Жители агрогородка Тонеж Лельчицкого района провели старинный обряд

Вой ты, чырачка-пташачка, прынясі нам вясну!

«Чырачка» — гэта традыцыйнае свята прысвечана прыходу вясны, прылёту і сустрэчы птушак — чырачак. Ад таго і носіць абрад такую назву. Праходзіць ён у апошнюю нядзелю перад Вялікім пастом, на Масленіцу.


Старажытны веснавы абрад праводзяць штогод. Для чаго зранку вясковыя жанчыны замешваюць і раскатваюць цеста. Пасля гэтага выразаюць з яго пернікі ў выглядзе птушак-чырачак і выкладваюць спачатку на бляху, а потым у кошык, каб пачаставаць усіх прысутных на свяце. У гэты святочны дзень жыхары Тонежа, дарослыя і дзеці, а таксама школьнікі з вёскі Іванава Слабада, гарадскога пасёлка Лельчыцы сабраліся ў Тонежскім доме культуры. Вясковая дзятва ўпрыгожвае елку стужкамі і самаробнымі кветкамі пад абрадавую песню.

Свята «Чырачка» не можа існаваць без песень. Вясновы гурт з пудзілам зімы, елкай, печывам у выглядзе птушак спачатку накіроўваецца з песнямі па вясковай вуліцы да ўзгорку. Па шляху да святочнага шэсця далучаюцца іншыя людзі, а потым яно падымаецца ўгору. Там дзеці, моладзь перадшлюбнага ўзросту і сталыя жанчыны становяцца ў карагод у тры колы, у якім спяваюць, размаўляюць і гуляюць у «Грушку». Заканчваецца свята развітаннем з елкай. Хлопчык павінен узлезці з ёю на дрэва як мага вышэй, бліжэй да сонца. Гэтым ён падае ўсім прысутным знак, што вясна прыйшла. Жанчыны ж рассцілаюць дарожку, па якой усе жадаючыя скатваюцца з гары ў нізіну, каб цэлы год не балелі ні рукі, ні ногі, ні спіна!


Усё завяршаецца агульнай трапезай. Тонежскія жанчыны рассцілаюць на зямлі абрус, ставяць на яго традыцыйныя стравы і запрашаюць усіх пачаставацца: «Малым дзеткам — па яечку, старым бабкам — па кіёчку». Удзельнікі абраду і госці частуюцца апетытнай яечняй, у місачцы яна падобна на сонейка, як і самі круглыя бліны, яшчэ і з салам, крывянкай, сырам, маслам. Ёсць нават песня: «Малым дзеткам — гаршчок масла, гаршчок сыра…»

Трапеза заканчваецца да абеду, і людзі разыхо­дзяцца, каб зноў гукаць вясну ў наступным годзе і як заўсёды звяртацца да яе за цяплом, кветкамі, багатым ураджаем, прыплодам жывёлы, а таксама сямейным шчасцем.

Загадчыца філіяла «Тонежскі сельскі дом культуры», кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Таняжанка» Тамара Прыбалавец нагадала:

— Яшчэ ў 1930-х гадах пасля наведвання вёскі Палескай комплекснай экспедыцыяй Акадэміі навук СССР і БССР Тонеж атрымаў прызнанне як «самая песенная вёска на Палессі». У 2006-м мясцовы народны хор пераўтварыўся ў народны фальклорны калектыў «Таняжанка». Падтрымліваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне мясцовыя старажытныя традыцыі — гульні, песні, танцы, народныя святы і абрады — тонежскія жанчыны.

У 2021-м народнаму фальклорнаму калектыву спаўняецца 15 гадоў. Ён актыўны ўдзельнік і жаданы госць раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных культурных мерапрыемстваў.

Трэба дадаць, што абрад у 2016 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і мае ахоўны статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Людміла Мельнікава, вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter