Еўразійскі часопісны партал “Мегалит” апублікаваў кнігу вершаў беларускай паэткі Вольгі Злотнікавай

Вольга Злотнікава. У вершах і прозе

Еўразійскі часопісны партал “Мегалит” апублікаваў кнігу вершаў беларускай паэткі Вольгі Злотнікавай. Серыя, у якой выйшаў яе зборнік “Паства”, называецца “Толькі для сваіх”. Але мяркуючы па колькасці зваротаў да інтэрнэт-выдання, “сваіх” у маладой паэткі нямала.



Вершы пішуць многія, паэзіяй займаюцца адзінкі. А ёсць людзі, якія жывуць творчасцю, няважна, корміць яна ці не, і сябе інакш не ўяўляюць. Вольга Злотнікава менавіта такая — як сказаў бы прагматык, не з гэтага свету. І не дзіўна: бацька — тэлеаператар, маці і дзед — мастакі…

— Я і сама ў дзяцінстве малявала, гадоў да адзінаццаці, — успамінае паэтка, — а потым раптам кінула мастацкую школу. А гадоў у 25 вярнулася да сваіх абстрактных кампазіцый і партрэтаў, праўда, у псіхатэрапеўтычных мэтах. Вершы — гэта напружанне, ім вельмі шмат аддаеш, а з алоўкам, вугалем або пастэллю — адпачываеш. Зрэшты, любая творчасць — гэта адпа­чынак, пакуль яна не стала справай жыцця. Мастацтва, калі гэта прафесія, — заўсёды вельмі вялікая праца.

У выніку сямейных прычын Вольга рана стала самастойнай. Свой шлях у жыцці шукала доўга і цяжка. Без праблем паступіўшы на гістфак БДУ,  праз год зразумела, што гэта не яе дарога. Тая ж доля напаткала і філасофскі факультэт. Затое бібліятэчная справа ва Універсітэце культуры прыйшлася да душы.

— Я вучылася вельмі добра, атрымлівала павышаную стыпендыю. Праўда, гэтую ВНУ я таксама не скончыла, — усміхаецца суразмоўніца, — выйшла замуж і нарадзіла сына, потым другога…


Са з’яўленнем старэйшага, Міхаіла, Вольга адчула, што ўжо пасталела. І не толькі таму, што даводзілася зарабляць на жыццё — кур’ерам, капірайтарам, складальнікам каталогаў. Галоўнае — з’явілася адказнасць за дзяцей, якім ад маці трэба нешта большае, чым хлеб надзённы.

— У мяне няма сацыяльных амбіцый. Галоўнае, каб былі мінімальныя сродкі для існавання, душэўны спакой і магчымасць займацца любімай справай — пісаць, чытаць. Важна, каб быў мір і супакой, каб дзеці былі побач. Яшчэ хацелася б падарожнічаць. Гэта адзінае, для чаго патрэбныя нейкія лішнія грошы. Ну, яшчэ на кнігі. З дзяцінства збіраю бібліятэку — філасофія, паэзія, мастацтва. У нас пакой маленькі, і ў ім тры цалкам застаўленыя кніжныя шафы, ад падлогі да столі. Мае ўжо сярдуюць, калі я прыношу нешта новае. Хаваю кніжкі — у адзенні, у агульным калідоры за дзіцячымі санкамі. Муж знойдзе — даводзіцца выкручвацца, маўляў, даўно яны тут…

З нараджэннем маленькага Данііла клопату дадалося. Ёсць пара гадзін у суткі — калі дзеці заснуць, і гэты час трэба выкарыстоўваць рацыянальна. Часам выбар робіцца не на карысць побыту — у доме гармідар, а маці вершы складае. А інакш на свет не з’явілася б уласная кніжка!

— Я нядаўна недзе прачытала, што для творчага станаўлення важна не толькі мець талент, але і волю, каб стаць кімсьці, чагосьці дабіцца. Вось гэтай волі ўва мне заўсёды было мала. Я ніколі не гналася за магчымасцямі, не рассылала вершы ў розныя часопісы, не прасіла каго-небудзь аб выданні кніг. Але аднойчы я ўсё-такі села і склала зборнік. А раніцай здарыўся цуд — мне напісаў галоўны рэдактар часопіса “Новая реальность” Аляксандр Пятрушкін і прапанаваў апублікаваць маю кніжку на партале “Мегалит”.

Сынам Вольга Злотнікава прысвяціла сваю другую кніжку — “Адуванчыкавы мёд” (першая — “Зараджэнне гуку” — выйшла ў Мінску ў 2011 годзе). Трэцяя, як яна падазрае, напісана ў суаўтарстве...

— Часам цэлы дзень можаш прамучыцца над адным словам. Але калі я прашу ў Бога дапамогі, прыходзяць патрэбныя словы, ды такія, што падаецца, быццам гэта хтосьці “там” напісаў, а я ўсяго толькі праваднік.

У паэткі прыгожы твар — вялікія вочы колеру цёмнага бурштыну і абаяльная ўсмешка. І гэта той выпадак, калі аўтар вельмі падобны да сваіх вершаў. Хочаш пазнаць яго лепш — пачытай больш і ўважлівей. Тым больш што пачы­таць ёсць што і дзе. Вершы Вольгі Злотнікавай публікаваліся ў часопісах “Наш современник”, “Нёман”, “Новая Немига литературная”, шэрагу інтэрнэт-выданняў.

Дарэчы, хутка выйдзе з друкарні папяровы зборнік “Паства”. Але наўрад ці ён трапіць на кніжныя прылаўкі. Не таму што ствараўся “толькі для сваіх”, а таму што — не дзеля выгоды.

Алена Давыдава
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter