Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Гаспадарка “Вішоў”

Вішоў: зярнятка, колас, хлеб... і лёс - праз пакаленні

Сучасная аўтамагістраль са сталіцы ў Магілёў абмінае буйныя населеныя пункты, у тым ліку і бялыніцкі Вішоў, праз які пралягаў былы шлях. Паходжанне назвы паселішча даследчыкі звязваюць з вялікім князем літоўскім Вітаўтам. Як сведчыць другое паданне, назва пайшла ад мноства вішнёвых садоў, якімі і зараз абсаджаны падворкі.


У Вялікім Княстве Літоўскім гэтыя землі адносіліся да Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. На пачатку ХVIII стагоддзя вішоўскія сядзібы адасобілі ад маёнтка Рафалава і перадалі ў заклад ордэну бенедыкцінцаў. Пазней валадарыў Вішовам, як і чатырма дзясяткамі навакольных паселішчаў, магнат Міхаіл Пац, які жыў у суседнім сяле Галаўчын.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Вішоў адышоў да Расійскай імперыі. Суседняя вёска Вялікі Нежкаў, што праз раку Вабіч, стала валасным цэнтрам. Праз гэтыя паселішчы пралёг шлях да губернскага Магілёва. У Вішове адкрыўся заезджы двор.

Неаднойчы мясцовыя жыхары цярпелі ад захопнікаў. Непадалёку ад ракі Друць адбыўся бой войска ра- сійскага імператара Пятра I са шматтысячнай арміяй шведскага караля Карла ХII. Гістарычныя крыніцы не захавалі звестак пра страты, нанесеныя сялянам.

У гэтым кутку Магілёўшчыны паспяхова праявіў сябе ў змаганні з французскімі войскамі вядомы партызанскі атрад слыннага рускага камандзіра Дзяніса Давыдава. Пасля вайны 1812 года ў Вішове аднавілася мірнае жыццё. У цэнтры паўстала мураваная Петрапаўлаўская царква.

На пачатку мінулага стагоддзя ў Вішове з’явілася тэлефонная сувязь. Арганізаваная ў першыя гады савецкай улады калектыўная гаспадарка рэфармавана ў сельгаскааператыў.

Вялікая Айчынная вайна пакінула крывавы след на шматпакутнай магілёўскай зямлі. Мемарыялам ушанавана памяць савецкіх воінаў і партызан, што загінулі ў бітвах з нямецка-фашысцкімі акупантамі.

Мінулым летам адкрылася Алея Славы адной з лепшых гаспадарак рэспублікі — СВК “Калгас “Радзіма”. Набіраюць моц яблынькі ў садзе Міру, пасаджаным побач у 2015 годзе.


ВОСЕНЬ старанна фарбуе ў стракаты колер шаты дрэў у садах і на вуліцах аграгарадка Вішоў, вандраваць па якім выпала вераснёўскім сонечным днём. Густа ўсыпаная грушамі таўшчэзная галіна старога дрэва распласталася на зямлі. Узгадалася, як у далёкім дзяцінстве такія жоўтабокія грушы-дзічкі збіралі, сушылі на саломе ў зыркай печы. Зімою парылі без цукру ў чыгунку ці гаршку і ласаваліся салодкім варам. Па смаку, а яшчэ больш па карысці для здароўя яго ні з якім напоем не параўнаць.

На агародах ля старога шляху, што перасякае Вішоў, капалі бульбу. Каржакаваты мужчына выварочваў міні-трактарам барозны. Мноства напоўненых даверху клубнямі белых мяхоў сведчыла пра добры ўраджай. За ваколіцай аграгарадка высокай сцяною ўзнялася кукуруза.

З кабіны легкавіка, на якім з галоўным эканамістам гаспадаркі Аленай Аўрамёнак ехалі праз поле на цэнтральны мехдвор, кукурузная плантацыя выглядае сапраўднымі джунглямі. З другога боку дарогі на пакацістым узгорку магутны трактар з плугамі пакідаў за сабою шырокую стужку ўзаранай зямлі. Пакуль ехалі, даведаўся, што Алена Яўгенаўна пасля заканчэння бухфака Белдзяржсельгасакадэміі працоўную дзейнасць пачала ў бухгалтэрыі СВК “Калгас “Радзіма”. З мужам і двума дзецьмі жылі ў гарадскім інтэрнаце, і штораніцы з Магілёва дабіралася ў Вішоў на працу. Два гады таму маладая сям’я атрымала новы катэдж у аграгарадку. Адразу адчулася зручнасць: школа і дзіцячы садзік побач і на працу блізка.

Галоўны эканаміст СВК “Калгас “Радзіма” Алена АЎРАМЁНАК.

АЛЕНА Яўгенаўна ўзначаліла эканамічную службу сельгаспрадпрыемства пасля далучэння некалькіх суседніх гаспадарак. Агульная плошча сельгасугоддзяў павялічылася амаль да дзесяці тысяч гектараў, з якіх на сямі тысячах вырошчваюцца збожжавыя. Галоўны эканаміст узгадала, як на пачатку лета хваляваліся за стан пасеваў. Зямля прагла дажджу. Прысушыла пасевы, і не атрымалася выйсці на запланаваную ўраджайнасць. Толькі дзякуючы адпрацаванай тэхналогіі сабралі па 43 цэнтнеры збожжа на круг.

Збожжаўборачныя камбайны пачышчаны і пастаўлены на зімовае захоўванне. Заехалі на машынны двор. Шмат рознай тэхнікі. Намеснік старшыні СВК “Калгас “Радзіма” Барыс Сафонаў патлумачыў, што большасць машын даўно спісана, але ў гаспадарцы не спяшаюцца яе здаваць на металалом. Барыс Леанідавіч кінуў позірк на выраўненыя ў радок магутныя трактары, якія пасля адпрацаванага тэрміну цудоўна захаваліся і яшчэ выкарыстоўваюцца на трамбоўцы зялёнай масы ў траншэях, іншых работах.

Намеснік старшыні СВК “Калгас “Радзіма” Барыс САФОНАЎ.

На мехдвары па-сучаснаму абсталявана бензазапраўка. Кожную раніцу Соф’я Гарбачова напаўняе палівам бакі звыш 70 машын і трактараў. Дванаццаць гадоў таму, як дзеці абуладзіліся ў Магілёве, Гарбачовы пераехалі з кіраўскай вёскі Гарадзец у Вішоў. Муж Якаў Дзмітрыевіч працуе слесарам на жывёлагадоўчай ферме, а Соф’я Апанасаўна загадвае нафтагаспадаркай. СВК выдзеліла ім новы дом.

Прасторны катэдж у сям’і механізатара Міхаіла Куляшова, з якім сустрэліся на мехдвары. На “Джон Дзіры” ён прыехаў з поля выправіць нязначную паломку. Як шчыра прызнаўся Міхаіл Васільевіч, нялёгка было засвойваць кіраванне імпартнай машынай. У Бялыніцкім прафтэхвучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі стажыраваліся на звычайных трактарах айчыннай вытворчасці. Пачынаў працу механізатара на МТЗ-50, а потым перасеў на МТЗ-80. Дванаццаты сезон за рулём энерганасычанага трактара, нашпігаванага электронікай, камп’ютарам. Але, як кажуць, не богі гаршкі абпальваюць. Цяпер Міхаіл Васільевіч на слых вызначае малейшую паломку.

Трактарыст Міхаіл КУЛЯШОЎ.

На сяўбе азімых ён у перадавіках. Штодзённа засявае па паўсотні гектараў збожжавых. Упарта спаборнічае на асеннім полі з Ігарам Шалуховым, які працуе на трактары “Атлес-946” у агрэгаце з сеялкай “Рабе”.

Заробкі ў механізатараў у сезон даходзяць да 1500 рублёў у месяц. У жніво на МТЗ-1221 з прычэпам Міхаіл Куляшоў перавозіў збажыну. Больш за тысячу тон зерня даставіў ад камбайнаў на збожжаток. Гэта было яго трыццатае жніво. Сябры дзяцінства пасля заканчэння школы кінуліся ў гарады. А ён застаўся дома, ажаніўся. Ладны катэдж атрымаў. Мінулым летам нарадзілася першая ўнучка, Вуллянкай назвалі. Жонка Вольга Віктараўна працуе даяркай на малочна-таварнай ферме. Летась ад кожнай каровы атрымала па 7800 кілаграмаў малака, а сёлета намерана ўзяць васьмітысячны рубеж. Высокія вытворчыя паказчыкі — і заробкі адпаведныя.

Галоўны эканаміст Алена Аўрамёнак адзначыла, што некаторыя перадавікі ў сезон сельгасработ атрымліваюць да 2000 рублёў у месяц, а сярэднямесячны заробак па гаспадарцы перавышае 1000 рублёў.

Найбольшы прыбытак дае прадукцыя жывёлагадоўлі — малако і ялавічына. На васьмі жывёлагадоўчых фермах звыш 9,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, чацвёртая частка якіх — дойныя каровы.

Лепшыя жывёлаводы, механізатары, а таксама заслужаныя працаўнікі гаспадарак, аб’яднаных у СВК “Калгас “Радзіма”, ушанаваны на Алеі Славы, якую ўрачыста адкрылі мінулым летам. Побач у садзе Міру падрастаюць маладыя яблынькі, пасаджаныя вясною 2015-га ў гонар 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Шматдзетная маці Алена КАЛАКУСТАВА з дачушкай.

IДЭЮ закладкі мемарыяльнага саду і стварэння Алеі Славы даўно выношваў старшыня Аляксандр Лапацентаў. Трыццаць сем гадоў ён узначальвае сельгаспрадпрыемства, якое паспяхова развіваецца. На жаль, сустрэцца з Аляксандрам Міхайлавічам не выпала. Ён папраўляў здароў’е у абласной бальніцы. Па тэлефоне мы шмат гаварылі з легендарным старшынёй, пра якога чытаў, чуў.

Вырас Аляксандр Лапацентаў у шматдзетнай сялянскай сям’і ў бялыніцкай вёсцы Вялікая Машчаніца. З дзяцінства прызвычаіўся да сялянскай працы. З братамі і сёстрамі дапамагаў бацькам упраўляцца на калгаснай ферме, і дома спраў хапала. Ён адзіны з дзевяці дзяцей сям’і Лапацентавых вырашыў звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Браты і сёстры знайшлі сабе іншы занятак. Дыплом заатэхніка Аляксандр Міхайлавіч атрымаў у Віцебскім ветэрынарным інстытуце, адслужыў у арміі, працаваў галоўным заатэхнікам у барысаўскай гаспадарцы “Новае жыццё”, якую ўзначальваў вопытны старшыня Аляксандр Вайцяховіч. Прыкмеціў кіраўнік маладога спецыяліста, пачаў рыхтаваць яго сабе на замену. Так, мо, і сталася б. Аляксандр Лапацентаў сям’ю займеў, атабарыўся ў вёсачцы Чэрнеўка…

Непрыемная вестка пра цяжкую хваробу брата Міхаіла змяніла ўсе планы. Паімчаў адведаць хворага. Доўга браты гаварылі, а перад раз вітаннем Міхаіл, адчуваючы свой цяжкі стан, наказаў Аляксандру, каб бацькам дапамагаў, а пасля іх дом збярог для нашчадкаў. Так і адбылося. Жонка Валянціна Сцяпанаўна падтрымала ідэю мужа вярнуцца ў Бялыніцкі раён, дзе Аляксандру Міхайлавічу прапанавалі ўзначаліць вішоўскую гаспадарку. Ды і бацькоўская хата не апусцела ў Вялікай Машчаніцы. Гаспадыняй яе стала пляменніца Ала Іванаўна.

Сотня новых дамоў за гады старшынёўства Аляксандра Міхайлавіча збудавана ў населеных пунктах СВК “Калгас “Радзіма”. Цэнтральную сядзібу гаспадаркі — аграгарадок Вішоў упрыгожыла мураваная царква Роўнаапостальных Пятра і Паўла. Вокнамі яна глядзіцца на Алею Славы і сад Міру. Новую вуліцу, забудаваную тыпавымі катэджамі, назвалі Петрапаўлаўскай. Жывуць тут сем’і працаўнікоў гаспадаркі, настаўнікаў, работнікаў культуры.

Айцец Павел ГАНЧАРУК.

АТРЫМАЛА новы катэдж і шматдзетная сям’я святара Паўла Ганчарука, з якім мы сустрэліся ля храма. Пазалотай ззялі ў блакіце неба царкоўныя купалы. На шматлікіх клумбах вакол святыні палыхалі рознымі колерамі асеннія кветкі. Ад бацюшкі пачуў, што ў добраўпарадкаванні святыні шмат старання прыклала матушка Кацярына, якая нядаўна навечна спачыла. Займелі свае сем’і і раз’ехаліся дзеці. Сыны Аляксандр, Іван, Ілля, Уладзімір, Міхаіл і два зяці — святары. Айцец Павел удзячны кіраўніку гаспадаркі Аляксандру Лапацентаву за дапамогу па ўзвядзенні храма. Дзесяць гадоў таму яго ўрачыста асвяцілі.

Па суседстве з царквою збудаваны арыгінальны летні амфітэатр, у якім ладзяцца канцэрты, святочныя ўрачыстасці. Ві шоўскім фэстам стала свята Пятра і Паўла. З раніцы праходзіць набажэнства, а пасля — урачыстасць у амфітэатры. На яе збіраецца шмат гасцей, ушаноўваюцца лепшыя працаўнікі, гаспадары ўзорных падворкаў. Тры дзясяткі населеных пунктаў аб’яд- ноўвае сельсавет. Найбольшая колькасць жыхароў у аграгарадку Вішоў, вёсках Вялікі Нежкаў, Ермолавічы, Камяніца, Лямніца, Навасёлкі. На тэрыторыі сельсавета звыш зв тысячу лецішчаў. Актыўна раскупаюцца магіляўчанамі пакінутыя вясковыя сядзібы. Дабірацца зручна да гэтых прыгожых мясцін.

Дырэктар сярэдняй школы Кацярына ЗАЙЦАВА з навучэнцамі.

Побач — абласны цэнтр, але ў гаспадарцы няма праблем з кадрамі. Моладзь папаўняе працоўны калектыў. Конкурс на аператараў машыннага даення кароў, механізатараў. Дырэктар сярэдняй школы Кацярына Зайцава адзначыла, што з гэтага навучальнага года адноўлена засваенне старшакласнікамі рабочых прафесій. Створаны профільны аграрны клас. Юнакі на базе гаспадаркі авалодваюць прафесіяй сталяра, арганізавана падрыхтоўка выпускнікоў да паступлення ў Белдзяржсельгас- акадэмію. Больш за дзвесце вучняў у школе. Сёлета ўпершыню за апошнія гады амаль трыццаць хлопчыкаў і дзяўчынак прыйшлі ў першы клас. З фінансавай дапамогай гаспадаркі ў школе створаны краязнаўчы музей, якім кіруе Наталля Пікас. Прадметы побыту, гістарычныя дакументы, фотаздымкі вядомых землякоў прадстаўлены ў экспазіцыі.

Спецыяліст па музейнай дзейнасці Наталля ПІКАС з вучнямі Мікітай АЎРАМЁНКАМ і Настассяй РАЯЎНЁВАЙ у школьным краязнаўчым музеі.

Многія школьнікі, а таксама працаўнікі гаспадаркі ўдзель- нічаюць у гуртках мастацкай самадзейнасці ў Цэнтры культуры і адпачынку, якім загадвае Алена Хартава. Званне народнага прысвоена ансамблю народнай песні “Вабічанскія карункі”, якім кіруе Алена Калакустава. На сустрэчу Алена Уладзіміраўна прыйшла з маленькай дачушкай на руках. З мужам Юрыем Віктаравічам, які працуе інжынерам-электрыкам, яны выхоўваюць пяцёра дзяцей. Гаспадарка выдзеліла шматдзетнай сям’і карову і новы дом на Петрапаўлаўскай вуліцы. Сёлета самадзейны калектыў прадстаўляў рэспубліку на ХVIII фестывалі-кірмашы ў Курскай вобласці, а таксама на смаленскім фестывалі-конкурсе “Спявае сяло роднае”. Зараз артысты рыхтуюць праграму выступлення на беларуска-расійскім эканамічным форуме, што запланаваны праз месяц у Магілёве.

Культарганізатар Валянціна САЛЬВЯНКОВА і дырэктар Дома культуры і адпачынку Алена ХАРТАВА.

Славіцца і вішоўскі тэатральны калектыў, якім кіруе Валянціна Паўловіч. Цудоўна праявілі сцэнічныя здольнасці жывёлаводы Людміла Шут, Сяргей Ганчарук, Вольга Кавалёва, трактарыстка Ларыса Сарокіна, вадзіцель Станіслаў Новікаў, настаўнік Уладзімір Чужаўка, сацыяльны педагог Настасся Сідарэнка. Ім апладзіруюць гледачы за майстэрскае ўвасабленне ў ролі герояў вадэвіля “Прымакі” Янкі Купалы, спектакляў “Збянтэжаны Саўка” Леаніда Радзевіча, “Мікітаў лапаць” Міхася Чарота, “Вечар” Аляксея Дударава. Кожны год вішоўскі тэатр дорыць гледачам прэм’еру. Чарговая будзе прадстаўлена на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

НАСЫЧАНЫМ на поспехі і самыя розныя падзеі жыццём багаты аграгарадок Вішоў, дзе ўмеюць шчыра працаваць, прыгожа адпачываць, дзе, як адзначыў паэт Змітрок Марозаў у вершы, прысвечаным кіраўніку СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандру Лапацентаву, “…зярнятка, колас, хлеб… і лёс — праз пакаленні”.

Бялыніцкі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter