Волат з гісторыяй

Нарэшце нядаўна стала вядома, як будуць называць хакеісты, турысты і гледачы з розных куткоў свету сімвал самай маштабнай спартыўнай падзеі Беларусі ў наступным годзе.

Нарэшце нядаўна стала вядома, як будуць называць хакеісты, турысты і гледачы з розных куткоў свету сімвал самай маштабнай спартыўнай падзеі Беларусі ў наступным годзе. Талісман чэмпіянату свету па хакеі 2014 года атрымаў імя Волат. Цікава даведацца, адкуль паходзіць гэта назва, што яна значыць і ці ёсць падобныя словы ў іншых мовах.
Сяргей Кавалёў, Мінск

Імя для прыгажуна-зубраняці з клюшкай (дарэчы, яго выява была зроблена паводле эскіза чытача “НГ”) выбіралі ледзь не ўсёй краінай (і тут нашы актыўныя чытачы не засталіся ўбаку: большасць прапаноў, якія разглядаліся на фінальным этапе конкурсу, была менавіта ад іх). І выбралі... Прыгожае, мілагучнае, беларускае — Волат. Мы звярнуліся ў Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі за тлумачэннямі, адкуль з’явілася гэта слова, што яно значыць, чаму некаторыя курганы называюць валатоўкамі і ў якіх беларускіх тапонімах можна знайсці сляды павер’яў і легенд пра волатаў.

Слова “волат”, расказалі мовазнаўцы, паходзіць ад стараславянскага “велии”, што абазначае “вялікі” і сімвалізуе асілка вялікага росту і магутнай сілы. Ад слова “волат” паходзіць народная назва доўгіх курганоў — “валатовак”, асабліва пашыраных на поўначы Беларусі, у якіх, паводле паданняў, хавалі менавіта гэтых вялізных асілкаў. У некаторых мясцовасцях волатам яшчэ называлі каня. А вось для невялікага жарабяці выкарыстоўвалі назвы “валаток” або “валацёнак”. Падобныя словы існуюць і ў суседніх народаў. Напрыклад, ва ўкраінскай мове ёсць слова “велетень”, якое, як і беларускае “волат”, абазначае чалавека велізарнага росту і сілы. А ў некаторых рэгіёнах Расіі выкарыстоўваецца слова “волоть” — пучок каласоў. Якая тут магутнасць, спытаеце? А што дае нам большую сілу, як не хлеб? Вось такія моўныя загадкі.

Акрамя простага адсылу да стараславянскага “велии”, існуюць яшчэ версіі паходжання слова “волат”. Некаторыя вучоныя звязваюць волатаў з племенем вял?етаў, якое нібы першапачаткова жыло на паўночным захадзе Беларусі і потым перасялілася на захад, увайшоўшы ў склад палабскіх славян. Іншыя слова “волат” этымалагічна збліжаюць з імем паганскага бога Вялеса, які лічыўся апекуном жывёл. У такім выпадку нашаму зубраняці імя гэтае да твару, дакладней, да пысачкі.

Волаты часта станавіліся персанажамі беларускіх казак, паданняў, легенд. Сляды павер’яў пра волатаў захаваліся і ў беларускай тапаніміі. Так, на карце Беларусі можна сустрэць вёскі Валатоўкі (Лепельскі, Мёрскі, Расонскі, Шумілінскі раёны) — менавіта на Віцебшчыне больш за ўсё курганоў-валатовак, Валатава (Гомельскі раён), Валаты (Слуцкі раён). Вядомыя таксама засценак Волатаў і ўрочы-шча Волаткава Поле каля Барысава.

Зямля волатаў у нас, атрымліваецца. Ёсць нагода ганарыцца і старацца адпавядаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter