Более 20000 единиц одежды: мы узнали, как на «Беларусьфильме» шьют костюмы для военных кинокартин

Вобразныя рэчы эпохі

«Я хачу падарыць вам пасляваеннае, дзесьці 1950-х гадоў, скураное паліто майго бацькі. Ён памёр 50 гадоў таму, мне ўжо 80... Спадзяюся, яно спатрэбіцца ў здымках фільмаў пра вайну...» — я трымаю ў руках ліст жыхаркі горада Гарадок Віцебскай вобласці Аляксандры Цімафееўны. Супрацоўнікі сховішчаў рэквізіту і касцюмаў удзячныя бабулі за гэту пасылку, прызначаную для кінастудыі «Беларусьфільм»: падарунак папоўніў іх шматтысячную калекцыю, здольную зрабіць кіно максімальна рэалістычным. Карэспандэнт «Р» пабывала ў святая святых — цэху падрыхтоўкі здымак, куды мастакі па касцюмах з’язджаюцца з усіх краін, каб падабраць лепшыя, праўдзівыя рэчы ваенных гадоў.

На кінастудыю звяртаюцца мастакі па касцюмах з Расіі, Польшчы, Прыбалтыкі, Германіі і нават Індыі, Кітая

Барацьба за форму

Такім чынам, мы ў  цэху падрыхтоўкі здымак. Сховішчы жаночага, мужчынскага, ваеннага адзення, абутку і галаўных убораў, рэквізіту, мэблі, пашывачны ўчастак і ўчастак піратэхнікі... Бясконцы рух: вунь у рамонт нясуць салдацкія боты 46-га памеру, запаўняюцца бланкі аб здачы касцюмаў для Дня Незалежнасці, для рэканструкцый, прысвечаных святу. А паміж сховішчамі туды-сюды ходзяць мастакі па касцюмах, якія адабралі пэўныя рэчы для кінастужак. Жартуюць, што тут жывуць. Яны хутка перабіраюць вопратку на стэлажах з ваеннай формай для фільма Дзмітрыя Астрахана «Лёс дыверсанта». Побач з імі мастакі па касцюмах з Польшчы адбіра­юць «мікс» салдацкай формы для карціны, дзеянне ў якой адбываецца паміж Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайной. Крыху далей касцюмер Юлія Малашкевіч размашыстым почыркам нагадвае на паперы іншым касцюмерам: «Не браць! Другі сезон к/ф «Сляды апосталаў» С. Талыбава». Тое, што яна адабрала, — савецкая і фашысцкая форма ўзору 1945 года.

— Важна перахапіць тое, што патрэбна нам. Ахвотнікаў шмат, — смяецца яна. — Мая задача — знайсці экзэмпляры, якія падыдуць акцёрам і будуць адпавядаць эпосе. На вока магу вызначыць сярод усіх гэтых велізарных радоў, што мне патрэбна па колеры, якасці, форме. Тое, што ёсць, — «навадзел». Аднак тое, што шыюць тут, — вельмі блізкае падабенства. Лепш нідзе не знойдзем.

Галіна Бугара, начальнік цэха падрыхтоўкі здымак «Беларусьфільма», адзначае, што працы вельмі шмат: занятыя сістэматызацыяй, аптымізацыяй сцэнічна-пастановачных сродкаў, ствараюць тут электронную базу, афармляюць дакументы для заказчыкаў касцюмаў, рэстаўруюць старыя касцюмы, а перад святамі 9 Мая і 3 ліпеня неабходна было дапамагчы з рэквізітам і касцюмамі ўсім рэгіёнам краіны, а таксама кінакарцінам пра Вялікую Айчынную вайну. А потым гэта ўсё трэба было прыняць назад, памыць, адпрасаваць, пачысціць у пральні і зноў выдаць іншым…

Кіно можа не адбыцца, калі касцюм, рэквізіт не будуць адпавядаць эпосе

Эскіз, меркі, выкрайка

Пашывачны цэх — месца, дзе гісторыя робіцца сёння. Сюды прыходзяць мастакі па касцюмах, калі галоўным героям трэба зрабіць форму з нуля. Эскіз, зняцце мерак, форма, а пасля краўцы самага высокага разраду — сёмага — садзяцца за пашыў. Калі гаворка ідзе пра касцюм для пастаноўкі ў тэатры, то за адну ролю адказваюць два акцёры, і гэта могуць быць зусім розныя па фізічных характарыстыках людзі, таму шыюцца два касцюмы. Зараз майстрыхі працуюць над уніформай 1907 года рускай імператарскай арміі — сярод швейных машын, сантыметраў, нітак і іголак ляжыць эскіз будучага касцюма. Толькі на пашыў аднаго мундзіра сыдзе 32 гадзіны працы! Каб усё было дакладна, выкарыстоўваюць кнігі гістарычных музеяў пра касцюмы розных перыядаў, войскаў, а таксама савецкія альбомы, дзе ёсць гістарычныя фатаграфіі. Вось, напрыклад, кніга Філіпа Рыа «Савецкі салдат Другой сусветнай вайны». Гартаем: сяржант, 32-я гвардзейская стралковая дывізія, 114-ы полк, Слонім, ліпень 1944 года — прыкладаецца фота касцюма. Старонкі далей — маёр медыцынскай службы з Прыбалтыкі, фота снежня 1944 года. Майстры ведаюць усе акалічнасці, напрыклад тое, што з 1943 года быў уведзены новы крой абмундзіравання для асабовага саставу Чырвонай Арміі. З’явіўся аднабортны парадны мундзір з каўняром-стойкай, а на ім — пятліцы колеру па родзе войскаў, у генералаў — шыццё. Для паўсядзённага нашэння для генералаў і афіцэраў быў кіцель ахоўнага колеру, а летам — суконная гімнасцёрка. Усё гэта з каўняром-стойкай. А радавому і сяржанцкаму саставу ўстаноўлена для паўсядзённага нашэння баваўняная гімнасцёрка без кішэняў...

Тут не крама, не ваенгандаль. Размерных радоў няма. Шылі гэтыя ўборы пад пэўных акцёраў, кінастужкі. Таму мастакі па касцюмах са сваімі меркамі з акцёраў тут працуюць у пошуках падыходзячага ансамбля доўгія гадзіны з сантыметрам

— Нанава прыдумляць нешта ў форме ваенных гадоў не можам: такі касцюм трэба ведаць дасканала, не адступаць пры яго стварэнні. Кожны сантыметр важны, — выкладае тонкасці майстэрства мастак-мадэльер кінастудыі Ніна Кудзіновіч. Ніна Гурло, мастак па касцюмах, дадае:

— Тканіну часам даводзіцца заказваць здалёку, каб была, напрыклад, стапрацэнтная сапраўдная бавоўна. Чым больш натуральныя тканіны, тым лепш, — Ніна Гурло трымае ў руках матэрыял для будучай робы зняволеных Асвенцыма — робяць яе для тэатра. Прынт тонкай сіне-блакітнай палоскі не адпавядае таму, што было. Яе задача выправіць гэта — таніраваннем павялічыць шырыню палоскі.

Для масоўкі ў сховішчах «Беларусьфільма» касцюмаў хапае. Галоўных герояў кінастужак прыбраць — задача з зорачкай. Нават калі з іншага фільма акцёру падыдзе ваенны ўбор, вялікая верагоднасць, што касцюм выйшаў з ужытку для вядучай ролі. Часам хапае 2—3 здымачных дзён у «баявых» умовах, і тое, што карпатліва стваралася, можа сапсавацца. Аднак такі касцюм не ідзе ва ўтыль. Яшчэ спатрэбіцца. Раптам у кіно трэба будзе салдата адправіць у балота, дзе ён па сцэнарыі, напрыклад, загіне. Або ў пажар. Цікава, што часам мастакі-рэстаўратары самі «псуюць» рэчы. Скажам, форма героя павінна быць прастрэленая, увогуле сапсаваная — тады яны яе таніруюць і фактураць. Гузікі, ордэны і іншае мастакі па касцюмах заказваюць у вытворцаў геральдыкі.

Мастакі па касцюмах, калі знайшлі тое, што патрэбна для акцёраў, пакідаюць запіскі: «Не браць!».

Усё было прадумана

— Нягледзячы на вопыт, дзівімся таму, як раней шылі ваенную форму. Зусім іншыя строчкі, унутраная тарцоўка па постаці — ідэальная, шмат ручной працы. Пінжакі, кіцелі былі такія, што форму трымаюць нават на крывенькім, — нахвальвае старое адзенне закройшчыца. — Зараз шыць, вядома, прасцей: машынкі, аверлок, выкарыстоўваем падшывачную стужку, падкладачную тканіну дублерын... Усё гэта скарачае час на стварэнне касцюма. Але служыць ён столькі, як тыя, што шылі раней, не будзе. 

Галіна Бугара праводзіць экскурсію па неабсяжнай тэрыторыі. У сховішчы ваеннага адзення больш за 20 000 адзінак! Ёсць вопратка, якая тут з дня адкрыцця кінастудыі. Касцюмы Першай сусветнай вайны, форма імператарскай арміі з вензелямі, Вялікай Айчыннай вайны — усё ў тры ярусы, у вышыню кожны стэлаж 6 метраў! 



Разглядаць тут можна ўсё бясконца — на кожным складзе тысячы адзінак гістарычных касцюмаў розных эпох і часоў. Кашулі з мешкавіны і лёну, сукенкі, сарафаны, паліто, курткі, плашчы, халаты... Вунь касцюмы палонных Вялікай Айчыннай вайны — ім больш за 40 гадоў. Бачу ваенную форму, якая здаецца настолькі натуральнай — нават са слядамі крыві. Канешне, бутафорскай. Дарэчы, шмат паліц цяпер пустуе — разабралі для кіно. Некаторыя паліцы з адзеннем зарэзерваваныя: лета — гарачы сезон для здымак кіно пра Вялікую Айчынную вайну. Больш за ўсё карыстаецца папулярнасцю менавіта форма савецкага салдата. 

Ідзём далей. У сховішчы рэквізіту таксама можна дзіву дацца: і савецкія, і нямецкія рэчмяшкі, кабуры, планшэты для дакументаў, чахлы для процівагазаў, драўляныя, але вельмі натуральна выглядаюць, гранаты, міны, сапёрныя лапаткі, насілкі... Нешта з гэтага сапраўды памятае ваеннае ліхалецце, штосьці стваралася не так даўно.



— Нядаўна мы зрабілі сваю электронную базу, дзе ёсць звесткі аб кожнай рэчы, што мы маем: колькі, на якім складзе, на якой паліцы і гэтак далей. На нашым сайце можна паглядзець узоры з кожнага аддзела, — кажа Галіна Бугара і дадае: — Мы заўсёды рады, калі да нас прыходзяць лісты і фота з тым, што людзі гатовыя падарыць кінастудыі: грамафоны, швейныя машынкі ваеннага перыяду… Вось нядаўна нам перадалі даваенны халадзільнік, які дакладна ўпрыгожыць, дапоўніць кінакарціны. Зараз нам патрэбныя складальнікі старой аптэкі — колбачкі, слоічкі, медыцынскія інструменты. Усё тое, што стала гісторыяй, але яшчэ мае твар. Нават калі жаночая сукенка ваеннага часу непрыгодная для здымак, нашы ўмеліцы сшыюць на яе манер для актрысы новую. Галоўнае, што будзе сапраўдны, гістарычны прыклад для будучых карцін.

kasel@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter