Восень выдалася яблычнай

Восень трапіла ў яблычка

Восень выдалася яблычнай. Па ўсёй краіне збіраюць ураджай. Нашы яблычкі добра прадаюцца не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешніх. 

«Хвіліначку: здымаю». Прыгажосць і водар вераснёўскага саду

У Брэсцкай вобласці адразу тры буйныя сельгаспрадпрыемствы вырошчваюць яблыкі: ААТ «Агра-сад «Рассвет», СВК «Чарнаўчыцы», ААТ «Астрамечава». Першы ў краіне сад прамысловага тыпу заклалі 40 гадоў таму недалёка ад вёскі Вістычы — цэнтральнай сядзібы ААТ «Агра-сад «Рассвет». За чатыры дзесяцігоддзі яго плошча павялічылася са 100 гектараў да 300. Сёння сад прыносіць аграпрадпрыемству трэцюю частку выручкі.

— У гэтым годзе ўраджай яблыкаў проста выдатны! — не хавае радасці кіраўнік агра-сада Мікалай Астаповіч. — Зараз збор ураджаю ў самым разгары. Кожны дзень нашы работнікі здымаюць з дрэў каля 100 тон яблыкаў. Усяго за сезон плануем сабраць каля 3 тысяч тон. Палову гэтага аб`ёму захаваем да зімы, частка яблыкаў адправіцца на перапрацоўку, яшчэ частка — на продаж.


Вялікія планы на яблычны сезон і ў Брэсцкага аблспажыўсаюза. Усяго кааператары рэгіёна плануюць нарыхтаваць каля 15 тысяч тон. Гэта ўдвая больш, чым у мінулым годзе. Па ўсёй вобласці ўжо працуюць 150 нарыхтоўчых пунктаў.

Усяго пад яблычныя сады ў Брэсцкай вобласці адведзена каля 6 тысяч гектараў. У рамках дзяржаўнай праграмы «Пладаводства» інтэнсіўна ствараліся і рэканструяваліся сады, будаваліся сховішчы, падцягнулася вытворчая і матэрыяльна-тэхнічная база. Гэта найлепшым чынам адбілася на колькасці і якасці ўраджаю. Калі ў 2014 годзе на Брэстчыне сабралі 24,8 тысячы тон яблыкаў, то ў гэтым годзе разлічваюць сабраць больш за 37 тысяч тон.

Усяго ў ААТ «Агра-сад «Рассвет» плануюць сабраць каля 3 тысяч тон яблыкаў

Сёлетнім ураджаем яблыкаў задаволены не толькі прафесійныя аграрыі. У двары Мікалая і Ніны Церпілоўскіх з вёскі Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна расце некалькі фруктовых дрэў. Ураджаем гаспадары сядзібы задаволеныя:

«Яблычкі — наш любімы ласунак!»

— У гэтым годзе яблыкаў шмат. Здаваць на перапрацоўку мы іх не плануем. Лепш самі сок на зіму закрыем. А яшчэ яблыкі — любімы ласунак нашых унучак!

На Брэсцкім цэнтральным рынку выбар гэтай садавіны сёння багаты. Прадаецца яна  ў асноўным па цане ад 40 капеек да аднаго рубля. Галіна Засімук з вёскі Турна Малая Камянецкага раёна гандлюе на рынку амаль штодня:


— У нас вялікі сад — 71 дрэва. Яблыні вельмі старыя, але ўраджай неблагі. Калісьці бацькі яблыкі нават у Маскву вазілі. Па паўтара дзясятка тон за сезон. Мы так далёка не ездзім, гандлюем у асноўным у Брэсце. Многія пакупнікі нас добра ведаюць. Мы прадаём свежыя, нічым не апрацаваныя яблычкі. А для многіх гэта цяпер галоўнае!

p.losich@gmail.com

Фота Валерыя КАРАЛЯ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter