Вiцебскiя сустрэчы

Днi цяпер кароткiя i туманныя. Але калi яны прасякнуты цяплом суразмоўцаў, добрымi парадамi, зацiкаўленымi гутаркамi i мiлагучнасцю паэтычных радкоў, здаецца, што сонца нарэшце прабiлася праз шэрую гушчыню i зазiрнула ў душу. Менавiта цёплымi былi нашы сустрэчы з чытачамi i сябрамi ў Вiцебску.

Перш-наперш мы накiравалiся ў СЗАТ “Адраджэнне” Вiцебскага раёна, каб падзякаваць Нiне Малiноўскай за яе пастаянную ўвагу i цiкавасць да “Народнай газеты”. Быў падрыхтаваны i прыз, якi ёй пашчасцiла выйграць у конкурсе падпiсчыкаў. На жывёлагадоўчым комплексе сабралiся даяркi, даглядчыкi, вартаўнiкi i спецыялiсты, каб парадавацца за Нiну Канстанцiнаўну, якая i пасля дасягнення пенсiённага ўзросту не пакiдае працы. Не страчваць бадзёрасць i аптымiзм жанчыне дапамагае i наша выданне, якое яна выпiсвае з першага дня выхаду.
— Поўнасцю чытаю “Сям’ю”, не прапускаю крымiнал, абавязкова — “Союзное вече”, я жыла ў Карачаева-Чаркесii, толькi ў 1988 годзе вярнулася ў Беларусь, таму цiкава, што адбываецца ў суседняй краiне, — расказала жанчына.
У Вiцебску мы адразу трапiлi ў трапяткiя абдымкi паэзii i прозы. У абласной бiблiятэцы на сустрэчу з супрацоўнiкамi i наведвальнiкамi “аптэкi для душы” прыйшлi не толькi мы, але i кiраўнiкi i прадстаўнiкi часопiсаў “Неман”, “Маладосць”, “Полымя”, “Всемирная литература” i газеты “Лiтаратура i мастацтва”. Аказалася, што чытачы “Народнай” упадабалi не толькi нашу новую рубрыку “Паэзii чароўная краса”, але i ўважлiва сочаць за творчасцю Раiсы Баравiковай i Алеся Бадака. Дарэчы, яго вершы, як i радкi старшынi Вiцебскага абласнога аддзялення Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Тамары Красновай-Гусачэнка, надзвычай аздобiлi “ваяж” па старонках “НГ” i часопiсаў. Сяброўства нашай газеты з абласной бiблiятэкай, як мы дамовiлiся з яе дырэктарам Аляксандрам Сёмкiным, будзе працягвацца.
Крыху больш празаiчнай, але не менш змястоўнай была гутарка на РУП “Витязь”. Нашы калегi з заводскай газеты адзначылi, што тут паўсюль працавiтыя, з рацыяналiзатарскай стрункай i шматлiкiмi талентамi людзi. I з газетамi сябруюць, як сцвярджалi грамадскiя распаўсюджвальнiкi друку, сустрэчу з якiмi дапамагла арганiзаваць iнжынер Алена Селiванава.
На нарадзе ў Вiцебскiм аблвыканкаме, якую вёў намеснiк старшынi аблвыканкама Пётр Южык, намеснiкi старшыняў рай- i гарвыканкамаў выказалi свой пункт гледжання на супрацоўнiцтва з рэспублiканскiмi i абласнымi сродкамi масавай iнфармацыi, прапановы i парады, выслухалi прадстаўнiкоў газет i часопiсаў, дырэктара Вiцебскага фiлiяла РУП “Белпошта” Мiкалая Смунёва. Як слушна зазначыў начальнiк упраўлення iдэалагiчнай работы аблвыканкама Мiхаiл Кузьмiч, трэба рабiць нашы выданнi больш цiкавымi. Менавiта ў такiм накiрунку пастаянна працуе “НГ”. I гэта бачаць нашы чытачы i аднадумцы, якiм мы з задавальненнем уручылi на нарадзе дыпломы нашага выдання.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter