Востраў надзеі Альберцін

Інваліды вяртаюцца адсюль на планету людзейЯшчэ нядаўна гэтыя людзі і на вуліцы, і ў роднай хаце пачувалі сябе не заўсёды ўтульна. Іх не разумелі, не ўспрымалі, не спагадалі. Бо яны — інваліды. Не такія, як усе. Многія з гэтых няшчасных гатовы былі змірыцца са сваім лёсам. Але ў Слоніме знайшлі спосаб, як вярнуць іх у соцыум. Пры раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўжо трэці год працуе аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў — адно з першых у краіне.

— Гэта пэўнага кшталту клуб, куды можа прыйсці любы чалавек з сур’ёзнымі праблемамі здароўя, знайсці такіх жа, як ён сам, ды пазбыцца самоты і адчужанасці, — верыць у плён працы аддзялення Вера Мельнікава, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Слонімскага раёна. — На жаль, цалкам вылечыць людзей з фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі не ўдасца. Але адаптаваць іх да нармальнага жыцця магчыма.
У жніўні 2006 года, калі аддзяленне толькі збіраліся адкрыць, для яго не знайшлі іншага месца, як колішні дзіцячы садок у старажытным прадмесці Альберцін. Будынак дагэтуль вымагае капітальнага рамонту. Але людзям, якія цяпер туляцца ў трох пакойчыках прытулку, за шчасце і тое, што яны маюць. Бо тут — іх маленькі востраў надзеі. Дапамагаюць яго зрабіць утульным дабрачынныя арганізацыі — мясцовы філіял хрысціянскага таварыства “Карытас” і Мальтыйская служба дапамогі з Германіі. Яны паставілі ў прытулку абсталяванне для швейнай і сталярнай майстэрняў, забяспечылі халодны будынак аўтаномнай сістэмай ацяплення.
Я завітаў у аддзяленне для інвалідаў у той момант, калі тутэйшыя насельнікі давалі тэатралізаванае прадстаўленне. Не на публіку. Яны ігралі для сябе. Хтосьці пераўвасобіўся  ў Верку Сярдзючку, нехта — у пірата, а адзін дзяцюк — у арабскага шэйха. Тут можна рэалізаваць любую мару, фантазію. Касцюмы хлопцы, дзяўчаты, мужчыны, жанчыны — тут сабраліся людзі рознага веку — шыюць, між іншым, самі.
Загадчыца аддзялення Раіса Барысёнак выбрала працу з інвалідамі свядома і ўжо паспела стварыць для апекуноў восем творчых гурткоў.
— Яны такія ж людзі, як і мы з вамі, яны хочуць неяк рэалізавацца ў жыцці, выйсці з той “вязніцы”, у якую загнаў іх лёс, — Раіса Васільеўна ставіцца да “пацыентаў” не як да хворых, а як да сяброў. — Яшчэ год назад многія з тых, хто прыходзіць да нас, не маглі прамовіць ні слова, было відаць, як моцна закамплексаваныя гэтыя людзі. Я пачала з таго, што ладзіла кожнаму святкаванне дня нараджэння. З часам усе між сабой перазнаёміліся, і калі раней на тварах чыталіся смутак і трывога, то цяпер — шчырая радасць.
Пра альберцінскі прытулак ужо складаюць легенды. Адна з мам нават хвалявалася, што дачка звязалася з дрэннай кампаніяй. “Яе дачка прыходзіць да нас з самага ранку і застаецца як можна пазней, таму маці занепакоілася, куды стала знікаць дзіця. Прыйшла сама да нас, пабачыла ўсё і супакоілася. Раней жа дачка днямі сядзела дома і баялася выйсці на двор”, — Вера Мельнікава гэты выпадак лічыць паказальным. Пасля “тэрапіі” ў Альберціне многія, хто раней саромеўся паказацца на вуліцах Слоніма, ужо свабодна наведваюць шматлюдныя фэсты.
Аддзяленне для інвалідаў не стала канцавым пунктам у лёсе тутэйшых насельнікаў. Многія знайшлі тут свае “палавінкі”, з дапамогай супрацоўнікаў сацыяльнага цэнтра атрымалі працу ў горадзе — швачкі, бухгалтара, вартаўніка. З’явіўся рэальны шанц вярнуцца на планету людзей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter