Чем угостить гостей на белорусской свадьбе

Восень. Час вяселляў

Пераклічка «СГ»: якія незвычайныя стравы ставяць на стол на галоўным сямейным свяце

Напрыканцы восені пасля цяжкай працы і збору ўраджаю нашы продкі ладзілі вяселлі. Да Піліпаўскага посту трэба было паспець ажаніць маладых. Вясельныя традыцыі здаюцца невычэрпнымі, у кожным рэгіёне ёсць свае асаблівасці, якія дагэтуль працягваюць вывучаць фалькларысты. А таксама ўзнаўляць напаўзабытыя абрады. Напрыклад, на Пастаўшчыне днямі ў Лынтупскім культурным цэнтры «Культыватар» усіх жадаючых вучылі ствараць вясельнага парсючка. Мы ж вырашылі зрабіць пераклічку і даведацца, якія яшчэ незвычайныя стравы можна ўбачыць на галоўным сямейным свяце ў розных рэгіёнах краіны.


Пачнём з самай поўначы. «Правадніком» у свет традыцыйнай кухні пагадзіліся выступіць дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна, удзельніца клуба нацыянальнай кухні, гульні і абраду «Традыцыя» Ксенія Грэська. Як смачна есці, таксама распавядалі метадыст цэнтра Людміла Чатовіч і кіраўнік «Традыцыі» Вікторыя Курто.

Пастаўшчына цікавая кулінарнымі традыцыямі таму, што нават у межах аднаго раёна яны адрозніваюцца. Свой уплыў аказваюць праваслаўныя і каталіцкія канфесіі, а таксама культура старавераў. У клубе «Традыцыя» ўдзельнічаюць каля 20 чалавек з розных населеных пунктаў, таму гаспадыні могуць пазнаёміцца з рэцэптамі розных вёсак. Найбольш цікавыя здымаюць на відэа і потым спрабуюць усе разам паўтарыць.

— Пра вясельнага парсючка даведаліся ў Груздаўшчыне, — успамінае Ксенія Вячаславаўна. — Летась паказалі ў Расонах на абласным свяце — конкурсе вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца».

Робяць яго са звыклай для беларусаў варанай бульбы, перакручанай на мясарубцы. У рэцэпце таксама мука, яйкі і соль. Начыняюць па-рознаму, можна выкарыстаць смажаныя грыбы, цыбулю і моркву або капусту. Смажыць трэба нядоўга, усяго паўгадзіны. Чаму менавіта парсючок? На думку кулінарак, гэта сімвал шматдзетнасці, дабрабыту для будучай сям’і. Сустракаецца на Пастаўшчыне і вясельны баран замест парсючка. Гэта яшчэ адзін архаічны сімвал, сэнс якога — з’яўленне новага жыцця падчас Уваскрэсення Хрыстова, Божага Агнеца. Вяселле, у сваю чаргу, дае пачатак новай сям’і. Пад Лынтупамі выпякалі менавіта барана. А ў Паставах часам рабілі для вяселля буслоў, вылепленых з чорнага хлеба. Як вядома, бусел прыносіць малых, таму, магчыма, гэта звязана з добрым пажаданнем шматдзетнасці маладым.

Фальклорныя традыцыі святкавання вяселля на Пастаўшчыне вызначаюцца рознымі пачуццямі: і горам, і радасцю. Напрыклад, падчас «Дзявочага вечара» песні спяваюць сумныя, бо дзяўчына нібы развітваецца з сяброўкамі, пераходзіць у іншы стан. На другі дзень вяселля маладыя сутыкаюцца з «маскарадам»: іх месца займае пераапранутая пара, якая патрабуе выкуп. Акрамя таго, на другі дзень шмат жартаў звязана з «дактарамі», што лечаць хворыя галовы тых, хто вельмі актыўна частаваўся напярэдадні.

КАЛІ перанесціся з паўночнага захаду краіны на поўдзень, убачым, што там свае сімвалы, якія прарочаць маладым шчаслівую будучыню. У Лельчыцкім раёне, як паведаміла загадчык філіяла «Тонежскі сельскі дом культуры» Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Прыбалавец, традыцыйныя стравы для вяселля сціплыя: захалот (халадзец) з галавы свінні, пампушкі і кісель. Магчыма, апошняя звязана з багаццем гэтых мясцін на ягады. Але галоўная сімвалічная страва на сапраўдным палескім вяселлі — каравай. Так, у Тонежы іх рабілі нават два, у доме маладога і маладой. Хлапечы дзялілі, дзявочы заставаўся для сваіх. Упрыгажэнне таксама незвычайнае. Двое рожак каб маладыя былі заўсёды ра­зам. Дружкі таксама прыносяць для каравая маленькую елачку, якая ўвасабляе жыццё. А вось яешню, як было прынята раней, на сучасных вяселлях не пякуць. Верашчака, калдуны з сырам (маецца на ўвазе тварог)  таксама традыцыйныя элементы на святочным абрусе.

Удзельнiцы клуба «Традыцыя» Вольга Лойка, Ксенiя Грэська i Лiзавета Тамашэвiч.

Загадчык філіяла «Дзяржынскі сельскі дом культуры» Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Сівак удакладніла, што ў іх вёсцы з цеста, якое засталося ад каравая, выпякаюць спецыяльныя абаранкі. Прысмакі нанізваюць на чырвоную стужку, на кожным робяць вузельчык. Гэты абярэг дорыць маладым хросны бацька. Абаранкі не маюць канца, так і ў маладых павінна быць неразлучнае сумеснае жыццё, разам да скону.

— Успаміны пра традыцыі збіраем па крупіначцы, — падзялілася Наталля Мікалаеўна. — Многае існавала раней, але было забыта. Калі я аддавала дачку замуж, узнавілі некаторыя элементы. Напрыклад, свацці запрашаюць гасцей пакаштаваць стравы пасля кожнай чаркі, гэта ўсё суправаджаецца песнямі. Госці з Магілёўшчыны былі вельмі ўражаны нашымі абрадамі.

У Дзяржынску мясцовая непаўторная традыцыя — завіванне наміткі, жаночага галаўнога ўбору. Удзел у ім бяруць і жаніх, і нявеста. Спачатку ўсе госці выходзяць з хаты танчыць, а ў гэты час брат нарачонай абводзіць яе тройчы вакол сталоў. Потым патрабуе выкуп ад маладога, бо пагражае адрэзаць косы сястрычкі. А пасля пачынаецца завіванне, што сімвалічна пераводзіць дзяўчыну ў новы стан. Кожны элемент дзеі суправаджаецца песняй. Свечкай апальваюць тры разы валасы маладому і маладой ад нядобрага вока. Маці адорвае дачку палатном. Рушнік павінен быць даўжынёй не менш за 7—8 метраў. Валасы маладой звязваюцца ў пучок, потым іх скрапляюць грабянцом, пасля ідуць спецыяльны абруч, чэпчык і намітка, а канцом палатна абвязваюць маладых.

У  КРУПСКІМ раёне таксама не так даўно ўзнавілі своеасаблівы вясельны абрад. Падрабязнасцямі падзялілася намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Крупскага райвыканкама Таццяна Мельнік:

— Мы шукалі інфармацыю, але яе было вельмі мала. Выпадкова, калі чытала пра Максіма Багдановіча і яго бацьку Адама Багдановіча, напаткала ўспаміны пра вяселле. Ён быў родам з нашых мясцін, з Халопенічаў.

Так, у нечым падобны да лельчыцкага, на Крупшчыне існаваў абрад абразання касы. Таццяна Іванаўна знайшла нават фотапа­сведчанне такой традыцыі ў сямейным альбоме, на фотаздымку з вяселля сваіх бацькоў у 1972 годзе. Брат сімвалічна «абразае» касу сястры, якую жаніх павінен выкупіць.

Што датычыцца страў, на Крупшчыне частуюць гасцей мясцовай смачнай рыбай з возера Сялява, а таксама студнем. Са старажытнасці існуе таксама гатаванне яешні для будучага зяця перад тым, як маладыя паедуць у яго хату. Свацця кажа: «Маці, чаго стаіш? Зяць у хаце». Тая выносіць страву і кажа прыкладна так: «Яешню спякла ад душы, ешце, дзеці, пад’ядайце. Калі крошкі застануцца, у мяне слёзкі паліюцца». Разам з гэтым ідуць добрыя пажаданні. Напрыклад, каб дачка называла свякроў мамай. І яшчэ адна адметнасць краю: каравай, з якім сустракалі маладых, не кусалі і не ламалі. Усё вяселле ён стаяў перад жаніхом і нявестай, а пасля яны павінны былі яго есці толькі ўдваіх. Параўнайце з амерыканскай традыцыяй, што мы бачым у фільмах: усё наадварот. У нашых продкаў для кожнай абрадавай дзеі меліся свае прычыны, можа, у гэтым і заключаўся сакрэт моцных шлюбаў на ўсё жыццё.

У ТЭМУ

Курыная галава і сыр-«злюбленік»

Яркі і самабытны абрад мотальскага вяселля, у якім прымае ўдзел амаль уся вёска. Вось асноўныя яго этапы: Перапыты, Літэр, Запоіны, Міранне, Каравай, Першы дзень вяселля, Другі і Трэці дзень вяселля, Госці. Чаму, напрыклад, Літэр? Менавіта столькі павінны былі выпіць падчас сватання маладой.

Акрамя каравая абавязковымі ў некаторых мясцовасцях былі смажаная або вараная курыца, яешня, мёд, сыр і пірог. Курыца, як і парсючок, сімвалізавала пладавітасць. Пры выправаджванні маладой да маладога ёй давалі смажаную курыцу, якой яна частавалася з маладым пасля першай шлюбнай ночы (маладыя елі яе, раздзіраючы рукамі на кавалкі). Часам бацькі давалі маладой жывую чорную курыцу, якую па прыездзе ў хату маладога яна пускала ў падпечак, а частавалася разам з маладым яго смажанай курыцай.

У паўночна-ўсходніх рэгіёнах абавязкова ўжывалі пірог з начынкай з курынага мяса або пірог, пасярэдзіне якога была курыная галава, зробленая з цеста (такі пірог называўся курнікам). Абавязковыя стравы таксама яешня і сыр — на заручынах імі заядалі шлюбны дагавор («Дзеўку заручылі, заелі яешняй і сырам»). На Гродзеншчыне пасля дасягнутага паразумення маладая ўручала маладому сыр-«злюбленік», якім малады частаваў сваю сям’ю. Яешню, мёд і сыр давалі маладым перад першай шлюбнай ноччу або пасля яе (яны павінны былі есці адной лыжкай). На Навагрудчыне маладыя ў клеці з’ядалі толькі хлеб, сыр і мёд, а яешню прысутныя расхоплівалі з патэльні рукамі.

yasko@sb.by


Фото БЕЛТА і Іны СНЯЖКОВАЙ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter