Вогненныя вёскі мірнага часу

Пятнаццаць гадоў назад па дагэтуль нявысветленых прычынах у Глускім раёне амаль дазвання згарэлі два паселішчыПустая вуліца, абгарэлае бярвенне, на месцы хат — закурэлыя коміны, бабулька ў белай хустцы — у роспачы. Як магло такое адбыцца? Ад пачатку вайны ўжо мінула больш як пяцьдзесят гадоў і раптам — згарэла ўся вуліца, хлеб на палетках, лес! Няшчасце здарылася ў жніўні 1992 года, у вёсках Калюга і Сельцы Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Фотаздымак з шуфлядкі “Катастрофы” Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў яскрава сведчыў, што не толькі ўраганы і засухі, небывалыя дажджы і смерчы напаткалі Беларусь напрыканцы мінулага і ў пачатку новага стагоддзя. У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях карэспандэнту “Народнай газеты” паведамілі, што за апошнія пятнаццаць гадоў такіх выпадкаў наогул не было, толькі аднойчы згарэла некалькі дамоў у “дачнай” вёсцы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Між тым вёскі, якія згарэлі ў Глускім раёне, як высветлілася, ахвярамі полымя станавіліся неаднойчы...

Першыя недарэчнасці
Ці гарэлі гэтыя вёскі падчас вайны? Магчыма, я не задалася такім пытаннем, калі б не напаткала на адным сайце, прысвечаным памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, зводку “Ад Савецкага Інфармбюро. 26 жніўня 1941”. Цытую: “У Глускім раёне немцы спалілі дашчэнту вёскі  Макавічы і Сельцы, а ўсіх жанчын і мужчын, што засталіся,  накіравалі ў канцэнтрацыйны лагер у Слуцк. У гэтым лагеры некалькі тысяч зняволеных. Яны па 4—5 дзён не атрымліваюць аніякай ежы”. На першы погляд, памылкі быць не павінна — вёска згарэла. Але ж, забягаючы наперад, скажу, што мясцовыя жыхары такога не ўспомнілі. Не было інфармацыі аб тым, што Сельцы гарэлі ў вайну, і ў Калацічскім сельсавеце. Я звярнулася за тлумачэннямі да старшага навуковага супрацоўніка дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу Беларусі “Хатынь” Ірыны Напрэевай. У картатэцы і іншых дакументальных крыніцах спецыяліст ні Сельцаў, ні Калюгі, ні Макавіч Глускага раёна не знайшла! У 1942 годзе была спалена вёска Сялец у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці, у 1943 годзе — аднайменнае паселішча ў Рагачоўскім раёне Гомельскай. Сельцы Талачынскага раёна спалены часткова. Усе тры вёскі пасля вайны былі адноўлены.  Але ж атрымліваецца, што Сельцы Глускага раёна падчас вайны запісалі ў “пагарэльцы” без усялякіх на тое падстаў! Міфічны агонь, прычыны якога дагэтуль канчаткова не высветлены, з’явіўся нібыта з цёмнай прорвы мінуўшчыны, пераблытаўшы гады.
Жнівеньская спёка
Калі з пажарам часоў вайны не ўсё яшчэ зразумела, то ў 1965 годзе Калюга гарэла дакладна. Даведацца, чаму “маланка” біла некалькі разоў у адно і тое ж месца на целе Беларусі, едзем на рэдакцыйнай машыне разам з рэдактарам глускай раённай газеты “Радзіма” Навумам Сандамір-скім. Ад райцэнтра да Калюгі — прыкладна 10—12 кіламетраў. Паабапал дарогі бачу невысокі бярэзнічак. Зямля пад ім — чорная, абпаленая. Пасля грандыёзнага пажару мінула роўна пятнаццаць гадоў, а зямля яшчэ не залячыла свае раны. І рэдактар, і вадзіцель, як многія іншыя, удзельнічалі ў лакалізацыі пажару, які мог прыхапіць не дзве вёскі, некалькі соцень гектараў лесу, каля чатырохсот гектараў пасеваў і два чалавечыя жыцці, а намнога больш.
— Была якраз такая жнівеньская раніца, як зараз, неба чыстае, ні воблачка, спёка стаяла каля 40 градусаў і
дзьмуў вельмі моцны вецер. Дым ад пажару падымаўся высока, і пах гару можна было пачуць і ў Глуску. Людзі спяшаліся, капалі роў, перакрывалі дарогу на Юзафовічы, каб перапыніць полымя. З-за дыму ў Калюзе нічога не было бачна. Асабліва запомнілася, як свінні бегалі па вуліцы і вішчалі, бо гарэлі жывымі, — дзеляцца ўспамінамі мае спадарожнікі.
Вось і Калюга, два роўныя шнуры белых цагляных дамоў з усімі камунальнымі выгодамі. Дзе-нідзе палымнеюць прыгожыя кветкі, гуляюць дзеці. У Калюзе перад пажарам 1992 года жыло 95 насельнікаў. Падчас бедства згарэла 27 дамоў, без страхі над галавой засталіся 59 чалавек. Для пагарэльцаў за самы кароткі час пабудавалі 30 новых хат. Зараз у Калюзе  44 жылыя дамы, а жыць тут стала 66 чалавек, з іх 16 — дзеці.
Гарэлі жывымі
Па сведчанні мясцовых жыхароў, спачатку яны пачулі моцны “хлопок” (некаторыя кажуць,  “хлопков” было некалькі). Полымя і вецер пачалі сваю чорную справу з лесу паблізу ад дарогі Макавічы—Юзафовічы, і першымі чырвоны віхор зачапіў Сельцы. Апавядае 74-гадовая жыхарка Сельцаў Надзея Савельеўна Пяхота.
— Дачка прыехала з горада, легла адпачываць. А тут на вуліцы кажуць, пажар, у Макавічах гарыць. Я пайшла карову даіць, чую ўжо, там маё жыта гарыць! Выскачыла, нарабіла крыку: “Лена, гарым!” Яна выбегла з хаты ў сарочцы і паляцела ў адзін бок, а я ў другі. Усё вакол гарэла. Было страшна, здавалася, ніхто выратавацца не зможа! Тут пажарныя прыехалі. Я прашуся ў пажарнага: “Вазьміце ў машыну!” А яны кажуць: “Мы самі гарым!” і сталі ўцякаць. У нас каля калодзезя была прарыта нейкая канава, я ўпала туды. Дык плечы ўсе і ногі абгарэлі, у бальніцы ляжала. Адна жанчына заляцела ў копанку (канаву. — Рэд.), дык усе з яе рагаталі, што золата там хавала. Полымя шугала так, што, каб не самалёты, усё б згарэла. Агонь ішоў успышкамі, як бы хто кідаў яго, метр праміне і зноў загараецца. Балота побач з нашым агародам дагэтуль не косім, і рады мы ніякай не дадзім.
Дванаццаць хат згарэла. Тут і свінні, каровы пагарэлі ў некаторых, ляжалі тут і там. Хаваліся ў агародах, шыліся дзе ў кусты, усё адно не выратаваліся. Мая карова ў той бок паляцела, засталася жывая, а свінні пагарэлі. Мы тады нічога не помнілі. Без памяці чалавек — усё гарыць тваё. Хіба мне тая новая хата трэба? Яе ж толькі прапаліць — сем прычэпаў дроў патрэбна.
Старая плача.
Ад жару плавіўся асфальт
Да Калюгі, невядома чаму абмінуўшы могілкі, полымя “дабегла” крыху пазней, але нішчыла больш бязлітасна. Жыхаркі з крайніх хат Настасся і Ганна Дзяшчэня, маці і дачка, не паспелі пакінуць пастку, у якую іх злавіла полымя. Крыху далей стаяла хата Святланы і Уладзіміра Пінчукоў і іх пяцярых дзяцей. Дакладней, старэйшая дачка, дваццацідвухгадовая Алена працавала ў атэлье ў Глуску, дзевятнаццацігадовая Галя таксама была ў райцэнтры. Дарослыя ў час няшчасця былі на працы, але ж адразу кінуліся дадому, дзе пакінулі трох малодшых дзяцей. Шасцікласнік Сярожа і чатырохкласнік Толя выгналі карову — была іх чарга пасвіць статак. Сямікласніца Наташа выбегла з палаючай хаты. Між тым маці спяшалася з Глуска да дзяцей. Ішла, а асфальт пад нагамі плавіўся, як і сінтэтычная кофтачка ад высокай тэмпературы. Крычалі ў роспачы людзі, у дыме патанула ўся вёска. Дачка Алена таксама прыбегла да роднага дому і ледзьве не кінулася ў самы агонь, бо не ведала, ці застаўся хто з родных жывы. Людзі ўтрымалі. Дзеці загналі кароў у ваду, яны ледзьве дыхалі ў коле полымя. Расказвае Уладзімір Пінчук:
— За гадзіну ад старой Калюгі засталіся адны коміны. Мы захавалі толькі тое, у чым стаялі. Пасля дачка шукала на папялішчы залаты ланцужок, але, напэўна, ён расплавіўся разам з пластмасавай каробачкай. Знаходзілі дзіўныя сплавы — чырвона-сіне-зялёныя. Гэта былі слоікі з дамашнімі нарыхтоўкамі. За домам мы пазней адкапалі чатыры баразны бульбы. Спечанай ад пажарышча.
Выратаваліся цудам
Агонь шугаў з аднаго канца вёскі ў другі, абмінаў адну хату
і накідваўся на другую. Як кажуць мясцовыя жыхары, моцны дуб, магчыма, выратаваў магазін, выклікаўшы полымя на сябе. Цудам уцалела таксама хата Марыі і Аляксея Грыневічаў, амаль адзіны драўляны дом у сённяшняй Калюзе.
— У нас дрэвы былі каля дома, ліпа стаяла, яны згарэлі, але на дом полымя не пусцілі. Прыехала пажарная, іншыя дамы ўжо не мела сэнсу тушыць, засталася толькі наша хата, не кранутая агнём. Тут дапамог шчаслівы выпадак: з лясніцтва ехаў трактар з поўнай бочкай вады. Ужо дах загараўся, а пажарная і трактар наперамену тушылі. Людзі, хто прыбег на дапамогу,  выбілі шыбы, рэчы павыносілі на агарод. Я ж выйшла і сядзела — ногі адняліся ад гора, — кажа Марыя Кірылаўна.
Што стала прычынай пажару — выпадковая іскра ад машыны ці трактара, цыгарэта, кінутая ў перасохлым лесе, — дагэтуль невядома.
Вогненныя вёскі ў мірны час. Дзякуй Богу, у апошнія пятнаццаць гадоў Беларусь гэта бяда абмінала, хоць прыродныя катаклізмы ўвайшлі ў нашу будзённасць, сталі нечым звыклым. Але ж спёка і сённяшнім жніўнем не дае прадыхнуць, і, магчыма, полымя можа ізноў вырвацца на волю. Будзьце пільныя, каб не вярнуцца, як пятнаццаць гадоў таму жыхары Калюгі і Сельцаў, да комінаў на папялішчы.
А як у суседзяў?
Расію вогненная навала ў апошнія гады наведвала неаднойчы. У красавіку мінулага года моцны пажар прабег па вёсцы Пархава Цвярской вобласці — згарэла восем дамоў з дванаццаці. Дваццаць тры хаты праглынуў пажар у вёсцы Асінаўка Ніжагародскай вобласці ў пачатку мая таго ж года. У жніўні 2002 года ў Падмаскоўі і Калужскай вобласці згарэлі дзве вёскі.

Факты і парады
4 Паводле інфармацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі, з пачатку года ў краіне зарэгістраваны 5901 пажар (адпаведная лічба мінулага года — 7625), у тым ліку ў жылым сектары 4946. На пажарах загінулі 245 грамадзян, выратаваць удалося 536. Знішчаны 1541 будынак (у мінулым годзе за гэты перыяд — 2818), пашкоджана 9021 пабудова (у параўнанні з 5422).
4 Як паведаміў карэспандэнту “НГ” прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі, сітуацыя з пажарамі сёлета значна палепшылася дзякуючы мэтанакіраванай працы з так званымі “групамі рызыкі”. Спецыялісты абмалявалі партрэт чалавека, які часцей за ўсе гіне ў полымі.  Гэта беспрацоўны мужчына пасля сарака  гадоў праз двое-трое сутак пасля пенсіі або атрымання іншай грашовай дапамогі. Павышанай рызыцы падвяргаюцца таксама адзінокія, пенсіянеры, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем’і. З імі супрацоўнікі МНС праводзяць прафілактычныя размовы, забяспечваюць дамы пажарнымі апавяшчальнікамі.
4 Агульная парада МНС — быць асцярожнымі з агнём і своечасова тэлефанаваць па нумары 101 пры ўзгаранні. Дбайны гаспадар заўсёды заўважыць пачатак пажару і зробіць усё, каб тэрмінова лакалізаваць полымя. Паводле слоў Віталя Навіцкага, большасць будынкаў загараецца ад вогнішчаў, якія распальваюць людзі на сваіх участках. Паляць смецце, салому, сухі бульбоўнік, часам падпальваюць пожні. Пры гэтым гаспадары могуць “паддаць жару” бензінам, каб смецце лепш гарэла. На вогнішча не звяртаюць увагі і хутка страчваюць кантроль за распаўсюджваннем полымя. Выпадкі, калі будынак загараўся ад маланкі, можна пералічыць па пальцах. У 99 працэнтах выпадкаў, па словах прадстаўніка МНС, прама ці ўскосна ва ўзнікненні пажару вінаваты чалавек.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter