Тэатралы ўсяго свету збіраюцца адзначыць Міжнародны дзень тэатра

Виват, лицедеи!

І зноў на нашу вуліцу прыходзіць свята. І яно ніяк не “сыходзячая натура” ці які-небудзь “сэканд-хэнд”. Яно — сапраўдная, хвалюючая падзея, свята талентаў і іх прыхільнікаў. Гэта Міжнародны дзень тэатра, які адзначаецца 27 сакавіка.


Па традыцыі Беларускі саюз тэатральных дзеячаў раздасць лепшым з лепшых свае “кветкі” і “Паўлінкі”. У Магілёве бліскучым “Пансіонам Belvedere” Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек завершыцца ўжо трынаццаты Міжнародны тэатральны фестываль “M.@rt.кантакт”.

У нашым спецыяльным выпуску мы паспрабавалі пазбегнуць пафасу і красамоўства, якое так пасуе тэатральным дзеячам, і звярнуцца да рэальнага тэатральнага кантэксту Мінска і рэгіёнаў. Дзве прэм’еры, якія нельга прапусціць, — “Двор як сыходзячая натура” ў Маладзёжным тэатры і “Час сэканд хэнд” у Мінскім абласным драматычным. Мы параім, куды схадзіць з маленькім гледачом.

Акцёры Таццяна Папова і Генадзь Гатоўчыц распавядаюць сваю гісторыю кахання, у якой так цесна пераплецены жыццё і легендарная “Дзе-я?” Мікалая Трухана. Зміцер Астрахан зноў запрашае на прэм’еру ў тэатр імя М. Горкага — на гэты раз нас чакае “Чацвёртая планета”. Пісьменнік і мастак Уладзімір Сцяпан пяе заздраўную Віктару Манаеву (відаць, “сцеле саломку” да юбілею народнага артыста ў жніўні, каб той пра яго не забыўся і выпісаў запрашальнік у партэр).

Таксама сталіца замерла ў прадчуванні сапраўднага брадвейскага мюзікла “Недалёка ад нормы” ад таленавіта творчага тандэма Настассі Грыненка і Зміцера Якубовіча з “Тэрыторыі мюзікла”. Дзяўчатам цікава будзе пачытаць інтэрв’ю з узыходзячай зоркай тэатра і кіно Эрыкам Абрамовічам, які стаў сапраўдным сэкс-сімвалам пасля выхаду стужкі Аляксандры Бутар “У асабістую прастору ўваход забаронены”.

А пад заслону — “матэрыял-шок”: знакамітыя служыцелі Мельпамены, якіх не абмінула пачуццё гумару, узгадаюць свае галоўныя прафесійныя правалы. У якасці маральнай падтрымкі ім — малюнак ад вядомага мастака Алега Карповіча.

З надыходзячым святам, сябры!
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter