і схапілі яго дзяцей. Жонка Вайцяховіча ў гумне малаціла збожжа і, як даведалася пра гэта, кінулася ў лес расказаць мужу, які быў у партызанах. Дзяцей фашысты расстралялі ў Слуцку. Жонку Вайцяховіч пераправіў у Маскву. Пасля вайны ён працаваў у ЦК КПБ. 

Да нас невялікімі групамі па 3—4 чалавекі на падводзе, звычайна на досвітку, наведваліся сваякі з партызанскага атрада. Бабуля Юстына іх уладкоўвала, і яны да вечара былі ў нас, а потым адпраўляліся ў Слуцк на заданні. Бабуля ў печы гатавала ў вялікіх чыгунках ежу, перакладала ў торбачкі, і я насіў у схованкі партызанам.

 У першыя дні вайны прымалі мы і адступаючых чырвонаармейцаў. Пераапраналі іх у цывільнае адзенне, каб небяспечней было. Частавалі чым маглі і праводзілі ў лес, дзе з першых дзён вайны збіраліся народныя мсціўцы. Пакідалі чырвонаармейцы ў нас свае вінтоўкі, і мы іх прыхоўвалі на агародзе, а потым перадавалі ў атрад. Збіралі мы для партызан звесткі пра размяшчэнне гітлераўцаў. Распаўсюджвалі па вёсцы газету “Народны мсцівец”, у якой паведамлялася пра набліжэнне нашых войск, якіх усе чакалі.

— І хутка дачакаліся…

— Першых савецкіх байцоў я ўбачыў на досвітку за вёскай, дзе разам з сябрамі пасвіў коней. Да нас з усходу набліжаліся вершнікі. Хлопцы хацелі ўцякаць, але спужаліся, што страляць будуць. Байцы на прысадзістых конях-манголках павіталіся з намі і спыталі, чый табун. Усіх коней яны павялі з сабою. Сумаваў я па сваім Каштане. 

Пасля вызвалення Случчыны ад акупантаў прыехаў бацькаў брат Мікалай, які служыў капітанам контрразведкі ў Ленінградзе. З самых блізкіх засталіся толькі яго маці – мая бабуля Юстына і я з сястрою. Старэйшая мая сястра Ганна памерла ад запалення лёгкіх. Дзядзька ўбачыў, як нам цяжка, і вырашыў забраць мяне з сабою і ўладкаваць у сувораўскае вучылішча. На ваенным грузавіку дабраліся да Мінска, які быў увесь разбіты. Цягніком адправіліся ў Ленінград. Пакой, дзе жыў дзядзька Мікалай, знаходзіўся ў цэнтры горада, на вуліцы Салтыкова-Шчадрына. Пакуль дзядзька працаваў, я вывучаў ленінградскія вуліцы. Крокамі вымерваў Ліцейны праспект, гуляў па набярэжнай Нявы. Горад так планава забудаваны, што ў ім немагчыма заблудзіцца. Харчаваўся ў вайсковай сталоўцы. Аднойчы дзядзька дамоў не вярнуўся. Раніцай наведаўся старшына і паведаміў, што капітан Шклярэўскі камандзіраваны ў Заходнюю Беларусь на барацьбу з бандамі. 

Мне, каб атрымаць харчовую картку, трэба было працаваць. Старшына дапамог уладкавацца слесарам у электрамайстэрню Кастрычніцкай чыгункі. Вучыць мяне слясарнай справе даручылі на год старэйшаму карэннаму ленінградцу Барысу, бацькі якога ў блакаду памерлі. Праз тры месяцы атрымаў 3-і разрад слесара. Восенню мы каля горада Тосна аднаўлялі чыгуначны мост. Жылі ў бараку, што стаяў сярод поля. Да моста хадзілі за кіламетраў пяць. Каралі за самае дробнае спазненне на працу. Па шпалах штораніцы крочылі да моста і ўвесь дзень забівалі палі. Раз у суткі выдавалі па 400 грамаў хлеба і каву. У барак вярталіся мокрыя і на адзінай буржуйцы, што абагравала памяшканне, сушылі прамоклую вопратку. Туліліся адзін да аднаго і засыналі. 

Адрамантавалі мост і вярнуліся ў майстэрню. Мы з Барысам свае харчовыя картачкі атаварвалі і разам харчаваліся. Праз зіму вярнуўся дзядзька з камандзіроўкі і адразу з хваробай Боткіна злёг у шпіталь, дзе я яго штодзённа наведваў. 

Пашчасціла мне бачыць парад Перамогі на Дварцовай плошчы Ленінграда, які на трыбуне прымаў увесь у баявых узнагародах камандуючы Ле- нінградскім фронтам Маршал СССР Леанід Говараў. Панаваў небывалы ўздым, і твары людзей свяціліся радасцю. Ленінградцы адзін аднаго абдымалі і цалавалі. Увесь дзень я правёў у цэнтры горада, нават пра абед забыўся.

Пасля перамогі дзядзьку перавялі на службу ў Варонеж. Знікала мая надзея на вучобу ў сувораўскім вучылішчы. Дзядзька прапанаваў ехаць разам з ім, але я вырашыў застацца. На провадах яго надоўга затрымаўся і раніцай спазніўся на працу. Мяне маглі судзіць за гэта. Таму хуценька сабраўся і паехаў з дзядзькам у Варонеж. Ехалі праз Маскву, дзе якраз у той дзень, 24 чэрвеня 1945 года, праходзіў Парад Перамогі. Наш цягнік адпраўляўся ўвечары, і мы пайшлі на Чырвоную плошчу глядзець урачыстасць. Пачуцці ад ваеннага шэсця захлыналі. 

З Варонежа дзядзьку камандзіравалі ў Кітай, і я вырашыў вярнуцца дамоў. Да- біраўся праз Курск, Бахмач, Гомель і Асіповічы. На палях пачыналася жніво. І ў нашым калгасе ўбіралі збажыну. Працаваў на малатарні.

УВОСЕНЬ разам з сябрамі пайшоў у школу. У 17 гадоў закончыў Серагоўскую сямігодку. Вучыўся добра, і класны кіраўнік Фёдар Аляксеевіч Мароз раіў мне працягваць вучобу. Збіраўся паступаць у Гомельскі тэхнікум чыгуначнага транспарту, але дырэктар школы затрымаў выдачу пасведчання, і я ў Гомель не паспяваў адправіць дакументы. Паехаў з сябрам паступаць у Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу, якую праз тры гады закончыў. У кірзавых ваенных ботах і гімнасцёрцы атрымліваў дыплом. 

На працу размеркавалі на Случчыну, але там месца не знайшлося. Да восені займаўся ў вёсцы справамі па гаспадарцы. Прыйшла павестка на службу ў армію. Сястра купіла камсы, кісялю наварыла, хлеба напякла і запрасіла вясковага музыку на мае провады. Служыў у Прыбалтыцы кулямётчыкам марской батарэі, а потым у санітарнай часці. Жылі ў былых нямецкіх бліндажах. Высокая вільготнасць і холад праймалі. Прастудзіўся так, што атрымаў мокры пляўрыт, мяне камісавалі. Вярнуўся ў Серагі і збіраўся адбудоўваць дом. Дзяржава выдзеліла кожнаму пагарэльцу вёскі па трыццаць кубаметраў лесу. Паехаў у лясгас выпісваць дакументы і выпадкова сустрэў аднакурсніцу, якая падказала, што ў Покрашаве вызваляецца пасада фельчара. 

— Чаму вызваляецца?

— Таму што покраўскі фельчар падаў дакументы ў Мінскі медыцынскі інстытут, і ад вынікаў яго ўступных экзаменаў залежаў мой лёс. Мяне прынялі працаваць часова. Калега ў інстытут паступіў, а я застаўся ў Покрашаве назаўсёды. Вяскоўцы мяне называюць доктарам, а я ўсяго фельчар-акушэр. Медінстытут так і не закончыў і вельмі шкадую. 

У Покрашава прыехаў у матроскай цельняшцы і чорных клёшах. ФАП займаў толькі адзін пакойчык будынка, у якім яшчэ знаходзіліся сельсавет і паштовае аддзяленне. У першы дзень працы на полі ад выбуху гранаты падарваўся хлопчык. Яго тварык абсмаліла, пашкодзіла рукі, лілася кроў. Спыніў кровацячэнне, і на кані адвезлі падлетка ў грэскую раённую бальніцу. Выклікалі санітарную авіяцыю і адправілі ў Бабруйск. Жыццё ўратавалі, але застаўся сляпым. 

— Хто яшчэ дапамагае вам на ФАПе?

— Працуем ўдваіх з санітаркай Святланай Адамаўнай Свінко. Яна таксама на пенсіі. У першыя гады маёй працы абслугоўвалі каля трох тысяч жыхароў з шасці вёсак. На нашым участку пяць школ і адзін дзіцячы сад-яслі. Было 800 дзяцей школьнага ўзросту. Ведаю радаслоўную кожнай нашай вясковай сям’і.

— Як паспявалі да ўсіх?

— На калгасным кані, на веласіпедзе, а часцей за ўсё пешшу.

— Каня калгас выдзяляў?

— Людзі на конях за мной прыязджалі. І гаспадарка дапамагае. 

— Сяргей Іванавіч, які самы памятны падарунак атрымалі ад пацыентаў?

— Да падарункаў з першых дзён працы не прызвычайваў. Аднойчы падходжу да свайго падворка і бачу дровы пад плотам ляжаць. Не ведаў, хто іх прывёз. Праз гады на сустрэчы з франтавікамі насупраць мяне за сталом сядзеў ветэран Алесь Канстанцінавіч Астаповіч з вёскі Рудня і ў мяне спытаў: ці памятаю, як выратаваў яго сына? І прызнаўся, што дровы прывёз, каб я не губляў каштоўны час на нарыхтоўку іх. 

— Ці чаканай для вас была высокая ўзнагарода — Залатая Зорка Героя Сацыялістычнай Працы?

— Ніколі пра гэта не думаў. Патокам з вёсак ішлі людзі да мяне і віншавалі.

— Маладым і статным мараком з’явіліся вы ў Покрашаве. Вы выбіралі, ці вас выбіралі?

— Двойчы мне давялося жаніцца. Прыгажуня-настаўніца Марыя Дзмітраўна Зіневіч кватаравала разам з маёй сваячкай Марыяй Мікалаеўнай Савановіч, якая таксама настаўнічала ў Покрашаве. У той час захлыналі эпідэміі дзіцячых хвароб: дыфтэрыя, коклюш, шкарлятына, адзёр. Суткамі хадзіў ад хаты да хаты і ратаваў дзетак. Надта стамляўся і забягаў да маладых настаўніц адпачыць — і закахаўся. Зрабіў прапанову і атрымаў згоду. Дырэктар мясцовага вінзавода Іван Сымонавіч Янковіч пагадзіўся быць сватам, і на яго “козліку” паехалі ў Грэск да бацькоў нявесты. Нас прынялі, і сватаўство перарасло ў невялікае вяселле. Праз тры гады зайшоў у сельсавет і аформіў шлюб. Збудавалі свой драўляны дом, але, на жаль, нядоўгім выдалася жыццё маёй гаспадыні. Застаўся адзін. Горыч страты дапамагала пераадолець праца і вяскоўцы. Добрыя людзі пазнаёмілі з урачом Нэляй Мікалаеўнай Якухновай, у якой не склалася сямейнае жыццё, і яна сама выхоўвала дваіх дзяцей. З ёю пражыў шаснаццаць гадоў і зноў аўдавеў.

— А дзеці Нэлі Мікалаеўны з вамі падтрымліваюць адносіны?

— Кожныя выхадныя іх чакаю. З унукамі Паўлікам, Алесем і Іллёй прыязджаюць. Разам агарод садзім, сад даглядаем.

— Што вас прымушае ў такім паважаным узросце працаваць?

— Можа, гэта і стандартна, але шчырая праўда — любоў да людзей, без якіх я жыцця не ўяўляю. Не магу без працы.

— Адкуль энергія?

— Дапамагу чалавеку — і мне лягчэй становіцца. Цяпер лягчэй вясковым медыкам. Дзяцей менш, у асноўным пенсіянераў абслугоўваем. Хаджу пешшу ад хаты да хаты, дзе мяне чакаюць.

Сорак пяць гадоў выбіраўся дэпутатам і нават быў пазаштатным старшынёю Покрашаўскага сельсавета. Дваццаць пяць гадоў дэпутатам раённага Савета, дзе ўзначальваў камісію па аздараўленні, сацыяльным забеспячэнні і фізічнай культуры. Быў членам Цэнтральнага камітэта Таварыства Чырвонага Крыжа Беларусі, членам абкама і Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза працаўнікоў аховы здароўя. 

Першую дзяржаўную ўзнагароду — Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР — атрымаў амаль шэсцьдзясят гадоў таму за барацьбу з дыфтэрыяй. Мы не дапусцілі ні адзінага лятальнага канца. Трымалі сываратку напагатове, і яна магічна дзейнічала, галоўнае было не ўпусціць момант. 

— Сяргей Іванавіч, маё пажаданне: каб было моцнае здароўе і ў вашых пацыентаў, і ў вас, вясковага доктара!

Уладзiмiр СУБАТ

Слуцкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter