Восеньская адзінота цёці Зіны

У КОЖНАГА чалавека — свой лёс, свая адметная жыццёвая пуцявіна, з клопатамі, радасцямі, цяжкасцямі. Мне ж вельмі хочацца расказаць пра жанчыну з няпростым лёсам — Зінаіду Іванаўну БАЙКОЎСКУЮ, якая жыве ў Шаркаўшчыне.

Яна перажыла жахі фашысцкага лагера…

У КОЖНАГА чалавека — свой лёс, свая адметная жыццёвая пуцявіна, з клопатамі, радасцямі, цяжкасцямі. Мне ж вельмі хочацца расказаць пра жанчыну з няпростым лёсам — Зінаіду Іванаўну БАЙКОЎСКУЮ, якая жыве ў Шаркаўшчыне.

З цёцяй Зінай (так звычайна звяртаюся да яе) пазнаёміліся, калі я прыходзіла да бабулі ў госці. А яны — суседкі. З першага погляду і заўсёды ўражвае мяне агарод цёці Зіны. Ніводнай пустазелінкі-травінкі! Неяк міжволі спытала: “Як гэта ў вас так атрымліваецца?” Жанчына ўсміхнулася: “Таму што вельмі люблю зямлю і, працуючы на ёй, радуюся…”

Хвілінку памаўчала, а потым перавяла размову на іншую тэму:

— У мяне ўсё на агародзе добра расце… Але на душы цяжкавата, бо моцна пакутую ад адзіноты. Часам пытаюся ў сябе: “Для каго я гэта ўсё раблю? Дзеля чаго жыву?”

— А чаго ж такія дэпрэсіўныя думкі ў вас? Можа, восеньскі сум агарнуў? — пытаюся.

— Зойдзем, дачушка, у хату, там усё раскажу! — прапанавала Зінаіда Іванаўна.

Спачатку ціха, спакойна распавядала гэтая простая жанчына пра сваё жыццё, а потым не ўтрымалася ад слёз. А яна мае на іх права, бо такія ўспаміны не могуць не вярэдзіць душу…

…Нарадзілася Зінаіда Іванаўна ў вёсцы Мілюціна Смаленскай вобласці, у вялікай сялянскай сям’і, дзе было ажно дзесяць дзяцей. З іх чацвёра памерлі яшчэ да вайны. А тут — і яна, зладзейка, грымнула… Бацьку з братам забралі на фронт. Маці і малыя дзеткІ трапілі ў віхуру жорсткіх выпрабаванняў. Зіна была самая малодшая. У памяці надоўга захаваліся тыя страшныя падзеі. А такога ж гора хапіла… У іх вёсцы была вялікая хата, прыводзілі туды параненых партызанаў, маці Зініна рабіла ім перавязкі.

Аднойчы партызанская разведка дазналася, што ў накірунку вёскі рухаюцца фашысты. “Уцякайце ў лес!” — скіравалі партызаны вяскоўцаў. Людзі ішлі праз лес, у бок горада Ярцава. З малымі дзецьмі рухалася і маці Зінаіды Іванаўны. У гэтым горадзе не затрымаліся, трапілі ў лапы да немцаў. Тыя пагрузілі людзей у вагоны для перавозкі жывёлы, доўга вазілі, пакуль не даставілі ў лагер, які размяшчаўся ў Слуцку. Так аказалася гераіня нашага аповеду на беларускай зямлі. Жылі там у бараках, спалі на нарах. Старэйшыя дзеці былі вязнямі-донарамі — у іх бралі кроў для нямецкіх салдатаў. У няволі з голаду і ад тыфу памерлі дзве Зініны сястры. Са Слуцка вязняў перавезлі спачатку ў Паставы, а потым — у Шаркаўшчыну…

…Цяпер, узгадваючы тое ліхалецце, цёця Зіна раз-пораз змахвае хусцінкай слязінкі з вачэй. І сум крыху адступае, калі кажа: “Добра, што хоць бацька і брат вярнуліся жывымі з фронту”.

Ішлі гады. Зінаіда Іванаўна скончыла сем класаў, вельмі хацела вучыцца далей... Вось толькі запіс-кляймо “вязень фашысцкага лагера і бежанка” ў характарыстыцы ставіў крыж на ўсіх дакументах для паступлення. Пайшла працаваць у мясцовы калгас. Выйшла замуж за вясковага хлопца. Жылося не зусім добра: свекрыві не падабалася, што нявестка не мясцовая, а бежанка. Час ад часу ўзнікалі непаразуменні, канфлікты. Але ж была і радасць — нарадзіліся два сыны.

— Іх ужо няма, — дрыготкім голасам вымаўляе цёця Зіна. — Адзін ад хваробы памёр, другі — трагічна загінуў.

Адна радасць засталася ў бабулі — унук Ілья. Ён дапамагае, і яна яго ў крыўдзе не пакідае. Бо студэнту зараз (Ілья вучыцца ў тэхналагічным універсітэце) без падтрымкі блізкага чалавека складана…

Яшчэ адна бяда напаткала цёцю Зіну нядаўна, у гэтым годзе пайшоў з жыцця муж. Вось і засталася ў доме адна… Праўда, дапамагае пляменнік мужа, які жыве недалёка, прыходзяць школьнікі з Шаркаўшчынскай СШ № 1. Раённы цэнтр сацыяльнай абароны выдзеліў сацработніка, але ж усё роўна адзінока…

— Зусім не маю здароўя, — сказала напрыканцы цёця Зіна. — Без лекаў не абыходжуся…

І, схамянуўшыся, светла глянула на мяне:

— Хай будзе шчаслівым твой лёс! Дай бог, каб не спазнала ваша пакаленне таго гора, якое некалі давялося перажыць нам…

Дзіяна ЛАЎРЫНОВІЧ

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter