Вочы свяціліся радасцю

Жлобіншчына — багатая цікавымі, самабытнымі людзьмі зямля

Нядаўна пабываў на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, у арганізацыях Жлобіншчыны. Уражанне засталося. I перш за ўсё ад людзей. Цікавых, самабытных, на якіх, відаць, багатая гэта зямля 

Плячо ў плячо

Пра дырэктара ААТ «Бабоўскі» Сяргея Сыраквашына мне расказваў па дарозе ў гаспадарку намеснік начальніка Жлобінскага райсельгасхарчу Сяргей Гайкоў. Нягледзячы на тое, што Сяргей Васільевіч займае гэтую пасаду тры гады, ён ужо прыкметная фігура ў кіраўніцкім корпусе раёна. На свінакомплексе давялі колькасць пагалоўя до 22 тысяч, аднавілі ферму ў вёсцы Майскае, у Чачэрскім раёне свой філіял маюць. Навучыліся не толькі атрымліваць прадукцыю, але і выгадна яе збываць. Шмат будуецца жылля. Не дзіва, што і кадрамі ўкамплектаваны поўнасцю.

А потым мы сустрэліся з самім Сыраквашыным. Ён з задавальненнем узяўся паказваць гаспадарку. Мы змаглі агледзець аграгарадок у Бабоўцы, пабывалі на свінакомплексе і іншых аб’ектах. Адчулі рабочы рытм. Сяргей Васільевіч тым часам коратка расказаў пра сябе. Родам ён з Добрушскага раёна. Там і пачынаў свой працоўны шлях. Атрымаў вышэйшую адукацыю, а потым пераехаў на Жлобіншчыну. Ужо трынаццаць год аддаў гэтаму краю. І ўвесь час у «Бабоўскім»: намеснік дырэктара, а потым і дырэктар.

Жонка Ларыса Віктараўна, як высветлілася, таксама кіраўнік. Яна ўзначальвае мясцовы сельскі Савет. І аб ёй водгукі самыя цёплыя. Добраўпарадкавалі населеныя пункты, адрамантавалі дарогі. «Усё, што робім, — падкрэслівае Ларыса Віктараўна, — дзеля чалавека». Хаця сама гараджанка, але ўлюбёная ў вёску, яе жыхароў. Год на пасадзе, а сельсавет ужо пераможца раённага спаборніцтва, і ход, па ўсім адчуваецца, толькі будзе набіраць.

— А як ужываюцца ў сям’і два кіраўнікі? — пытаюся ў Ларысы Віктараўны.

— Нармальна, — адказвае яна. — Усе роўныя. Аднолькава рупімся і пра грамадскія, і пра сямейныя справы. Праўда, плячо мужа я заўжды адчуваю. Як і ён маё.

Выбар айца Міхаіла

З айцом Міхаілам мы пазнаёміліся на швейнай фабрыцы, куды ён прыехаў за падтрымкай у справе будаўніцтва новага храма. Ён прыглянуўся сваёй шчырасцю, перакананасцю, тым, што проста і сціпла мог патлумачыць тыя духоўныя рэчы, якія, здавалася, цяжка было зразумець. Прысутныя з цікавасцю яго слухалі. «Вы, напэўна, заканчвалі духоўную акадэмію ці семінарыю?» — спытаў нехта. «Ды якраз спецыяльнай адукацыі, — адказаў ён, — у мяне няма, спасцігаў духоўнасць з кніг, у тых, з кім вялі служэнне Гасподняе». Гэта было цікава. І мы не ўтрымаліся, каб не спытаць у айца Міхаіла пра яго жыццёвы шлях, як ён прыйшоў у веру. Аказалася, ягоныя бацькі, між іншым тата армянін, а мама руская, жылі ў Краснаярскім краі. Тата працаваў у адной з тамтэйшых гаспадарак механізатарам, а мама — даяркай. Сям’я была мнагадзетная. Вось і выспела рашэнне перабірацца да родзічаў у Гомель. Тут хадзіў у школу, потым было вучылішча алімпійскага рэзерву. «Во, — паказваў айцец Міхаіл свае далоні-лапаты, — займаўся грэбляй на байдарках, кандыдат у майстры спорту. Можа, і далей рос бы па спартыўнай лініі, але аднаго разу зайшоў у царкву, пачуў харавое песнапенне і ўжо не мог адарвацца. Вось так і прыйшоў да веры. Неўзабаве пераехаў у Жлобін. Тут служыў дыяканам у адной з цэркваў. А затым прызначылi іерэем царквы Іаана Воіна, якая яшчэ будавалася. Даводзілася пачынаць, як кажуць, з нуля: пакуль праект, потым з месцам вызначаліся, а затым узяліся за будоўлю. «Па сутнасці, — казаў айцец Міхаіл, — абапіраемся на гараджан, свой прыход. Цяжка, але аб гэтым казаць не даводзіцца: з Боскай дапамогай, падтрымкай людзей мы асілім будоўлю».

Зараз айцец Міхаіл збіраецца завочна паступаць у духоўную ўстанову. Клопатаў шмат, але, як лічыць, чым болей іх, тым лепей для духоўнага сталення. «Так што аб сваім выбары, — падкрэсліваў святар, — я не шкадую, хутчэй наадварот, ім задаволены. І хай Гасподзь асвятляе мой шлях, як і ўсіх, каму яго імя блізкае».

Ну як без Кадзікава!

— Прыязджайце, — пачуўся ў тэлефоннай трубцы знаёмы распеўны голас Зуфара Кадзікава, — я на месцы, буду вас чакаць!

І як было не наведацца да свайго даўняга знаёмага! Цікавы, самабытны чалавек. Уявіце сабе, пасля заканчэння Уфімскага ўніверсітэта палову былога Саюза аб’ездзіў, пакуль не «прызямліўся» (нездарма майстар спорту па парашутызму) у Чырвоным Беразе Жлобінскага раёна. «Усё выбіраў месца, — расказваў, — і вось знайшоў тое, што трэба. Душой тут прыкіпеў. У мяне свой дом, прысядзібны ўчастак, дзе высаджваю рэдкія расліны. Гэта маё даўняе захапленне».

І вось мы ля дома Кадзікава. Гаспадар выходзіць насустрач, усё той жа актыўны, рухавы, нягледзячы на тое, што размяняў восьмы дзясятак. «Не дае мне заседжвацца раслінная гаспадарка, — гаворыць. — Больш за дзве сотні найменняў раслін. Прычым ёсць рэдкія, якія прыжыліся на тутэйшай зямлі. Гэта мар’ін корань, бадан, элеўтэракок і іншыя. Цяпер актыўна лячу з іх дапамогай анкалагічныя захворванні. У мяне свой сайт у Інтэрнэце, часта выступаю з актуальнымі артыкуламі ў часопісах, мясцовай прэсе».

Зуфар Сабірзянавіч паказваў і расказваў, даваў падрабязныя характарыстыкі раслінам. Адчувалася: захоплены той справай, якой займаецца. Як траўніка, яго добра ведаюць на Жлобіншчыне, Бабруйшчыне і ў іншых раёнах. Тонкі, назіральны, умее рабіць высновы, абагульненні.

— Ну а як прыжыліся на беларускай зямлі?

— Чвэрць стагоддзя тут. Мая другая радзіма. Дачка выкладае ў мясцовым ліцэі, сын таксама ўладкаваны, у мяне трое ўнукаў, адзін з іх, між іншым, навучэнец Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Ёсць праўнукі. Можа, хтосьці з іх таксама возьмецца працягваць тое, што я пачаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter