Вікторыя Новік знойдзе адрасата па аднаму прозвішчу

Вось гэта вуліца, вось гэты дом

БУДЫНАК аддзялення паштовай сувязі ў аграгарадку Магільна Уздзенскага раёна прытуліўся да крутога пагорка. Насупраць праз дарогу – адноўлены храм свяціцеля Мікалая Цудатворца. Чацвёрты год загадвае паштовым аддзяленнем Вікторыя НОВІК. Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы з сяброўкамі адправілася ў сталіцу. Працавала і на спецыяльных курсах засвойвала прафесію будаўніка. Але ім так і не стала. 


Вярнулася ў роднае Прынямонне. Дапамагала маці на жывёлагадоўчай ферме і дома па гаспадарцы ўпраўлялася. Выйшла замуж, дачку нарадзіла. Пасля дэкрэтнага адпачынку ўзначаліла аддзяленне паштовай сувязі. Ведае ўсіх жыхароў аграгарадка, і нават калі часам прыходзіць пісьмо толькі з прозвішчам адрасата без указання вуліцы ці нумара дома, Вікторыя Генадзьеўна ведае, куды яго даставіць.

Акрамя паштовых паслуг, у аддзяленні сувязі можна набыць некаторыя прадукты харчавання і прамысловыя тавары, насенне сельгаскультур. Прадаюцца нават веласіпеды, якія, дарэчы, карыстаюцца попытам у вяскоўцаў. І з друкаванымі выданнямі сябруюць жыхары аграгарадка. Шмат гадоў пастаянна выпісваюць “Сельскую газету” пчаляр Віктар Абросімаў, былая цялятніца Валянціна Кароль, галоўны бухгалтар ААТ “Наднёман” Зінаіда Шчытко. Сябравалі з галоўнай аграрнай газетай і бацькі Вікторыі Новік. Цяпер у спадчынным доме жыве сям’я брата Валерыя Ланкевіча. Традыцыя бацькоў не парушана. “Сяльчанка” па-ранейшаму галоўная газета ў гэтым доме. Прыбаўляюцца ў аграгарадку і новыя падпісчыкі выдання. Значная заслуга ў гэтым і начальніка аддзялення паштовай сувязі.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter