Пронесли чувства до золотой свадьбы: как в доме бракосочетаний поздравляют пары, которым хочется позавидовать

Вось табе мая рука

У Дзень Святога Валянціна, які традыцыйна адзначаецца 14 лютага, некаторыя пары звязваюць сябе вузамі шлюбу, каб падкрэсліць, што каханне паміж імі — назаўжды. А ёсць і тыя, хто ў гэты дзень будзе адзначаць залаты юбілей з дня вяселля. 


Дыплом і медаль

Такія святы, дарэчы, праходзяць у загсах і Палацы грамадзянскіх абрадаў Мінска — па пяць у месяц! Пражыўшы разам 50 гадоў, пры дзецях і ўнуках прызнаюцца адно аднаму ў каханні, а галоўнае — паказваюць добры прыклад. 

У Палацы грамадзянскіх абрадаў кожны месяц адзначаюць ружовыя, крыштальныя, сярэбраныя, сапфіравыя, залатыя, ізумрудныя вяселлі. Вялікая рэдкасць — дыяментавыя: 60 гадоў разам. Адна з такіх будзе ў сакавіку. Але ж самыя трапяткія, цёплыя юбілеі — залатыя, 50-годдзе шлюбу, прызнаецца Юлія Кочына, кіраўнік Палаца грамадзянскіх абрадаў галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама.

— Перад кожнай такой урачыстасцю просім напісаць сямейную біяграфію: распавесці пра ўсе важныя моманты. Хтосьці піша ад рукі, іншыя набіраюць на камп’ютары. Адны ўспамінаюць на 10 аркушаў, а другія паведамляюць коратка: распісаліся ў такую дату. У працэсе цырымоніі — як і пры першым роспісе для маладых, з вальсам Мендэльсона, — мы зачытваем біяграфіі. Дзеці, унукі плачуць наўзрыд! Напрыканцы ўрачыстасці новым «маладым» выдаюць дыплом і медалі Палаца грамадзянскіх абрадаў. Заслужылі!

Каб акунуцца ў мора кахання, просім паказаць пухлую папку з запісамі юбіляраў. Уся гэтая калекцыя калі-небудзь будзе прадстаўлена ў музеі Палаца, а пакуль пачытаем трохі?

Першая старонка: «З-пад сівых броваў закаханымі вачыма, як у юнацтве, гляджу я на жонку. Любоў і пяшчота не прайшлі з гадамі. Кахаю толькі яе адну». Вось успаміны пра 1968 год, калі маладая дзяўчына Тамара падчас сустрэчы Новага года ў вясковым клубе пагадзілася на танец з хлопцам і ў выніку танчыць з ім усё жыццё. Хтосьці ўспамінае, як, пазнаёміўшыся ва ўніверсітэце, адпускалі адно аднаго толькі на ноч: «А потым зноў разам: у бібліятэцы, на бульбе, у лабараторыі — усюды». Або вось: «Сваю сяброўку жыцця называў «мая графіня». Абагаўляў, прысвячаў ёй песні і вершы», а яны, дарэчы, усе пра ландышы — яе любімыя кветкі, якія і высаджаны ў знак кахання на дачным участку... Дарэчы, трымайце лайфхак: цярпенне і павага адно да аднаго — самая галоўная парада ад пар, якія змаглі быць разам 50 гадоў.

Нягледзячы на ўзрост, спраў у пары безліч: клопат пра ўнукаў — галоўная задача старэйшых у сям’і СІДАРЭНКА.

Моцны пацалунак

Падтрымлівае гэтыя словы сям’я Сідарэнка, якая сёння адправіцца ў Палац на святкаванне вясельнага юбілею. Ажаніліся Тамара Пятроўна і Уладзіслаў Аляксандравіч 14 лютага 1970 года ў пасёлку Леніна на ўсходзе Крыма. Пакуль едзем забіраць іх унукаў са школы, Тамара Пятроўна расказвае:

— Я вучылася на фармацэўта ў Ялце, а ён быў ваенным курсантам у Жытоміры. Прыехалі ў жніўні на канікулы да бацькоў. Пазнаёміліся, прагуляліся — і закруцілася... Але праз тыдзень з’ехаў на вучобу.

Кожны дзень закаханы адпраў­ляў лісты сваёй Тамусі, але адзін з іх стаў паваротным: «Захварэў: пнеўманія. Могуць камісаваць. Навошта табе такі патрэбны? Забудзь мяне». Але 18-гадовая Тамара купіла білет на самалёт і прыляцела ў жытомірскі шпіталь.

— Прыйшла туды, як дзелавая каўбаса, разбірацца. Бачу: ідзе вясёлы, дапамагае ежу ў шпіталь несці. Аказалася, дыягназ не пацвердзіўся — ідзе на папраўку. Убачыў мяне — як узрадаваўся! Сказаў, што на наступных канікулах ажэнімся, — усміхаецца, як дзяўчынка, Тамара Пятроўна, гледзячы, як муж круціць баранку аўто. — Заяву ў загс адправіў мне па пошце. Я запоўніла і адправіла маме, каб падала яе.

Ужо 10—11 лютага хацелі правесці вяселле, але Уладзіслаў захварэў. Перанеслі на 14 лютага, не ведаючы тады, што ёсць такі Дзень усіх закаханых. Затое цяпер кожны год дзеці і ўнукі, ведаючы, калі іх родныя сталі мужам і жонкай, дораць ім валянцінкі.

— Працавалі мы ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе, пасля мне давялося з’ехаць у Егіпет выконваць інтэрнацыянальны абавязак. Першыя тры гады сумарна мы былі разам толькі тры месяцы. Далей зноў была Латвія і пасля — перавод у Мінск, дзе жывём 45 гадоў, — глушыць машыну ля школы Уладзіслаў Аляксандравіч.

Свой залаты юбілей Тамара Пятроўна і Уладзіслаў Аляксандравіч хацелі правесці дома з сям’ёй, але дзеці і ўнукі настаялі: трэба ў Палац — і святкаваць ярка!
 
У пары двое дзяцей і пяцёра ўнукаў. Галоўнае, кажуць, у такім доўгім саюзе — цярпенне, адказнасць, павага, дабрыня і проста каханне. Яны паказваюць фота з маладосці. На жаль, з вяселля засталіся толькі аматарскія здымкі.

— Таму што фатограф наш напіўся, — смяецца Тамара Пятроўна. Мы просім цяпер для фота прыціснуцца адзін да аднаго, Уладзіслаў Аляксандравіч каменціруе: «Пацалаваць? Калі ласка! Я так скажу: лепш яе не знайшоў бы. Таму і берагу. Ну хадзі, пацалую!»

kasel@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter