Вочы мае вочы, ці Напісанне праз злучок складаных прыметнікаў.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У нашым жыцці сустракаюцца рэчы, якія не паддаюцца аднаслоўнаму апісанню. Свае пачуцці мы таксама не заўсёды можам выказаць простымі словамі. Нават нанізванне характарыстык не можа перадаць таго, што хочам выразіць. У такім выпадку звяртаемся да складаных прыметнікаў, у якіх аб’ядноўваем тое, што на першы погляд не падлягае аб’яднанню.
Складаныя прыметнікі часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ў мастацкай літаратуры, з іх утвараюцца эпітэты, надзвычай важныя для апісання таго ці іншага прадмета, пачуцця і інш. Асабліва багаты на такія апісанні назоўнік вочы. Нездарма мы называем іх люстэркам душы. У вачах адлюстроўваюцца асаблівасці характару, вопыт, інтэлектуальныя здольнасці чалавека, перадаюцца ўнутраныя перажыванні, адбіваюцца найтанчэйшыя адценні эмацыянальнага стану і мімалётных настрояў. Адсюль такі каларыт эпітэтаў у іх апісанні. У “Слоўніку эпітэтаў беларускай мовы” прафесара Н.Гаўрош (Мінск: Вышэйшая школа, 1998) знаходзім: 1) аксамітна-чорныя, блакітна-прамяністыя, васількова-блакітныя, вільготна-цёмныя, вішнёва-чорныя, жаўтавата-карыя, залаціста-зялёныя, светла-блакітныя, сінявата-шэрыя, чысцютка-сінія, шэра-сінія, ясна-сінія, млява-блакітныя; 2) безабаронна-сінія (аўт.), гасцінна-вясёлыя, даверліва-радасныя, дзікавата-цікаўныя, задуменна-пяшчотныя, закахана-раўнівыя (аўт.), зіхотка-радасныя (аўт.), радасна-пакутныя (аўт.), задзірыста-насмешлівыя, лісліва-мітуслівыя, наіўна-легкадумныя, насцярожана-недаверлівыя, пакутна-няўцямныя, палахліва-здзіўленыя, разгублена-дзікія, саркастычна-пагардлівыя, хітравата-пагардлівыя (аўт.), шэра-халодныя (паэт.).
Напісанне прыведзеных складаных слоў адносіцца да розных арфаграфічных выпадкаў. У першым гаворка вядзецца пра колер вачэй, у другім — больш багатым на семантычныя нюансы — пра выражэнне пачуцця, стану, характару чалавека. Якраз апошні і выклікае больш пытанняў. Напрыклад, “Глаша глядзіць на мяне, вочы вялікія, безабаронна-сінія...” (А.Адамовіч). З яго [афіцэравай] няскладнай постаці не зводзілі позіркаў багата сялянскіх вачэй, насцярожана-недаверлівых і ліслівых, спалоханых і хітравата-пагардлівых... (І.Чыгрынаў).
Правапіс складаных прыметнікаў залежыць як ад фармальных фактараў, так і ад семантычных, калі важным з’яўляецца, якое значэнне ўкладваецца ў словы.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” прыведзены асноўныя нормы, якія датычаць найбольш тыповых правапісных сітуацый ужывання прыметнікаў праз злучок. Яны адпавядаюць “Правілам” (1959), але ўдакладнены і дапоўнены новымі ілюстрацыямі. Напрыклад, у навуковых тэкстах сустракаем: “Менавіта Т-падобная структура малекулы можа праяўляцца ў зніжэнні даступнасці N-канца Fc-фрагмента...”. Такія напісанні таксама патрабавалі рэгламентацыі.
Новай рэдакцыяй вызначана, што пішуцца праз злучок складаныя прыметнікі:
утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца праз злучок: вакуум-насосны, генерал-губернатарскі, унтэр-афіцэрскі, ліберал-дэмакратычны, давыд-гарадоцкі, санкт-пецярбургскі і інш.;
часткі якіх абазначаюць разнародныя назвы адпаведнай прыкметы: прыродна-гаспадарчы, жыллёва-будаўнічы, аграрна-сыравінны, лячэбна-працэдурны, таварна-грашовы, электронна-вылічальны, навукова-тэхнічны, грамадска-палітычны, сусветна-гістарычны, народна-вызваленчы, сярэдне-верхні, прытарна-салодкі і інш.;
часткі якіх абазначаюць раўнапраўныя паняцці: рабоча-сялянскі, руска-беларускі;
часткі якіх абазначаюць асаблівасці ці адценні разнароднай якасці: кісла-салодкі, жоўта-зялёны, горка-салёны, гучна-пявучы і інш.;
часткі якіх абазначаюць напрамкі свету ў іх спалучэнні: паўночна-заходні;
якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў з пачатковай часткай Усходне-, Заходне-, Паўднёва-, Паўночна-, Цэнтральна- і інш.: Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Заходне-Сібірская раўніна, Цэнтральна-Азіяцкі рэгіён і інш.;
пачатковай часткай якіх з’яўляюцца лічба або літара любога алфавіта: 1000-гадовы, 5-павярховы, Т-падобны.
Увага! Праз злучок пішуцца словы тыпу альфа-падобны (альфа-подобная актыўнасць у жывёл). Да апошняга выпадку адносяцца і напісанні з “вісячым” злучком: альфа-, бэта-, гама-актыўны ці    -,    -,  -актыўны.
Ёсць напісанні, якія стаяць асабняком і патрабуюць запамінання. Да іх адносяцца наступныя: ваенна- (ваенна-медыцынскі, ваенна-хірур-гічны, ваенна-юрыдычны), масава- (масава-палітычны, масава-спартыўны, масава-ін-фармацыйны, але масава ад-
ключаныя паслугі), народна- (народна-дзяржаўны, народна-паэтычны, народна-рэвалюцыйны, але народнагаспадарчы); навукова- (навукова-даследчы, навукова-папулярны, навукова-тэхнічны), вучэбна- (вучэбна-дапаможны, вучэбна-метадычны, вучэбна-вытворчы).

Зваротная сувязь

Паважаны прафесар! Ці назіраюцца змены ў напісанні словазлучэння “беларуская мова” па-руску? Раней назва нашай краіны была БЕЛОРУССИЯ, адпаведна пісалі “белорусский язык”. Зараз — Беларусь. У расійскіх СМІ сустракаецца напісанне “беларуский язык”. Дык як жа правільна?
Тамара Віктараўна, Мінск
— Арфаграфічна карэктна пісаць па-руску: белорусский. Нацыянальны кампанент у афіцыйнай назве Рэспубліка Беларусь падкрэслівае суверэннасць нашай дзяржавы — былой рэспублікі СССР, але не мяняе рускую арфаграфічную норму.
Добры дзень! Як трэба пісаць словы тыпу глыбока паважаны, шаноўны, моцна дзеючы, шчэлачны і інш.

З удзячнасцю і павагай golas-09.
— Перад намі складаныя прыметнікі, сфера ўжывання якіх навуковая ці тэхнічная, або яны адносяцца да выразаў кніжнай мовы. Звычайна такія словы пішуцца разам: глыбока-: глыбокапаважаны, глыбокаразмешчаны; моцна-: моцнадзеючы, моцнашчолачны (звярніце ўвагу на правільнае напісанне слова шчолачны). Сюды ж адносім словы з часткамі высока- (высокавітамінны, высокааплачваемы), нізка- (нізкаперагнойны, нізкавагавы), дробна- (дробнамаштабны, дробназярністы); лёгка- (лёгкарастваральны, лёгкарухомы); цяжка- (цяжкадаступны, цяжкапаранены); вузка- (вузкаведамасны, вузкаспецыяльны); слаба- (слабакіслы, слабатарфяністы); густа- (густанаселены, густакронны). Трэба ведаць, што ў залежнасці ад значэння гэтыя словы могуць пісацца па-рознаму. Пры наяўнасці паясняльных слоў утвараецца словазлучэнне: густа населеныя бежанцамі раёны, мала даследаваныя навукай праблемы і інш.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter