Восень патрыярха на Бярэзiне

Лепшае  месца  на  зямлi  там,  дзе  цiха  шапочуць  дрэвы,  шумiць  вецер  i  пералiўна  шчабечуць  птушкi

Лепшае  месца  на  зямлi  там,  дзе  цiха  шапочуць  дрэвы,  шумiць  вецер  i  пералiўна  шчабечуць  птушкi

Пры думках аб чарговым адпачынку мы часцей за ўсё настройваемся на падарожжы. Далёкiя i блiзкiя. На далёкiя не заўсёды хапае грошай, на блiзкiя — рашучасцi. «Якiя там пiрамiды Хеопса? Мне б цiшынi некранутай роднай прыроды! Ды толькi дзе яе сёння знойдзеш?..»

Падобныя рытарычныя пытаннi нярэдка задаюць сабе i жыхары нашых краiн-суседак. I пасля нядоўгiх ваганняў i пошукаў знаходзяць «лепшае месца на зямлi»... у Беларусi.

Я пачула пра гэта падчас камандзiроўкi ў Домжарыцы, адмiнiстрацыйны i навуковы цэнтр дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Бярэзiнскi прыродаахоўны запаведнiк».  I вырашыла асабiста ў гэтым пераканацца.

Напачатку завiтала ў Музей   прыроды, дзе прадстаўлена вялiкая экспазiцыя жывёльнага i раслiннага свету. Яна проста зачароўвае наведвальнiкаў дзiцячага ўзросту. Калi экскурсавод уключае «галасы лесу», узнiкае ўражанне, нiбыта экспанаты ажываюць: дрэвы шапочуць, вецер шумiць, рыкаюць дзiкiя звяры i пералiўна шчабечуць птушкi...

— Штогод запаведнiк наведваюць больш за 20 тысяч экскурсантаў, — расказвае супрацоўнiк музея Вiктар Бухаркiн, — сярод iх нямала i замежных натуралiстаў-аматараў. Госцi з задавальненнем ходзяць экалагiчнымi сцежкамi, з цiкавасцю назiраюць за паводзiнамi насельнiкаў запаведага лесу ў спецыяльных вальерах. Iх вабiць наша некранутая прырода, культурная i гiстарычная спадчына...

Сама гiсторыя Бярэзiнскага запаведнiка настолькi цiкавая, што стала падставай для стварэння асобнай арыгiнальнай экспазiцыi ў Доме экалагiчнай адукацыi. Прысвечана яна развiццю запаведнай справы на тэрыторыi Беларусi i Расii ад канца 19-га стагоддзя да нашых дзён.

Сярод экспанатаў ёсць унiкальныя здымкi царскага палявання, копii сакрэтных дакументаў за подпiсам Сталiна аб лiквiдацыi Бярэзiнскага запаведнiка  ў 50-я гады i аб ўзнаўленнi яго дзейнасцi. Быў час, калi лёс прыродаахоўных тэрыторый вызначаўся адным толькi росчыркам пяра, надзённай спажывецкай патрэбай леспрамгасаў. У вынiку столькi страчанага багацця... Але, як кажуць, прырода ўзяла сваё. Запаведнiк адным з першых на тэрыторыi СССР атрымаў у 1979 годзе статус бiясфернага, а ў 1995-м — дыплом Савета Еўропы.

За адзiн дзень вандроўкi ўсё не пабачыш, разумела я. Ахвотна згадзiлася на прапанаваную праграму маршрута i нi хвiлiнкi аб гэтым не пашкадавала.

— Эталонам некранутай прыроды паўночна-ўсходняй Беларусi лiчацца тутэйшыя мясцiны, — тлумачыў мой спадарожнiк, намеснiк дырэктара Бярэзiнскага бiясфернага запаведнiка па iдэалагiчнай рабоце Мiхаiл Кудзiн. — Да самага далягляду — лес, напоўнены таямнiцамi i скарбамi. Балоты мяжаюць з рэчкамi, зялёныя астраўкi на iх насяляюць звяры i птушкi.

— А вось наша архiтэктурная гiстарычная славутасць — Сяргучскi канал, пракладзены ад вытока Бярэзiны да вытока ракi Улы, якая ўпадае ў Заходнюю Дзвiну, — паказвае рэшткi былой воднай сiстэмы Мiхаiл Васiльевiч. — Яго пачалi будаваць яшчэ ў часы iмператрыцы Екацярыны. Мясцовыя паднявольныя сяляне ўзводзiлi сярод балот шлюзы, насыпалi дамбы... Дваццаць метраў ушырыню i тры метры ўглыбiню была гэта водная траса. Па ёй да Першай сусветнай вайны хадзiлi баржы з пушнiнай, смалой, зернем, плытагоны сплаўлялi дрэва: карабельны лес дастаўлялi ў порты Чорнага i Балтыйскага мораў.

Зараз берагi Сяргучскага канала параслi хмызняком, дно абмялела. Колiшняе ўнiкальнае гiдратэхнiчнае збудаванне аблюбавалi дзiкiя качкi, бабры i выдры.

Узнавiць канал, па словах Мiхаiла Васiльевiча, напэўна, змаглi б. Аднак пазiцыя вучоных-эколагаў такая: трэба, каб у навакольных мясцiнах усё заставалася такiм, як ёсць, чалавек не павiнен умешвацца ў ход натуральных прыродных працэсаў. Адным словам, байдарачнiкам па маляўнiчым Сяргучскiм канале не хадзiць...

Фатаграфуемся на фоне гэтага помнiка архiтэктуры. Навокал патрыярхальнае раздолле — такое ўражанне, нiбыта ажылi кадры старой кiнахронiкi.

А далей наш шлях пралягае туды, дзе... сустракаецца Чорнае мора з Балтыйскiм. Думаеце, гэта ўсяго толькi паэтычная алегорыя?  Памыляецеся. Мясцiн такiх на тэрыторыi запаведнiка некалькi. Адна з iх  — таямнiчае возера з пяшчотнаю назваю  Плаўна.

...Стромкiя сосны атуляюць яго люстраную паверхню. Пры самай вадзе — густыя зараснiкi аеру, а блiжэй да берага — стужка чыстага добраўпарадкаванага пляжа. Далёка на гарызонце вада i неба злiваюцца, афарбоўваючы паветра блакiтнай вiльготнай празрыстасцю. Цiшыня, спакой, хараство...

— Гэта маляўнiчае месца надзвычай упадабаў у свой час першы сакратар ЦК Кампартыi Беларусi Пётр Мiронавiч Машэраў, — расказвае Клаўдзiя Хадун, адмiнiстратар гатэльнага комплексу «Плаўна». — Так з’явiлася тут «машэраўская дача» — цагляны трохпавярховы будынак з вежаю, падобны на казачны замак. Машэраў надзвычай любiў тутэйшы пейзаж, мог гадзiнамi вандраваць ляснымi сцежкамi, не раз прыязджаў сюды на адпачынак з усёй сям’ёю, з сябрамi, а пры нагодзе запрашаў гасцей. Iнтэр’ер «дачы» з таго часу, безумоўна, змянiўся, але беларускi нацыянальны стыль ва ўсiм захавалi, калi ў канцы 90-х гадоў узнаўлялi пабудову ўжо як гатэльны комплекс для турыстаў.

Мiж тым нам час вяртацца.

Па дарозе з усмешкай узгадваем, як пракаменцiравалi iнфармацыю пра створаны на запаведнай тэррыторыi ўнiкальны падземны пераход для жаб у час нерасту некаторыя рэгiянальныя СМI ў суседняй Расii: пiсалi, маўляў, «у  нас — бездарожжа,  а ў Беларусi нават жабы па падземных пераходах ходзяць...» Жарт жартам, а клопат пра земнаводных, млекакормячых i птушак тут на самым што нi на ёсць высокiм узроўнi. Пацвярджэнне таму — гiсторыя з бабрамi.

Не ўсе, пэўна, ведаюць, што, калi запаведнiк з’явiўся, гэтых звяркоў-прыгажуноў на тэрыторыi СССР налiчвалася не больш за тысячу. Непамерны попыт на iх каштоўнае футра выклiкаў бязлiтаснае вынiшчэнне папуляцыi.

У 1922 годзе паляваць на баброў забаранiлi i занялiся стварэннем на прасторах былога Саюза трох запаведнiкаў-рэзерватаў. Бярэзiнскi стаў адным з першых у iх лiку. Прыдатны «бабровы ландшафт» — глухiя вадаёмы, мяккалiсцевыя дрэвы i дрымучыя лясныя гушчары ўдала таму паспрыялi. У вынiку колькасць бабровых паселiшчаў з таго часу вырасла разоў у дзесяць...

Вось i атрымлiваецца, што iснаваннем гэтага непаўторнага запаведнага кутка прыроды ў родным краi мы абавязаны ў першую чаргу сiмпатычнаму звярку, нястомнаму працаўнiку-дойлiду.

P.S. За арганiзацыю экскурсii па таямнiчых сцяжынах  Бярэзiнскага бiясфернага запаведнiка, экасiстэма якога мае важнае значэнне не толькi для Беларусi, але i для ўсяго свету, шчыры дзякуй дырэкцыi дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Бярэзiнскi прыродаахоўны запаведнiк». 

На здымку: гатэльны комплекс для турыстаў «Плаўна».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter