Перапланіроўка пакояў і Wi-Fi на ўсёй тэрыторыі. Як зменіцца Студэнцкая вёска да II Еўрапейскіх гульняў

Вось гэта будзе нумар!

Студэнцкая вёска ў 2019 годзе стане алімпійскай — у інтэрнатах будуць пражываць спартсмены, якія прыедуць у Мінск для ўдзелу ў II Еўрапейскіх гульнях. Для карэспандэнта «Р» правялі экскурсію па адным з сямі карпусоў комплексу, а таксама расказалі, якія змены чакаюць маладзёжны гарадок да будучых спаборніцтваў.


На Чурлёніса, 5 мяне гасцінна сустракаюць Аляксей Бандарэнка, начальнік студэнцкага гарадка МДЛУ, і Таццяна Кіслічэнка, загадчык інтэрната № 1 МДЛУ. Першае ўражанне: звонку корпусы выглядаюць вельмі сучасна, а ўнутры ўражваюць чысціня і акуратнасць. Аляксей Бандарэнка са мной пагаджаецца:

— Сапраўды, у многіх складаецца адчуванне, што гэта фешэнебельны шматкватэрны дом. Але гэта інтэрнат, у якім проста стварылі ўмовы, неабходныя для камфортнага пражывання студэнтаў.

Што ж, меркаваць пра ўвесь комплекс па фае не будзем, лепш зазірнем у жылыя блокі. Студэнткі гасцей не чакалі, таму спешна прыбіраюць рэчы з ложка. Прыбралi, і ўжо не супраць паказаць свой прыстанак. Інтэрнаты ў Студэнцкай вёсцы — кватэрнага тыпу. У кожным блоку два пакоі (на двух і чатырох пастаяльцаў), а таксама агульныя ванная, туалет і кухня.


Не будзем перашкаджаць студэнткам (усё ж такі разгар вучэбнага тыдня) і адправімся ў пакуль нежылы блок. Таццяна Кіслічэнка і Аляксей Бандарэнка паказваюць пакоі, якімі іх жадаюць бачыць да Еўрапейских гульняў. Пра асаблівыя патрабаванні да засялення спартсменаў мне больш падрабязна расказаў менеджар па размяшчэнні фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Віталь Аблам:

— Калі зараз у блоку могуць пражываць 6 студэнтаў, то, па патрабаваннях Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, падчас спаборніцтваў у блоку можна размяшчаць не больш за 4 чалавекi. Таксама кіраўнікам дэлегацый НАК павінен быць прадастаўлены асобны пакой, а ў нашым выпадку — асобны блок. А калі дэлегацыя перавышае 10 чалавек, то ёй прадастаўляюцца дадатковы пакой для сустрэч і дадатковы пакой для медыцынскага персаналу пры ўмове яго наяўнасці ў складзе дэлегацыі.

Экскурсія па інтэрнаце працягваецца — паказаць тут сапраўды ёсць што. У распараджэнні студэнтаў танцавальная зала, прасторная трэнажорная зала, класы для самападрыхтоўкі, інтэрнацыянальная гасціная, пральня. У корпусе ёсць і сталовая: Аляксей Бандарэнка згадвае, што падчас чэмпіянату свету па хакеі 2014 года заўзятараў адсюль было не выгнаць — яны глядзелі па тэле-візары матчы. У цэлым ва ўсіх корпусах умовы пражывання ідэнтычныя. Адрозненні нязначныя: напрыклад, у інтэрнаце № 1 МДЛУ размяшчаецца стаматалагічны кабінет, а ў суседнім — тэрапеўтычны.


Праблем з рассяленнем студэнтаў падчас II Еўрапейских гульняў, запэўніваюць начальнік студэнцкага гарадка і загадчык інтэрната, не будзе. Па-першае, спаборніцтвы пройдуць летам, калі многія ўжо здадуць сесію і з’едуць да бацькоў. Па-другое, Аляксей Бандарэнка, успамінаючы вопыт ЧМ-2014 па хакеі, гаворыць, што студэнты будуць рады не толькі прыняць гасцей, але і выступіць валанцёрамі.

Менеджар па размяшчэнні фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Віталь Аблам адзначае, што ў планах максімальна задзейнічаць інфраструктуру Студэнцкай вёскі: і кафэ, і праль-ні, і трэнажорныя залы, і канферэнц-залы, і спартыўныя зоны:



— Вядома, прыйдзецца ўнесці некаторыя змены ці нават стварыць нешта новае, неабходнае для камфорту гасцей. Напрыклад, для 6 тысяч чалавек патрэбныя вялікая зона харчавання, якая працуе 24 гадзіны ў суткі, асобныя месцы адпачынку, а таксама высакахуткасны Wi-Fi на ўсёй тэрыторыі Студэнцкай вёскі. Вакол яе плануюць узвесці агароджу, каб забяспечыць гасцям бяспеку. Пакуль незразумела, будзе яна часовай або пастаяннай. На тэрыторыі Студэнцкай вёскі таксама будуецца новы восьмы корпус. Яго будаўніцтва плануюць завяршыць да канца 2018 года.

Па плане там будзе знаходзіцца паліклініка для студэнтаў, і падчас еўрапейскага форуму гэтай установай змогуць карыстацца ўсе афіцыйныя ўдзельнікі, якія будуць пражываць на тэрыторыі Студэнцкай вёскі.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter