Віза — гэта штамп

Для замежных турыстаў у нас рыхтуюць адразу некалькі прыемных навін

Гасціннасць не ведае меж. Здаецца, гэтую прымаўку мы ўзяліся актыўна пацвярджаць справамі. Для замежных турыстаў у нас рыхтуюць адразу некалькі прыемных навін. Прычым яны на слыху не першы месяц, таму сталі, хутчэй, чаканымі падзеямі. І тычацца яны бязвізавага наведвання нашай краіны. Напрыклад, тэрмін уезду без штампаў праз аэрапорт у наступным годзе павялічаць да дзесяці дзён. Зрэшты, у МЗС і Мінiстэрстве спорту i турызму трохі асцярожнічаюць і аддаюць перавагу слову «плануецца». Хоць нават няпоўны год дзеяння Указа № 8 паказаў: рызыкі акупіліся з лішкам.

Фото chkalovair.ru

За дзесяць месяцаў да нас прыляцелі больш чым 73 тысячы іншаземцаў амаль з сямі дзясяткаў краін. Да канца года колькасць гасцей, як чакаецца, павялічыцца яшчэ працэнтаў на дзесяць. Нягледзячы на тое што бюджэт за гэты час недаатрымаў на выдачы віз прыкладна 12 млн долараў, пакінутыя ў нас грошы перакрылі гэтыя выдаткi. Так, экспарт турпаслуг у студзені — кастрычніку ўжо перасягнуў «заробак» усяго мінулага года. Згодна са статыстыкай, якая, дарэчы, улічвае далёка не ўсе выдаткi, прыезджыя пакінулі ў нашых гасцініцах, турфірмах, музеях 166,5 млн долараў. Далей, мяркуючы па ўсім, будзе яшчэ больш.

Бо ўжо на час Еўрагульняў замежным балельшчыкам дадуць пакалясіць па краіне месяц. Пазней столькі ж часу змогуць правесці ў нас і турысты, якiя ўехалi праз любыя іншыя пункты пропуску. Прынамсі, такое бачанне развіцця падзей у прадстаўнікоў шэрагу дзяржорганаў. Аддаленая перспектыва яшчэ больш прывабная — замежнікам могуць дазволіць тры месяцы ездзiць па краіне.

Улічваючы гэты факт, добра было б больш актыўна папрацаваць з патэнцыяльнымі гасцямі. Напрыклад, з аўстрыйцамі, якія зачасцілі да нас, стаўшы другімі пасля расiян прыезджымі замежнікамі. Яны нават пасунулі на пятае месца немцаў, абагнаўшы іх прыкладна ўтрая па колькасці прыбыццяў. А мы, між іншым, ні разу не зладзілі нават выставу, больш усё ў Берлін і Гановер зазіраем.

Турбізнес замёр у чаканні другой навіны: пагадненне аб узаемным прызнанні віз у Саюзнай дзяржаве абяцаюць падпісаць да канца года. Гэта павінна павялічыць паток турыстаў, якія ляцяць з усходу. Бо часцяком на шляху ў Мінск ім даводзіцца рабіць перасадку ў Маскве. Але нават нягледзячы на тое, што самалёты вылятаюць з міжнародных тэрміналаў Шарамецьева або Дамадзедава, такія рэйсы пад наша бязвізавае заканадаўства, на жаль, не трапляюць. Акрамя таго, у заложніках сітуацыі аказваюцца і грамадзяне, якія не супраць сумясціць падарожжа па Расіі і нашай краіне, але вымушаны рабіць выбар на карысць адной.

Зрэшты, градус занепакоенасці новаўвядзенне здыме і ва ўсходняй краіне-суседцы. У гэтым годзе адтуль не раз у наш бок ляцелі іголкі-сумненнi з-за ўвядзення ў нас «бязвiзы». З-за патэнцыяльнай, як палічылі ў Расіі, пагрозы бяспекі рэйсы ў Мiнск якраз і перавялі ў міжнародныя, узмацнілі памежны кантроль у аэрапортах і на дарогах у сумежных рэгіёнах.  

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што збольшага павышаная цікавасць да турыстаў, якія прылятаюць у Мінск па «бязвiзе», з боку суседзяў апраўдалася. Хай няшмат, але былі тыя, хто парушыў пяцідзённы рэжым знаходжання, з’ехаўшы ў Расiю. Там іх ужо чакалі — наш МУС ведае, хто і дзе затрымаўся, паспрабаваў пакiнуць або пакінуў краіну. Як аказалася, у большасці выпадкаў турысты папросту не былі ў курсе, што парушаюць закон. Думалі, што змогуць прадоўжыць падарожжа, праклаўшы свой маршрут на ўсход. Тым больш што ва ўсіх была дзеючая расійская віза. Праўда, няўважлівым на бліжэйшыя гады ўезд да нас забаронены. Трапілі яны і ў «чорны спіс» Саюзнай дзяржавы. У далейшым гэтыя замежнікі больш не змогуць скарыстацца «бязвiзай». Так што ўзаемнае прызнанне віз магло б спрасціць турыстам жыццё.

Тым больш што, паводле ацэнак экспертаў, легалізаваць прызнанне нацыянальных віз унутры Саюзнай дзяржавы ў бліжэйшы час цалкам рэальна. Але гэта толькі першы крок да агульнага назоўніка. Далей трэба рухацца да стварэння не толькі адзінай візы для абедзвюх краін, але і адзіных умоў яе атрымання і кошту. Загваздка ў тым, што ўсе гэтыя моманты рэгламентуюцца міжнароднымі дамовамі. А змяніць іх — справа не аднаго тыдня і нават месяца. Зрэшты, як той казаў, дарогу адолее той, хто iдзе. Асабліва, калі ясная мэта.

druk@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?