Мы отправились в Беловежскую пущу за редкими съедобными грибами

Вось ты якое — грыбное шчасце!

Пікавы грыбны сезон у ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» доўжыцца з ліпеня па лістапад. Грыбных месцаў тут не злічыць. Ядомыя грыбы сустракаюцца самыя розныя: ад лісічак, якія можна збіраць ужо ў маі, да высакародных баравікоў. Але мы адправіліся ў самы стары лес Еўропы не за белымі грыбамі, нарэзаць якіх — дробязная справа. Сараматнік, грыбная капуста, цешчын язык — народныя назвы рэдкіх ядомых грыбоў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Знойдзем?

Грыбнік Валерый ТАРАСЕНКА.

Экзэмпляр з кнігі Гінеса

У маршрутцы Брэст — Белавежская пушча і ў будны дзень грыбнікі. Кіроўца з веданнем справы дае парады брэсцкім пенсіянерам, дзе лепш выйсці, каб гарантавана назбіраць кошык.

Баравік.

Усе размовы пра грыбы, зразумела.

— Выйшаў, пакланіўся аленю (гіпсавая скульптура на ўездзе ў пушчу. — Аўт.), маўляў, ты алень, і я алень, не злуйся, дзяліся ляснымі багаццямі, — з гумарам распавядае грыбнік.

Пасажырка распытвае падрабязнасці рытуалу і заключае:

— Не будзе белых — набяру выскачак.

Выскачкі, яны ж прыбалатухі, яны ж лясныя шампіньёны, — гэта каўпак кольчаты. Не проста ядомы грыб — далікатэс. Ён падобны на некалькі відаў атрутных грыбоў, таму чалавеку неспрактыкаванаму лепш устрымацца. На жаль, у пушчы гэты грыб мы так і не сустрэлі.

Затое лёгка знаходзілі вясёлку звычайную — грыб з Кнігі рэкордаў Гінеса як самы хуткарослы (за хвіліну дадае 5 міліметраў) і Чырвонай кнігі Беларусі (знікаючы від). Яго яшчэ называюць сараматніком, смярдзючым смаржком, выскачкай, чортавым яйкам.

Навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Руслан КНІГА паказвае рэдкі лекавы ядомы грыб вясёлку, або фалюс няскромны, або смаржок ванючы, або грыб ведзьмы, або сараматнік, і яго яйка.

Прычым далёка нам хадзіць не прыйшлося. Расце весялка побач з адміністрацыйнымі будынкамі нацпарку. Навуковы супрацоўнік ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» Руслан Кніга звярнуў нашу ўвагу на благі пах — значыць, смярдзючы смарчок дзесьці побач. Вось ён — шчыльна абліпшы капялюшык на доўгай ножцы. Адшукалі дарослы грыб, значыць, паблізу хаваюцца ў лістоце грыбныя яйкі.


Вясёлка — грыб рэдкі, за самавольны збор прадугледжана адміністрацыйная адказнасць, нагадаў Руслан Кніга:

— Гэта ядомы грыб. Мясцовыя жыхары разразаюць яйкі, пасыпаюць соллю і ядуць сырымі. Спакон веку настойка вясёлкі ўжываецца ў народнай медыцыне для лячэння розных захворванняў. Яйкі заліваюць гарэлкай. Раней банкі закопвалі на 40 дзён у зямлю, цяпер ставяць у халадзільнік.

Навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Руслан КНІГА рэжа апенькі.

Спарасіс у малацэ

Наступны аб’ект нашага пошуку — грыбная капуста, гарах, ён жа — грыбное шчасце, у міколагаў — спарасіс кучаравы. Ядомы чырванакніжнік. Жыхары пушчанскіх вёсак вымочвалі яго ў малацэ, а потым варылі.

Руслан Кніга вязе нас туды, дзе можна сустрэць гэты грыб, падобны на качан каляровай капусты. Мы знайшлі грыбное шчасце! Грыбное цела прыхілілася да старой сасны. Але пахне не капустай, а арэхамі. Кажуць, яго можна ўбачыць толькі раз у некалькі гадоў, таму грыб занесены ў Чырвоную кнігі многіх краін.

Чырванакніжны лекавы ядомы грыб спарасіс кучаравы, або грыбная ці заечая капуста.

— У спарасіса шмат карысных уласцівасцей. Як і вясёлка, ён актыўна выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. Знікаючы від, яго збор і нарыхтоўка ў натуральных умовах знаходжання забароненыя, — падкрэслівае Руслан Кніга.

Робім фота на памяць і развітваемся з незвычайным грыбам.

Аднак спарасіс ўсё ж такі не з’яўляецца дэфіцытным прадуктам, паколькі добра распрацавана тэхналогія яго штучнага вырошчвання. У продажы часцей за ўсё можна сустрэць марынаваны грыб.

Адпраўляемся шукаць яшчэ адзін чырванакніжнік. Цешчын язык, або пячоначніцу звычайную. Сваю навуковую назву грыб атрымаў за падабенства з печанню жывёл. Пладовыя целы вырастаюць звычайна каля каранёў раслін або ў ніжняй частцы ствала.

— У маладым узросце лічыцца добрым ядомым грыбам, з яго нават катлеты гатуюць. Нездарма англійская народная назва — біфштэкс беднага чалавека, — расказвае Руслан Кніга.

Таксама лячэбны грыб, таксама рэдкі, і, як высвятляецца, пячоначніцу таксама навучыліся вырошчваць на дачах. Не ўсё, значыць, так дрэнна з гэтым чырванакніжнікам.

Мы шукалі і іншыя незвычайныя грыбы — і знайшлі. Адны ў лесе, іншыя — на фота ў камп’ютарах супрацоўнікаў навуковага аддзела. Але адправіліся дадому з кошыкам, поўным апенек, польскіх грыбоў і белых.

Ядомы польскі грыб, або каштанавы махавік, або панскі грыб.

Руслан Кніга ў разгар грыбнога сезона нагадвае ўсім аматарам ціхага палявання, што памылка грыбніка падобная на памылку сапёра:

— У лесе шмат не толькі неядомых, але і смяротна атрутных грыбоў. А многія ядомыя грыбы, такія як макруха яловая, радоўка фіялетавая, павуціннік чырвоны, або каўпак кольчаты, збіраюць рэдка, таму што яны малавядомыя. Не ўпэўненыя — не рызыкуйце.

Грыб губа рознакаляровая.

Дададзім, што разнастайны свет грыбоў Белавежскай пушчы яшчэ недастаткова вывучаны. Сёння на беларускай частцы рэліктавага лесу выяўлена каля 600 відаў розных грыбоў, сярод якіх асноўную частку складаюць дрэваразбуральныя віды.

kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Алексей СТОЛЯРОВ