Карэспандэнт «СГ» пазнаёмілася з родзічамі кампазітара, якія жывуць у лоеўскай вёсцы

Вiця плакаў, але играў. I стаў Вiктарам Дробышам

НОВАЯ Баршчоўка ў Лоеўскім раёне — вёска, якіх у нас тысячы. Нават не аграгарадок. Цэнтр з усялякімі выгодамі сучаснага жыцця ў суседняй Малінаўцы, там жа і сельсавет. З-за таго, што большасць жыхароў Новай Баршчоўкі (іх 180 чалавек) — пенсіянеры, прычапілася да паселішча назва “неперспектыўная”. Школу закрылі, працаздольны люд у асноўным уладкаваны ў КСУП “Малінаўка-агра”. Толькі клуб ды магазін пакуль застаюцца месцам прыцягнення сялян. Дарэчы, да трох з із асабіста і падалася я на Лоеўшчыну.

Стрыечная сястра Віктара Дробыша Надзея РАБЯНОК

ПАМЯТАЕЦЕ, як 24 кастрычніка мінулага года Прэзідэнт на сольным мінскім канцэрце расійскага кампазітара Віктара Дробыша ўручыў яму ордэн Францыска Скарыны? Тады “СГ” вырашыла пашукаць, ці звязаны род Дробыша з нашай краінай. Тым больш творца расказваў, што сваё дзяцінства звязвае з адной беларускай вёскай, дзе было лепш, чым на ўсіх раскручаных курортах разам ўзятых. Лоеўскую вёсачку Новая Баршчоўка Віктар Дробыш называў “раем на зямлі”. Што насамрэч яднала папулярнага расійскага кампазітара з каларытнай беларускай глыбінкай?

На гэтае пытанне ў кастрычніку нам адказвала пенсіянерка Любоў Кірушкіна. На наша журналісцкае шчасце, Любоў Рыгораўна паведаміла нам асноўныя факты. Аказалася, яна — школьная настаўніца братоў Дробышаў, у тым ліку і бацькі вядомага кампазітара Якава Якаўлевіча. У Новую Баршчоўку падлеткам Віктар Дробыш наведваўся разам з татам штогод, бо ў той час сям’я Якава даўно пераехала ў Санкт-Пецярбург. Падтрымлівае сувязь са сваёй малой радзімай Якаў Якаўлевіч і цяпер. Разам з сястрой Таццянай апошні раз прыязджалі на Радаўніцу ў пазамінулым годзе, каб прыбраць бацькоўскія магілкі. Летась гасцявалі ў сярэдняга з трох братоў Дробышаў — Уладзіміра. Ён з сям’ёй жыў у Данецку, а калі там пачаліся ваенныя дзеянні, дзеці перавезлі бацькоў ва ўкраінскую сталіцу. Старэйшы з братоў Пётр, які застаўся ў вёсцы, ужо памёр. Але жывыя яго дзеці — чатыры стрыечныя браты і зводная стрыечная сястра Віктара Дробыша. З іх у Новай Баршчоўцы жывуць Аляксандр, Васіль Дробушы і Надзея Рабянок. Усе — звычайныя сельскія жыхары.

Васіль ДРОБУШ

Не, вы ўсё правільна прачыталі. Прозвішчы стрыечных братоў менавіта Дробуш. Чаму? У сельсавеце на гэта толькі паціснулі плячыма. І ўспомнілі свайго недарэчнага старэйшага калегу, які адмыслова “гукаў”. Ці памылкова пры змене пашпартоў, ці недачуў, аднак гэта ён запісаў стрыечных братоў Дробыша Дробушамі. 

Аднаго з іх дома не застала. Пакруцілася ля плота — цішыня. Суседзі сказалі, што паехаў Аляксандр Пятровіч у райцэнтр у ветлабараторыю, можа, за лекамі для сваёй гаспадаркі. Аформіўся як пчаляр і рыхтуецца да новага сезона. 10 гадоў працаваў механізатарам. А потым пайшоў у школу загадчыкам гаспадарчай часткі.

Другога стрыечнага брата Віктара Дробыша ўдалося знайсці. Васіль Пятровіч у той дзень рамантаваў сваё аўто. Не паверыце,  зірнула на яго твар, і войкнула: адзін у адзін як знакаміты Дробыш! Маё здзіўленне Васіля Пятровіча так засароміла, што сціплы механік шмыгнуў у ніз ямы, акурат пад машыну. 

— Чаго ж вы так збянтэжыліся? — запыталася я.

— Ведаеце, мне трэба ўсе справы завяршыць, а тут вы са сваім дыктафонам, — адрэзаў Васіль Пятровіч і, здаецца, пачаў нават злавацца: — Не замінайце, калі ласка, паненка, мне. Бачыце, усе рукі ў машынным масле. Трэці дзень тут начую, а вынік нулявы.

— А што здарылася з вашай каробкай перадач? — вырашыла далікатна падтрымаць размову. 

Мабыць, здзіўлены маімі ведамі аўтамабіля, Васіль Пятровіч выцягнуў шыю і ў другі раз паказаў твар з-пад кузава свайго старэнькага чырвонага “Фальксвагена-Пасата”. Расплыўся ў усмешцы і пачаў заўзята расказваць пра непаладку. Плаўна размова перайшла да астатніх братоў. Маўляў, Сяргей таксама, як і ён, фанат-механік, працуе слесарам па рамонце сельгастэхнікі ў Лоеве.

— Малодшы Мікалай — чалавек у нас вучоны. Настаўнікам у Новай Баршчоўцы працаваў, затым жонка перацягнула ў Гомель. У педагогіцы пакруціўся некалькі гадоў ды ў прадпрымальнікі падаўся. У горадзе ж жыццё даражэйшае, як ні круці, а трэба сям’ю карміць. Простыя людзі мы, не тое што сталічны стрыечны брат. Ці будзе ён з намі, такімі зямнымі, знацца? Не ведаю, малаверагодна. А ў бабулі Марыі сустракаліся ж улетку ўсе разам. І на танцы хадзілі, і шкоднічалі — суседскія яблыкі трусілі, кабанчыка сядлалі, што толькі пыл слупам…

Блямс — спрацаваў затвор фотакамеры. І наша даверлівая гутарка абарвалася.

— Што ж вы робіце? Не публічныя мы людзі, — забубнеў Васіль Пятровіч і зноў шаснуў пад машыну.

СУСТРАКАЮСЯ са зводнай сястрой Віктара Дробыша. Надзея Рабянок працуе ў магазіне ў Новай Баршчоўцы. Паўлаўна – жанчына вельмі каларытная. Мы гутарылі прама за прылаўкам, а аднавяскоўцы, карыстаючыся такой унікальнай магчымасцю, размову нашу слухалі развесіўшы вушы. Многія з іх нават і не ведалі, што Надзея звязана з расійскай зоркай і яго родзічамі.

— На радзіму я вярнулася з Пскоўскай вобласці ў 2007 годзе. Тады яшчэ стаяла хата, у якой жыла наша бабуля Марыя Паўлаўна. Яна памерла ў 1993 годзе, і пасля таго мы – 14 яе ўнукаў, у тым ліку і Віця з Піцера, — перасталі сустракацца ўсёй камандай. Тры гады таму трухлявы будынак, які яднаў нас, зруйнавалі з зямлёй. На тым месцы яшчэ засталася сведка нашага бестурботнага дзяцінства — стары каштан, які саджала наша цётка Таня, родная сястра Віктаравага бацькі Яшы. Але, упэўнена, тыя ўспаміны, якія мы шануем, заўсёды будуць грэць душы. І думаю, калі на знакамітага нашага Віктара накоціць настальгія, ён завітае ў нашу беларускую глыбінку. Просім ласкава. Прыязджай, Віктар, да нас на чарніцы!

— Чаму менавіта на іх?

— Ой, дык гэта ж быў яго самы любы пачастунак — свежыя чарніцы ці клубніцы. А яшчэ з цукрам! Нясоладка бабулі з намі прыходзілася. Нас жа толькі накарміць — гэта цэлая справа. Яна заўжды прачыналася рана, пачынала варыць бульбу і рабіць бліны. Гэта былі яе фірменныя стравы. Мы ўсе дапамагалі ёй. Разам і ў грыбы-ягады хадзілі, і кароў пасвілі. А Віця заўсёды нам жаліўся: хацеў быць хакеістам, а бацькі яго прымушалі іграць на раялі. Плакаў, але іграў. Дзякуй Богу, даіграўся — такіх вышынь дамогся, — ганарыцца Надзея Паўлаўна.

У гэтым годзе Віктар Дробыш адзначыць 50-гадовы юбілей. У Новай Баршчоўцы не губляюць надзеі, што знакамітасць можа завітаць на сваю малую гістарычную радзіму. А чаму б і не? Ва ўсялякім выпадку, на Лоеўшчыне зорку чакаюць. А што яшчэ, акрамя народнага прызнання, патрэбна заслужанаму артысту?

uskova@sb.by

Фота Алены IСКРЫНАЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter