
Ужо ў гэтым навучальным годзе ў рацыёнах школьнікаў знізяць колькасць солі на 20—25 працэнтаў, а цукру — на 30—35 працэнтаў. Такiмi лiчбамi падзялілася загадчыца аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Малахава:
— Мы адправілі ліст у адрас усіх дзяржаўных органаў — МАРГ, абласных выканкамаў, Мінадукацыі. Па рэкамендацыях СААЗ дзеці павінны атрымліваць 5—6 грамаў солі, а ў нашай краіне ў нормах харчавання значна болей — 8—9 грамаў.
Таксама ў планах — увесці ў рацыён школьнікаў больш прадуктаў, якія змяшчаюць кальцый: напрыклад, малако і кіслыя малочныя напоі. Акцэнтавала ўвагу Ала Малахава і на пытанні дыетычнага харчавання:
— Установа адукацыі абавязана забяспечыць харчаваннем і дзяцей з дыябетам, і хворых на фенілкетанурыю, і школьнікаў з іншымі захворваннямі. Часам рацыён карэк-ціруецца, часам яго трэба складаць разам з урачом.

Дарэчы, у нашай краіне маюць намер распрацаваць прадукты для хворых на фенілкетанурыю. Пакуль што іх даводзіцца набываць за мяжой. Зараз дзеці, у якiх назiраецца гэтае спадчыннае захворванне, звязанае з парушэннем метабалізму амінакіслот, атрымліваюць спецыялізаваныя сумесі, за якія плаціць дзяржава. Такіх прадуктаў закупляецца на мільён долараў у год, тлумачыць Валерый Шылаў.
Усе патрабаванні і пастановы асноўных санітарных норм і правілаў для арганізацыі харчавання ўлі-чылі пры стварэнні адзінага для школ двухтыднёвага меню ў Мінску. Намеснік начальніка аддзела грамадскага харчавання галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Марына Дзьякава ўдакладняе:
— Рацыёны распрацаваны дыферэнцыравана па ўзросце навучэнцаў: 6—10, 11—13 і 14—17 гадоў.
matuzova@sb.by