Іржа як элемент цюнінгу: мінчанін ператварыў старыя “жыгулі” ў мясцовую славутасць

Востраў іржавага генерала

Старыя савецкія аўто, ад якіх аўтааматары, перасаджваючыся за руль патрыманых іншамарак, масава пазбаўляліся ў пачатку 1990-х, сёння зноў у пашане. Праўда, на гэты раз за «капейкамі», «iжыкамi», «перамогамі» і «запарамі» замацавалася слава рарытэтаў. Убачыць на вуліцах гарадоў такія экзэмпляры ў добрым стане нават дзіўна. Зрэшты, уладальнікі нават такіх аўтамабіляў часам спрабуюць зрабіць усё, каб іх дзецішчы вылучаліся ў агульным аўтамабільным патоку. Да прыкладу, калі прагуляцца па вул. Карла Маркса ў Мінску, у адным з двароў можна знайсці вельмі цікавы ВАЗ-2102.

Машын у стылі Rat style ў нас у краіне зусім мала.

Камень мохам не зарасце

Я падыходжу да вуліцы Карла Маркса, 21, дзе ў першы раз убачыла дзiўным чынам адрэстаўрыраваныя «Жыгулі». Гаспадар машыны Кірыл Фiлiповіч ужо стаіць каля задніх дзвярэй машыны. Ён смяецца:

— Вось паглядзіце! — паказвае ён на аб'яву «Прадам валасы», якую знаходлівы расклейшчык прыляпіў прама на шкло кідкага аўто. Кірыл робіць некалькі фота для Instagram і адразу атрымлівае некалькі забаўных каментарыяў ад сяброў.

Аўтамабіль у літаральным сэнсе парос мохам. Праўда, вырасціць яго, як кажа Кірыл, аказалася не так проста. Спачатку хлопец клеіў штучны мох на скотч, але знешнім выглядам застаўся незадаволены: хацелася чагосьці натуральнага. Затым паўтарыў эксперымент з жывым лішайнікам, і стала лепей. Праўда, пасля першай жа выставы «Рэтра-Мінск» аматары памацаць усё рукамі абарвалі большую частку расліннай стылізацыі. Пасля гэтага прыйшла ідэя пасадзіць мох на звычайны сілікон. Гэты варыянт аказаўся самым прыдатным.

— Вядома, ёсць свае мінусы ў такiм стылi, але пакуль гэта лепшае з таго, што я спрабаваў, — прызнаецца Кірыл.

Мох у кампаніі з іржавым капотам выклікае змяшаныя пачуцці ў работнікаў ДАІ. У 2014 годзе, калі Кірыл скончыў рэстаўрацыю аўтамабіля, яго часта спынялі, з падазрэннем аглядалі машыну і прасілі дакументы. Хлопец тлумачыць:

— Калі падымалі капот, пераконваліся, што там усё ў выдатным стане — рухавік да гэтага часу працуе як новенькi, — і адпускалі мяне дадому. Інспектараў з іх прэтэнзіямі лёгка можна зразумець. Машына выглядае забаўна, але ржавыя, парослыя мохам «Жыгулі» — гэта не зусім бяспечна.


Пацук на колах

Кірыл заводзіць машыну, і мы едзем па праспекце Незалежнасці. Я на ўласным вопыце пераконваюся, што машына цалкам на хаду. Праўда, трасе ў ёй моцна — гэтым адрознiваюцца амаль усе аўтамабiлi савецкага часу. Калі ж мы праязджаем няроўны ўчастак дарогі, добра чую рыпучы гук дзесьцi пад нагамi — ніжняя частка машыны разам з глушыцелем і іншым механічным дабром на павароце трэцца аб асфальтавае пакрыццё галоўнага праспекта  нашай сталіцы.

— За дэталі не страшна? — цікаўлюся я.

— Там нічога дарагога няма. Машына старая, і запчасткі да яе бюджэтныя. Знайсцi iх не цяжка, — тлумачыць Кірыл.

У заводскай зборцы ў ВАЗ-2102 прадугледжвалася досыць высокая пасадка, але прыгажосць патрабуе ахвяр, і ў пагоні за стылем даводзіцца чымсьці ахвяраваць. Паніжэнне ўзроўню салона — адна з самых дарагіх цюнiнгавых працэдур з лiку тых, што рабіў Кірыл для сваёй машыны. Цэлы камплект прыйшлося заказваць у Санкт-Пецярбургу.

Свае «Жыгулі» ён адносіць да стылю Rat Look («падобны на пацука»). Як заўважае адзін з сайтаў для аўтамабілістаў, чым больш на кузаве, дзвярах, капоце, багажніку ўвагнутасцей, пацёртасцей, слядоў ад шпаклявання, тым лепш! Выцвіла фарба? Выдатна! З`явiлася скразная карозія? Цудоўна! А калі корпус новы, то прыходзіцца дамагацца ржы штучна. Сутнасць гэтага ў тым, што падобная на стары рыдван машына на самай справе тоіць у сабе нямала сюрпрызаў. Пад капотам такой «прыгажуні» новыя і дыхтоўныя запчасткі.

Дух сям'і

Пакуль мы едзем па плошчы Незалежнасці, Кірыл дзеліцца сямейнай гісторыяй. Мадэль машыны, празванай у народзе «двойкай», была набыта ў 1975 годзе. Спачатку была ў цёткі, якая на ёй амаль не ездзіла, затым перайшла ў спадчыну да бацькі Кірыла, а потым і сам хлопец атрымаў  гэтае механічнае дабро.

— Памятаю, як зусім маленькі сядзеў у таты на руках і рулiў, аб'язджаў выбоіны і ямы на дарогах. Тата, вядома, увесь працэс кантраляваў, але якія эмоцыі! — усмiхаецца Кірыл.

Хлопец імкнецца пакінуць у старой машыне самае галоўнае — дух яго сям'i. Нават провад, які калісьці скруціў яго бацька, застаўся ўсе там жа, недарэчна звісае над люстэркам задняга віду. Кірыл прызнаецца, што даўно пара яго прыбраць, але рука не падымаецца.

Сямейнае аўто прадаваць ён рэзка адмаўляецца, хоць прапановы, прызнаецца, былі. Пару раз ад расiян і ад галандцаў, якiя прапанавалi некалькi тысяч долараў, але адказ заўсёды адзін — адмоўны. Бо не з-за грошай узяўся за аднаўленне старога аўто Кірыл. Машына для яго ў пэўным сэнсе талісман і сімвал сямейнай гісторыі. У словах майго новага знаёмага я пераканалася асабіста.

Наталля ТЫЧКО

ntsh97@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter