“Ельня-Агра” Шаркаўшчынскага раёна - другое месца па ўраджайнасці збожжавых

Вопыт з дастаўкай на мехдвор

ААТ “Ельня-Агра” Шаркаўшчынскага раёна сёлета нечакана заняло другое месца па ўраджайнасці збожжавых, абышоўшы нават знакамітую “Жвіранку”. Намеснік дырэктара акцыянернага таварыства Уладзімір Буда не ўтойвае, што поспеху спрыяла прымяненне перадавых тэхналогій, многія з якіх якраз пачарпнулі з “Сельской газеты”. Яе ў гаспадарцы абавязкова выпісваюць усе спецыялісты, а таксама многія радавыя хлебаробы.


Намеснікі кіраўнікоў арганізацый па ідэалагічнай працы: Іна УРБАНОВІЧ, ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”; Мікалай МАНКЕВІЧ, раённая бальніца; Аляксандр ГЕРНАТ, ААТ “Буеўшчына”; Алег ПЕРХУРОВІЧ, ААТ “Васюкі.”

Рэкамендацыі практыкаў, вучоных па вырошчванні збожжавых, утрыманні жывёлы, змешчаныя на старонках “СГ”, шырока выкарыстоўваюцца ў ААТ “Буеўшчына”, аб чым паведаміў намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксандр Гернат.

— Мы развозім “Сельскую газету” па фермах, дастаўляем на машынны двор, — зазначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Васюкі” Алег Перхуровіч. — Абмяркоўваем артыкулы аб перадавіках. Параўноўваем, як у іх і ў нас. Што трэба зрабіць, каб таксама дабіцца такіх жа вынікаў. Словам, дзякуй за добрую газету!

Улічваючы каштоўнасць выдання, у Шаркаўшчынскім райагратэхсэрвісе нават асобным пунктам у калектыўным дагаворы напісана, што лепшым працаўнікам “Сельская газета” выпісваецца ў якасці прэміі. 

— Не трэба думаць, што “Сельская газета” піша толькі выключна аб вёсцы, — падкрэслівае намеснік галоўнага ўрача Шаркаўшчынскай бальніцы Мікалай Манкевіч. — Тут цікавая інфармацыя аб розных баках жыцця ў краіне і свеце ў цэлым. Нямала артыкулаў аб здаровым ладзе жыцця. Не забываюць аўтары паказваць і нашу бальніцу.

Нарада-семінар ідэалагічных работнікаў раёна адбыўся ў Шаркаўшчыне. Адным з цэнтральных пытанняў была падпіска. Разгледжаны вопыт лепшых арганізацый, а таксама пастаўлены задачы. І галоўнае, не адкладваць да апошняга, а цяпер ужо брацца за справу. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама Людміла Стома акцэнтавала ўвагу: з 23 лістапада і па 6 снежня рэспубліканскія перыядычныя дзяржаўныя выданні, у тым ліку “Сельскую газету”, можна выпісаць па льготнай цане.

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter