Восень: спраў восем

ГЭТЫЯ дні самыя напружаныя для земляробаў Віцебшчыны: шырокім фронтам разгорнута сяўба азімых, пачалася ўборка кукурузы. У Глыбоцкім раёне найбольш паспяхова спраўляюцца з гэтай работай працаўнікі палёў ДП «Азярцы». Яны паспелі пасеяць амаль палову — 43,4 працэнта кліна азімага поля.

На Глыбоччыне цяпер і сеюць, і ўбіраюць

ГЭТЫЯ дні самыя напружаныя для земляробаў Віцебшчыны: шырокім фронтам разгорнута сяўба азімых, пачалася ўборка кукурузы. У Глыбоцкім раёне найбольш паспяхова спраўляюцца з гэтай работай працаўнікі палёў ДП «Азярцы». Яны паспелі пасеяць амаль палову — 43,4 працэнта кліна азімага поля.

Мы пабывалі на ўчастку за вёскай Каміншчына, дзе сеяў пшаніцу Сяргей Шынкевіч, адзін з лепшых камбайнераў раёна, які з года ў год намалочваў звыш тысячы тон зерня.

— Сёлета мне не давялося ўдзельнічаць у жніве, — сказаў Сяргей. — Не знайшлося замены на замацаваны за мной энерганасычаны трактар. Таму спачатку рыхтаваў глебу пад рапс, потым пасеяў усе 250 гектараў, а цяпер заняты на сяўбе азімай пшаніцы. Сёння закрываю першую сотню гектараў.

Механізатар сочыць за дакладнасцю высеву: не лянуецца лішні раз праверыць на электронных вагах. Звяртае на сябе ўвагу цудоўна падрыхтаваная глеба. Прычына таму — і новая тэхніка. Прадукцыйны дыскатар прама з Віцебска напярэдадні пасяўной прыгнаў таксама адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Сяргей Кавалёнак.

Поўным ходам ідзе ў «Азярцах» і ўборка кукурузы. Адзін за другім снуюць з поля прычэпы, напоўненыя сакавітай зялёнай масай. І таму невыпадкова менавіта тут у мінулую суботу быў праведзены раённы семінар па ўборцы «каралевы палёў».

Асаблівая ўвага была ўдзелена тэрмінам уборкі і якасці захавання зялёнага корму. І вось чаму: кукурузны сілас займае да палавіны кармоў у рацыёне дойных кароў, і ад яго якасці якраз і залежыць, быць ці не быць добрым надоям у зімовы перыяд.

Увага была звернута на два істотныя моманты, дзе ў мінулыя гады ў некаторых гаспадарках былі памылкі. Па-першае, слой зялёнай масы перад трамбоўкай не павінен перавышаць 15—20 сантыметраў. І па-другое, не трэба закрываць паверх плёнкі яму саломай і зямлёй. Для ціску лепш за ўсё скарыстаць аўтамабільныя і трактарныя пакрышкі, якія адслужылі свой тэрмін.

Усяго ў раёне «каралева палёў» займае 6391 гектар. Самы большы ўраджай яе пакуль што ў КУП (СГ)П «Яблынька» — 370 цэнтнераў зялёнай масы. Актыўна прыступілі да зялёнага жніва ў СВФ «За Радзіму» ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод», СВФ «Мнюта» ААТ «Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат», філіяле «Галубічы» ААТ «Глыбоцкі мясакамбінат». Апошні вырошчваў кукурузу на 700 гектарах і плануе закласці больш за 20 тысяч тон высокаякаснага корму.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter