Уже 140 пострадавших: мы побывали в лаборатории, куда клещей несут на экспертизу

Вось прысмактаўся, паразіт!

На вуліцы цёпла: людзі выязджаюць на прыроду — у паркі, скверы, за горад на пікнікі, на дачу. Але варта памятаць: як толькі прыгрэла сонца, прачнуліся і кляшчы. Яны энергічныя з сакавіка па лістапад. Май — першы пік актывізацыі паразітаў. У гэтым годзе па дапамогу пасля іх укусаў да ўрачоў звярнуліся ўжо больш за 140 чалавек. Многія хочуць пераканацца, што кляшчы не з’яўляюцца носьбітамі небяспечнай інфекцыі, і аддаюць іх на даследаванне. «Р» пабывала ў лабараторыі, дзе праводзяць такія працэдуры.

Фельчар-лабарант Лілія ВАСІЛЕЎСКАЯ скрупулёзна даследуе паразіта.

Калі ў сакавіку і красавіку ад укусаў кляшчоў церпяць каля двухсот чалавек, то ў маі і чэрвені такіх выпадкаў у разы больш. Усяго за мінулы год да медыкаў звярнуліся амаль 40 тысяч чалавек, 10 тысяч з іх — дзеці. Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, штогод у нашай краіне рэгіструецца каля 2 тысяч выпадкаў захворвання на хваробу Лайма і 100 выпадкаў на клешчавы энцэфаліт.

— У гэтым сезоне мы ўжо даследавалі больш за 30 кляшчоў, — невялікую экскурсію нам праводзіць Алена Шэвякова, загадчыца аддзялення паразіталогіі мікрабіялагічнай лабараторыі ДУ «Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі». — Часцей за ўсё іх прыносяць пасля выхадных. Мы высвятляем, ці хварэюць паразіты на Лайм-барэліёз.

У канцы вясны ў лабараторыі час пік. Калі прынесці кляшча з самай раніцы, то вынік можна атрымаць ужо ў канцы дня, пасля абеду — адказ будзе толькі на наступны дзень. Працэс даследавання кляшча займае не менш як 4—5 гадзін. Алена Шэвякова агучвае статыстыку:

— У мінулым сезоне ў мінскія лабараторыі звярнуліся амаль 2600 чалавек. І толькі 5,5 працэнта кляшчоў былі заражаны.

Калі прынесці крывасмокаў спецыялістам з самай раніцы, то вынік можна чакаць ужо ў канцы дня.

Гутарым і ўважліва назіраем, як фельчар-лабарант «варожыць» над паразітам: разразае яму брушка і старанна даследуе яго змесціва. У працэс не ўнікаю — занадта ўсё гэта складана. Тым часам на парозе з’яўляецца яшчэ адзін жадаючы правесці экспертызу. Пётр Раманавіч, — пенсіянер, прыйшоў разам з жонкай:

— Клешч мяне ўкусіў пад Маладзечнам, там у нас дача. Адпачывалі, я адразу і не заўважыў, што паразіт прысмактаўся. Добра, жонка ўмее выцягваць кляшчоў так, каб іх не пашкодзіць, — не першы раз такое здараецца, навучылася.

Паразітаў на экспертызу варта прыносіць у чыстай пасудзіне са шчыльна прылеглай накрыўкай. Дарэчы, даследаванне кляшчоў на Лайм-барэліёз каштуе амаль 16 рублёў. У Мінску можна аддаць паразітаў у рукі спецыялістам на вуліцы Броўкі, 13, а таксама на Пляханава, 18. Больш шырокую экспертызу праводзяць у РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі на вуліцы Філімонава, 23. Там выяўляюць узбуджальнікаў хваробы Лайма, клешчавога энцэфаліту, анаплазмозу, эрліхіёзу.

— Калі ёсць жаданне, можна даследаваць кляшча ў лабараторыі, але большасці людзей рабіць гэта зусім неабавязкова. Выключэнне — пацыенты, у якіх ёсць медыцынскія супрацьпаказанні да прыёму лекаў, прызначаных для прафілактыкі клешчавых інфекцый. У такіх выпадках урачы самі накіроўваюць на экспертызу, якую аплачваць не трэба, — тлумачыць Марыя Навышная, загадчыца супрацьэпідэмічнага аддзялення ДУ «Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі».


Урачы рэкамендуюць аднакратны прыём антыбіётыкаў пасля таго, як дасталі кляшча. Каб не захварэць, трэба выпіць лекі на працягу 72 гадзін. Але гэтай парадай у асноўным грэбуюць: у мінулым годзе толькі 3 працэнты тых, хто захварэў на Лайм-барэліёз, зрабілі экстранную прафілактыку, а 97 працэнтаў ад яе адмовіліся...

Дарэчы, пасля ўкусу кляшча і наведвання медустановы расслабляцца таксама не варта — трэба месяц пільна сачыць за сваім здароўем. Дзмітрый Галоцік, загадчык супрацьэпідэмічнага аддзялення ДУ «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя», тлумачыць, на што звярнуць увагу:

У мінулым сезоне ў мінскія лабараторыі звярнуліся амаль 2600 чалавек. І толькі 5,5 працэнта кляшчоў аказаліся заражаны.
— Могуць падняцца тэмпература, з’явіцца плямы і сып, мігрэнь, боль у вачах. Варта адразу ж звярнуцца да ўрача: здаць аналізы, прытрымлівацца схемы лячэння, якую спецыялісты вам індывідуальна распішуць. Але некаторыя пацярпелыя бяздзейнічаюць: думаюць, што верагоднасць сур’ёзна захварэць не такая і вялікая. Але дарэмна — чым больш часу праходзіць пасля ўкусу, тым складаней лячэнне і наступствы.

Верагоднасць быць укушаным невялікая, але ўсё ж яна ёсць. Кляшчы аддаюць перавагу густой траве і хмызнякам, таму сустракаюцца ўсюды — у лясах, на прыбярэжных лугах уздоўж рэк, нават у гарадской зялёнай зоне. Тэрыторыі рызыкі  практычна ўсе зялёныя зоны: паркі і скверы, месцы адпачынку, пляжы. Цікава, што паразіт прысмоктваецца не адразу, а падарожнічае па целе ў пошуках правільнага месца: цёплага, з тонкай скурай і добрым кровазваротам. Ад моманту, калі клешч трапіў на цела, да ўкусу можа прайсці цэлая гадзіна. Менавіта таму спецыялісты рэкамендуюць самастойныя і ўзаемныя агляды раз у 15—20 хвілін.

Да прагулак на прыродзе трэба старанна рыхтавацца: запасацца спецыяльнымі сродкамі — рэпелентамі, аддаваць перавагу светлай вопратцы, на якой кляшчоў лепш відаць. Калі ўжо паразіт укусіў, выцягнуць яго трэба як мага хутчэй. Калі няма магчымасці звярнуцца да медыкаў, зрабіць гэта можна самому. Святаслаў Вельгін, намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Гарадская клінічная інфекцыйная бальніца» Мінска, перасцерагае:

— На сайце Міністэрства аховы здароўя распісаны ўвесь алгарытм дзеянняў у падобнай сітуацыі. Звяртаю ўвагу: выдаліць кляшча трэба жыўцом, не адарваўшы яму галаву. Справа ў тым, што ў момант сціскання змесціва брушка членістаногага літаральна ўпырскваецца ў крывяносную сістэму яго ахвяры. Гэта значна павялічвае рызыку заражэння. І зноў жа пасля выцягвання кляшча варта звярнуцца да ўрача — у траўмпункты, да тэрапеўта або педыятра. А ў вёсцы — у любую амбулаторна-паліклінічную ўстанову.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter